РАГО́ЎСКІ (Яўген Аляксандравіч) (1855, г. Кобрын Брэсцкай вобл. — 1923),
расійскі астрафізік і фізік. Магістр фізікі (1903). Чл. рускіх фіз.-хім. і астранамічнага, Французскага фіз. і Харкаўскага матэм. т-ваў. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1882), дзе і працаваў у фіз. лабараторыі (у 1903—04 прыват-дацэнт); адначасова выкладаў фізіку і матэматыку ў гімназіях Пецярбурга, супрацоўнічаў у рэдакцыі час. «Журнал Русского физико-химического общества». З 1904 в.а. экстраардынарнага прафесара Харкаўскага ун-та. Аўтар навук. прац «Аб складзе атмасферы сонца і планет і іх тэмпературы» (ч. 1—2, 1882—84) і «Яшчэ пра тэмпературу і склад сонца і планет» (1899), за якія ў 1903 удастоены прэміі Рус. астр. т-ва і медаля імя Мікалая II, дысертацыі «Аб знешняй цеплаправоднасці сярэбраных дратоў у вадзе» (1903).
В.А.Гапоненка.
т. 13, с. 202
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)