Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

РАГО́ЎСКІ (Мікалай Міхайлавіч) (27.11.1898, г. Магілёў — 1937),

ваенны дзеяч, камдыў (1935). У 1917—18 вучыўся ў Кіеўскім політэхн. ін-це, скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1927). З 1918 у Чырв. Арміі, камандзір артыл. дывізіёна. З 1922 пам. нач. і нач. артылерыі 5-га стралк. корпуса. З 1927 у Гал. артыл. упраўленні, з 1932 інспектар, потым нач. артылерыі РСЧА. Чл. Ваен. савета Наркамата абароны СССР. У маі 1937 арыштаваны на падставе сфабрыкаваных звестак аб прыналежнасці да т.зв. «змовы Тухачэўскага», 10.9.1937 прыгавораны да расстрэлу. Рэабілітаваны ў 1956.

т. 13, с. 202

РАГО́ЎСКІ (Міхаіл Канстанцінавіч) (н. 15.6.1925, в. Няжараўка Любанскага р-на Мінскай вобл.),

поўны кавалер ордэна Славы. У Вял. Айч. вайну партызан, на фронце з 1944. Камандзір аддзялення мал. сяржант Р. вызначыўся ў 1945 у баях на тэр. Польшчы і Германіі. Да 1976 на гасп. рабоце ў Любанскім р-не.

т. 13, с. 202

РАГО́ЎСКІ (Яўген Аляксандравіч) (1855, г. Кобрын Брэсцкай вобл. — 1923),

расійскі астрафізік і фізік. Магістр фізікі (1903). Чл. рускіх фіз.-хім. і астранамічнага, Французскага фіз. і Харкаўскага матэм. т-ваў. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1882), дзе і працаваў у фіз. лабараторыі (у 1903—04 прыват-дацэнт); адначасова выкладаў фізіку і матэматыку ў гімназіях Пецярбурга, супрацоўнічаў у рэдакцыі час. «Журнал Русского физико-химического общества». З 1904 в.а. экстраардынарнага прафесара Харкаўскага ун-та. Аўтар навук. прац «Аб складзе атмасферы сонца і планет і іх тэмпературы» (ч. 1—2, 1882—84) і «Яшчэ пра тэмпературу і склад сонца і планет» (1899), за якія ў 1903 удастоены прэміі Рус. астр. т-ва і медаля імя Мікалая II, дысертацыі «Аб знешняй цеплаправоднасці сярэбраных дратоў у вадзе» (1903).

В.​А.​Гапоненка.

т. 13, с. 202

РАГУ́ЛЬКІ (Delphinium),

род кветкавых раслін сям. казяльцовых. Каля 250 відаў. Пашыраны ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я і ў гарах трапічнай Афрыкі. На Беларусі 1 від — Р. высокія (D. elatum), занесены ў Чырв. кнігу. Трапляецца ў рэдкалессі, сярод хмызнякоў, па лугах. У культуры вырошчваюць гібрыдныя формы, аб’яднаныя ў групу буйнакветных (D. grandiflorum).

Лісце чаргаванае, шматрассечанае. Кветкі няправільныя, буйныя, сінія, блакітныя, фіялетавыя, сабраныя ў гронку ці мяцёлчатае суквецце. Плод — лістоўка. Лек., інсектыцыдныя, дэкар. расліны.

В.​М.​Прохараў.

Рагулькі высокія.

т. 13, с. 202

РАГУ́ЛЬНІК,

род кветкавых раслін, тое, што вадзяны арэх.

т. 13, с. 202

РАГУ́ЛЯ (Аляксей Уладзіміравіч) (н. 25.3.1935, в. Сенна Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. літаратуразнавец. Канд. філал. н. (1975), праф. (1994). Скончыў БДУ (1957). Настаўнічаў, з 1970 працуе ў Бел. пед. ун-це. Даследуе праблемы філасофіі культуры, гісторыю і метадалогію культуры, творчасць бел. пісьменнікаў (В.​Быкава, Г.​Далідовіча, І.​Мележа, К.​Чорнага і інш.). Аўтар манаграфіі «Імгненні...» (1990), зб. літ.-крытычных артыкулаў «Пафас станаўлення» (1991), падручнікаў па л-ры, методыцы выкладання і культуралогіі.

