Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

РА́КУРС (ад франц. raccourci скарачэнне),

1) у выяўленчым мастацтве — скарачэнне памераў і формы рэальных і ўяўных прадметаў пры іх аддаленні ад вока паводле законаў лінейнай перспектывы. Паняцце «Р.» выкарыстоўваецца пераважна да аб’ектаў, якія цалкам ці па частках разглядаюцца ў нечаканых паваротах і пад «вострымі вугламі зроку» (зблізку, зверху ўніз, знізу ўверх і г.д.). У дэкар. размалёўках Р. часта выкарыстоўваецца для найб. эфектнай перадачы руху і прасторы.

2) У кіназдымцы — адлюстраванне аб’екта з розных пунктаў агляду нерухомай або рухомай кінакамерай. Прыём аператарскага мастацтва, што выкарыстоўваецца для будовы выяўл. мантажнай кампазіцыі фільма. Дае магчымасць усебакова паказаць дзеянне, падзею, з’яву, міміку, жэсты ці рухі чалавека, ствараць мантажныя метафары, уражанне сумяшчэння пункта здымкі аператара з пунктам агляду персанажа і інш. 3) Пункт погляду на што-н., аспект.

т. 13, с. 285

РАКУТУ́Н, Рэкут, Рокут,

ручай у Рагачоўскім р-не Гомельскай вобл., левы прыток р. Дняпро. Даўж. 20 км. Вадазбор раўнінны (пл. 112 км²). Пачынаецца за 2 км на У ад в. Ямнае, вусце за 1 км на З ад в. Свержань. Рэчышча на працягу 14 км (200 м ніжэй аўтадарогі Ямнае — Карма да аўтадарогі Рагачоў — Доўск) каналізаванае.

т. 13, с. 285

РА́КУЦЬ (Віталь Сцяпанавіч) (н. 1.10.1928, в. Падлессе Ляхавіцкага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. вучоны ў галіне акушэрства і гінекалогіі. Д-р мед. н., праф. (1977). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1953). З 1961 у Гродзенскім мед. ін-це (з 1967 заг. кафедры). Навук. працы па асаблівасцях працякання цяжарнасці і родаў пры артэрыяльнай гіпатаніі, позніх гестозах, перыяду пасля кесарава сячэння, па ўскладненнях цяжарнасці і гінекалагічных захворваннях у работніц хім. прадпрыемстваў.

Тв.:

Физиология беременности и диспансерное наблюдение беременных женщин (разам з Т.​Ю.​Ягоравай, А.​А.​Высоцкім) // Дуда И.В., Дуда В.И. Клиническое акушерство. Мн., 1997;

Артериальная гипотония у беременных и рожениц. Мн., 1981.

т. 13, с. 285

РА́КУШАЎ (Леанід Нічыпаравіч) (2.4.1916, в. Ракушава Круглянскага р-на Магілёўскай вобл. — 1944),

адзін з арганізатараў і кіраўнікоў патрыятычнага падполля на Магілёўшчыне ў Вял. Айч. вайну. Скончыў Краснадарскае артыл.мінамётнае вучылішча (1937). P 1934 у Чырв. Арміі. Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну ўдзельнік абароны Магілёва, паранены трапіў у палон, уцёк, на радзіме ў кастр. 1941 стварыў падп. групу. P студз. 1942 адзін з кіраўнікоў Круглянскага патрыятычнага падполля. 26.12.1943 арыштаваны гітлераўцамі і пасля катаванняў пакараны смерцю.

Л.​В.​Аржаева.

т. 13, с. 285

РАКУ́ШАЧНІК, ракушняк,

разнавіднасць вапняку, складзенага пераважна з ракавін марскіх жывёл і іх абломкаў. Утвараецца ў літаральнай і сублітаральнай зонах мораў і акіянаў. Паводле саставу падзяляецца на брахіяподавы, гастраподавы, нумулітавы і інш. Характарызуецца макрапорыстасцю (21—60%); аб’ёмная маса 1,1—2,24 г/см³; цеплаправоднасць 0,29—0,99 Вт/(мК); мяжа трываласці пры сцісканні 0,4—28 мН/м². Лёгка апрацоўваецца (распілоўваецца, абчэсваецца). Выкарыстоўваецца ў буд-ве (сценавы і дэкаратыўны матэрыял, пясок, друз, запаўняльнік для лёгкіх бетонаў), у вытв-сці вапны, цэменту, вапнавай мукі.

т. 13, с. 285

РА́КУШКАВЫЯ.

астракоды (Ostracoda), падклас беспазваночных жывёл кл. ракападобных тыпу членістаногіх. Вядомы з ніжняга кембрыю (каля 560 млн. г. назад). Каля 2 тыс. сучасных і больш за 12 тыс. выкапнёвых відаў. Пашыраны ўсюды. Жывуць на дне марскіх і прэсных вадаёмаў, у прыледавіковых азёрах, гарачых крыніцах, 7 відаў — у глебе трапічных лясоў. Большасць Р. — біял. меліяратары. На Беларусі больш за 40 відаў. Найб. трапляюцца гетэрацыпрыс павольны (Heterocypris reptans), цыклацыпрысы — яйцападобны (Cyclocypris ovum) і роўны (C. laevis), цыпрыс чванлівы (Cypris superba), цыпрыя выразная (Cypria exsculpta).

