РАК-МІХАЙЛО́ЎСКІ (Сымон Аляксандравіч) (14.4.1885, в. Максімаўка Маладзечанскага р-на Мінскай вобл. — 27.11.1938),

бел. паліт. і грамадскі дзеяч, публіцыст, педагог. Скончыў пед. ін-т у Феадосіі (1912). У рэвалюцыю 1905—07 прапагандаваў ідэі сац. і нац. вызвалення, быў выбраны сялянамі хадаком у Дзярж. думу. У 1906 за распаўсюджанне с.-д. л-ры арыштаваны на 3 месяцы і зняволены ў Вілейцы. З-за праследаванняў улад вымушаны быў пераехаць у Крым. З 1914 на вайск. службе. У 1917 уваходзіў у Беларускую сацыялістычную грамаду, чл. яе ЦК, нам. старшыні Цэнтральнай беларускай вайсковай рады, сакратар бел. школьнай падкамісіі пры Мінскай гар. думе. Удзельнік Усебеларускага з’езда 1917. У 1918 старшыня Бел. вучыцельскага хаўрусу (саюза), чл. Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, адзін з лідэраў Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі. У 1919 выкладчык Першых бел. пед. курсаў у Мінску. У час польск. акупацыі старшыня Беларускай школьнай рады Міншчыны, пазней Цэнтральнай беларускай школьнай рады, чл. Часовага бел. нац. к-та і Беларускай вайсковай камісіі. У 1920—22 заснавальнік і дырэктар Барунскай настаўніцкай семінарыі, адзін з арганізатараў Таварыства беларускай школы, выкладчык Гродзенскай і Віленскай бел. гімназій. З 1922 дэпутат сейма Польшчы, заснавальнік Беларускай партыі незалежных сацыялістаў. У 1925 адзін з ініцыятараў стварэння і нам. старшыні Беларускай сялянска-работніцкай грамады, адначасова з 1926 чл. КПЗБ. У шматлікіх артыкулах, якія друкаваліся ў газ. «Наша ніва», «Беларусь», «Звон», час. «Родны край» і інш. зах.-бел. выданнях, выступаў у абарону бел. школ, за сац. справядлівасць, супраць рабавання польск. ўладамі прыродных багаццяў Зах. Беларусі. У 1927 арыштаваны і зняволены польск. ўладамі. з 1930 у БССР, дырэктар Бел. дзярж. сац.-гіст. музея ў Мінску. Чл. ЦВК БССР з 1931. У 1933 арыштаваны органамі АДПУ і асуджаны на 10 гадоў па справе «Беларускі нацыянальны цэнтр». У ліст. 1938 Асобай тройкай НКУС БССР прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Расстраляны ў Мінску. Рэабілітаваны ў 1956.

Літ.:

Бергман А. Сымон Рак-Міхайлоўскі: (Кароткі біягр. нарыс) // Беларускі каляндар. 1980. Беласток, 1980;

Адамушка У. Сацыял-дэмакрат Сымон Рак-Міхайлоўскі // Сыны і пасынкі Беларусі. Мн., 1996.

У.​В.​Ляхоўскі.

С.А.Рак-Міхайлоўскі.

т. 13, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)