т. 13, с. 202

РАГУ́ЛЯ (Васіль Цімафеевіч) (28.7.1879, в. Ачукевічы Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. — 16.6.1955),

бел. грамадска-паліт. дзеяч; у Вял. Айч. вайну супрацоўнічаў з ням. акупантамі. Скончыў Віленскі настаўніцкі ін-т (1900). З 1914 у арміі на Зах. фронце. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 увайшоў у Рас. дэмакр. партыю, па спісе якой балаціраваўся дэпутатам ва Устаноўчы сход па Мінскай губ. Стаяў на пазіцыях «адзінай і непадзельнай» Рас. дзяржавы з прадстаўленнем Беларусі абл. земскага самакіравання і «права на нацыянальна-культурнае развіццё». Удзельнік Усебеларускага з’езда 1917 у Мінску. У 1919—20 уваходзіў у Рас. аб’яднаную радыкальна-дэмакр. групу. З лета 1920 у Чырв. Арміі, адкуль у крас. 1921 дэзерціраваў у Зах. Беларусь. У 1922 абраны дэпутатам (паслом) польскага сейма, уваходзіў у Беларускі пасольскі клуб. Стаяў на антыбальшавіцкіх пазіцыях, адмаўляў ідэю «расійска-беларускай федэрацыі», перайшоў на пазіцыі незалежнасці Беларусі. Адзін з ініцыятараў стварэння і кіраўнікоў Беларускага сялянскага саюза, Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры. У 1928 абраны сенатарам польскага сейма, але неўзабаве арыштаваны і зняволены на 2 гады ў турму. З вер. 1939 настаўнічаў у сярэдняй школе ў роднай вёсцы. У чэрв. 1941 арыштаваны органамі НКУС, але з пачаткам Вял. Айч. вайны ўцёк з-пад арышту. У перыяд акупацыі быў прызначаны бургамістрам Дзятлаўскага р-на. З ліп. 1944 у Зах. Германіі, з 1950 у ЗША.

Тв.:

Успаміны. Мн., 1993.

У.​В.​Ляхоўскі, У.​М.​Міхнюк.

т. 13, с. 202

РАГУ́ЛЯ (Іван Лявонцьевіч) (27.9.1895, в. Ачукевічы Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. — 22.7.1944),

генерал-маёр (1943). Скончыў Вышэйшую аб’яднаную ваен. школу (1923), курсы «Выстрал» (1928) і ўдасканалення вышэйшага нач. саставу (1930). З кастр. 1917 у Чырв. гвардыі, потым у Чырв. Арміі. Удзельнік грамадз. вайны. У Вял. Айч. вайну на Зах., Паўд.-Зах., Паўн.-Зах., Бранскім, 1-м Бел. франтах: нач. штаба танк. брыгады, камандзір брыгады, дывізіі, корпуса. Удзельнік баёў пад Масквой, Курскай бітвы, вызвалення Украіны і Беларусі. Памёр ад ран. Яго імем названа вуліца ў г. Баранавічы.

т. 13, с. 203

РАГУНО́ВІЧ (Васіль Пятровіч) (н. 27.8.1934, в. Маркава Маладзечанскага р-на Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне гідратэхнікі. Д-р тэхн. н. (1993). Скончыў БПІ (1957) і БДУ (1965). З 1961 у Цэнтр. НДІ комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў (з 1971 заг. лабараторыі). Навук. працы па матэм. мадэліраванні руху вады і дамешкаў у сістэмах вадацёкаў, стварэнні аўтаматызаваных сродкаў вымярэння колькасных і якасных характарыстык вады, па распрацоўцы вымяральных інфарм. і кіруючых сістэм для басейнаў рэк, нафтапрадуктаправодаў і інш. з выкарыстаннем касм. тэхналогій. Абгрунтаваў адзнакі вышынь сістэм дамбаў для аховы ад затапленняў у басейне р. Прыпяць.

Тв.:

Автоматизация математического моделирования движения воды и примесей в системах водотоков. Л., 1989.

т. 13, с. 203

РАГУ́ЦКІ (Уладзімір Лаўрынавіч) (9.12.1917, в. Цёплае Чавускага р-на Магілёўскай вобл. — 1941),

бел. паэт. Скончыў Мінскі пед. ін-т (1939). Працаваў у газ. «Камунар Магілёўшчыны». Друкаваўся з 1934. У 1940 Дзярж. выд-ва Беларусі прыняло да друку зб. яго вершаў, рукапіс якога страчаны ў Вял. Айч. вайну. Загінуў на фронце.

Літ.:

Аўрамчык М. Паэт і чайка: Успаміны // Дзень паэзіі-71. Мн., 1971.

У.Л.Рагуцкі.

т. 13, с. 203