Даўж. да 30 мм (прэснаводных да 7,3 мм). Цела несегментаванае, укрыта хіцінавай двухстворкавай ракавінай (адсюль назва). якая зверху насычана вапнай. Крывяноснай сістэмы і жабраў няма, дыхаюць праз покрыва цела. Кормяцца водарасцямі, дэтрытам, жывёльнымі рэшткамі, ёсць драпежнікі. Раздзельнаполыя, некат. відам уласцівы партэнагенез. Развіццё з ператварэннем, 5—8 лічынкавых стадый. Дарослыя не ліняюць. Корм для некат. відаў прамысловых рыб. Выкарыстоўваюцца пры вызначэнні ўзросту геал. адкладаў.

Ю.​Р.​Гігіняк.

т. 13, с. 285

РАКШАПАДО́БНЫЯ (Coraciiformes),

атрад птушак. 10 сям., 49 родаў, 194 віды (існуюць інш. класіфікацыі). Пашыраны пераважна ў тропіках і субтропіках, ва ўмераных шыротах пералётныя. Жывуць у разрэджаных лясах, некат. — у саваннах, стэпах, пустынях. Актыўныя днём. Гняздуюцца ў дуплах, расколінах скал, норах; некат. віды ўтвараюць калоніі. На Беларусі трапляюцца зімародак звычайны (занесены ў Чырв. кнігу), сіваграк, удод, шчурка залацістая.

Даўж. да 165 см, маса да 4 кг. Апярэнне шчыльнае, яркаафарбаванае, з метал. адлівам. Дзюбы разнастайныя, пераважна доўгія. Кормяцца насякомымі і іх лічынкамі, зімародак — рыбай. Манагамы. Птушанятныя птушкі. Адкладваюць да 10 (звычайна 2—6) яец.

А.​М.​Петрыкаў.

Ракшападобныя: 1 — шчурка залацістая; 2 — шыракарот усходні; 3 — воран паўночны рагаты; 4 — насарог вялікі індыйскі.

т. 13, с. 286

РА́КШАСЫ (стараж.-інд. «тыя, хто ахоўвае» або «тыя, ад каго хаваюцца»),

у старажытнаіндыйскай міфалогіі адзін з гал. класаў дэманаў. У адрозненне ад дэманаў асураў — сапернікаў багоў — Р. выступаюць пераважна ворагамі людзей. У эпасах «Рамаяна» і «Махабхарата» Р. і іх цара Равану перамагаюць богападобныя героі Рама і Лакшмана.

т. 13, с. 286

РАКШЫНО́,

вёска ў Мсціслаўскім р-не Магілёўскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 35 км на З ад г. Мсціслаў, 63 ад Магілёва, 6 км ад чыг. ст. Цёмны Лес. 191 ж., 74 двары (2001). Сярэдняя школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў.

т. 13, с. 286

РАК-МІХАЙЛО́ЎСКІ (Сымон Аляксандравіч) (14.4.1885, в. Максімаўка Маладзечанскага р-на Мінскай вобл. — 27.11.1938),

бел. паліт. і грамадскі дзеяч, публіцыст, педагог. Скончыў пед. ін-т у Феадосіі (1912). У рэвалюцыю 1905—07 прапагандаваў ідэі сац. і нац. вызвалення, быў выбраны сялянамі хадаком у Дзярж. думу. У 1906 за распаўсюджанне с.-д. л-ры арыштаваны на 3 месяцы і зняволены ў Вілейцы. З-за праследаванняў улад вымушаны быў пераехаць у Крым. З 1914 на вайск. службе. У 1917 уваходзіў у Беларускую сацыялістычную грамаду, чл. яе ЦК, нам. старшыні Цэнтральнай беларускай вайсковай рады, сакратар бел. школьнай падкамісіі пры Мінскай гар. думе. Удзельнік Усебеларускага з’езда 1917. У 1918 старшыня Бел. вучыцельскага хаўрусу (саюза), чл. Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, адзін з лідэраў Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі. У 1919 выкладчык Першых бел. пед. курсаў у Мінску. У час польск. акупацыі старшыня Беларускай школьнай рады Міншчыны, пазней Цэнтральнай беларускай школьнай рады, чл. Часовага бел. нац. к-та і Беларускай вайсковай камісіі. У 1920—22 заснавальнік і дырэктар Барунскай настаўніцкай семінарыі, адзін з арганізатараў Таварыства беларускай школы, выкладчык Гродзенскай і Віленскай бел. гімназій. З 1922 дэпутат сейма Польшчы, заснавальнік Беларускай партыі незалежных сацыялістаў. У 1925 адзін з ініцыятараў стварэння і нам. старшыні Беларускай сялянска-работніцкай грамады, адначасова з 1926 чл. КПЗБ. У шматлікіх артыкулах, якія друкаваліся ў газ. «Наша ніва», «Беларусь», «Звон», час. «Родны край» і інш. зах.-бел. выданнях, выступаў у абарону бел. школ, за сац. справядлівасць, супраць рабавання польск. ўладамі прыродных багаццяў Зах. Беларусі. У 1927 арыштаваны і зняволены польск. ўладамі. з 1930 у БССР, дырэктар Бел. дзярж. сац.-гіст. музея ў Мінску. Чл. ЦВК БССР з 1931. У 1933 арыштаваны органамі АДПУ і асуджаны на 10 гадоў па справе «Беларускі нацыянальны цэнтр». У ліст. 1938 Асобай тройкай НКУС БССР прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Расстраляны ў Мінску. Рэабілітаваны ў 1956.

Літ.:

Бергман А. Сымон Рак-Міхайлоўскі: (Кароткі біягр. нарыс) // Беларускі каляндар. 1980. Беласток, 1980;

Адамушка У. Сацыял-дэмакрат Сымон Рак-Міхайлоўскі // Сыны і пасынкі Беларусі. Мн., 1996.

У.​В.​Ляхоўскі.

С.А.Рак-Міхайлоўскі.

т. 13, с. 284