Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

МЯ́КАТНІЦА (Malaxis),

род кветкавых раслін сям. ятрышнікавых. Каля 300 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Амерыцы. На Беларусі 1 від — М. адналістая (M. monophyllos), трапляецца ў паўн. і цэнтр. раёнах. Занесена ў Чырв. кнігу. Расце на сфагнавых балотах, багністых берагах вадаёмаў і ў забалочаных лясах (ельнікі, бярэзнікі) М. адналістая — шматгадовая жаўтавата-зялёная травяністая расліна выш. 6—30 см. Сцябло тонкае, трохграннае, каля асновы клубнепадобна-патоўшчанае, пераходзіць у падземны клубень. Ліст адзіночны, яйцападобны, даўж. да 10 см, размешчаны каля асновы сцябла. Кветкі дробныя, бледна-зялёныя, сабраныя ў доўгую прамую шматкветную гронку. Плод — каробачка.

Мякатніца адналістая.

т. 11, с. 70

МЯКІ́НА,

адходы малацьбы і ачысткі зерня збожжавых і некаторых інш. культур (напр., канюшыны, лёну); грубы корм, што складаецца з насенных абалонак, частак каласкоў і зярнят, расцёртых лісткоў і сцёблаў, недаспелага зерня, насення пустазелля і інш. Можа змяшчаць насенне атрутных раслін. Больш пажыўная за салому адпаведных раслін, мае больш пратэіну і попелу, менш клятчаткі. Гіграскапічная, лёгка злежваецца і псуецца. Скормліваецца буйн. раг. жывёле, коням (лепшыя сарты) і свінням прапараная і ў сумесі з сакаўнымі кармамі, брагай, мелесам і інш. Найлепшую М. даюць авёс, проса, безасцюковыя ячмень і яравая пшаніца, бабовыя і лён.

т. 11, с. 71

МЯКІ́ННІКАВА (Марыя Вікенцьеўна) (н. 3.1.1917, г. Гомель),

бел. вучоны ў галіне отарыналарынгалогіі. Д-р мед. н. (1968), праф. (1970). Скончыла Мінскі мед. ін-т (1939), у 1946—80 працавала ў ім. Навук. працы па эпідэміялогіі, клініцы, дыягностыцы і лячэнні склеромы і азены.

Тв.:

Озена: Этиология, иммунология, патогенез. Мн., 1974 (разам з А.П.Красільнікавым, І.А.Крыловым);

Озена: Клиника, диагностика, лечение и эпидемиология. Мн., 1980 (з імі ж).

т. 11, с. 71

МЯККАСКУ́РЫЯ ЧАРАПА́ХІ,

гл. Мяккацелыя чарапахі.

т. 11, с. 71

МЯККАЦЕ́ЛКІ (Cantharidae),

сямейства насякомых атр. жукоў. Каля 4 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды. Жывуць у розных біятопах, пераважна ў лясах, садах, на лугах. Да М. належаць і светлякі. На Беларусі больш за 30 відаў, найб. трапляецца М. цёмная, або бурая (Cantharis fusca), М. парасонавая (Rhagonycha fulva) і інш.

Даўж. да 15 см. Цела падоўжанае, плоскае, бывае ўкрыта валаскамі. Покрывы мяккія, у т.л. надкрылы (адсюль назва). Афарбоўка жоўтая, зялёная, карычневая або чорная, з метал. адлівам. Вусікі 11-членікавыя, пераважна ніткападобныя. Жукі і лічынкі — драпежнікі. Кормяцца насякомымі і малюскамі. Лічынкі цёмныя, укрыты мяккімі валаскамі. Развіваюцца ў глебе, лясным подсціле, гнілой драўніне, пад карой. Страваванне лічынкі пазакішачнае (выпускае ферменты, што разрэджваюць тканкі здабычы, потым усмоктвае атрыманую вадкасць). Зімой у цёплыя дні лічынкі некат. М. (што зімуюць) могуць паяўляцца на снезе (адсюль другая назва «снежны чарвяк»).

С.Л.Максімава.

Мяккацелкі: 1 — цёмная; 2 — парасонавая.

т. 11, с. 71

МЯККАЦЕ́ЛЫЯ,

гл. Малюскі.

т. 11, с. 71

МЯККАЦЕ́ЛЫЯ ЧАРАПА́ХІ, мяккаскурыя чарапахі,

мяккія чарапахі (Trionychoidea),

падатрад прэснаводных чарапах. 2 сям.: двухкіпцюровыя чарапахі (Carettochelyidae) — 1 від, пашыраны ў Паўн. Аўстраліі, на в-ве Н. Гвінея, і трохкіпцюровыя чарапахі, або трыоніксы (Trionychidae) — 6 або 7 родаў, 22 віды; пашыраны ў Азіі, Афрыцы, Паўн. Амерыцы.

Даўж. да 90 см. Цела і сплошчаны касцявы панцыр укрыты мяккай скурай без рагавых шчыткоў (адсюль назва). Галава з мяккім хабатком, на канцы якога знаходзяцца ноздры. Лапы шырокія, пальцы злучаны плавальнай перапонкай. Здольныя трымацца пад вадой да 15 гадз. Кормяцца раслінамі і жывёламі (насякомыя, ракападобныя, малюскі, рыбы, земнаводныя і інш.). У Азіі — аб’ект промыслу (мяса, яйцы).

Да арт. Мяккацелыя чарапахі: 1 — трыонікс кітайскі, або далёкаўсходняя чарапаха; 2 — трыонікс калючы.

т. 11, с. 71

МЯ́ККАЯ ПШАНІ́ЦА,

гл. ў арт. Пшаніца.

т. 11, с. 71

МЯ́ККІХ ДА́ХАВЫХ І ГІДРАІЗАЛЯЦЫ́ЙНЫХ МАТЭРЫЯ́ЛАЎ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

адна з галін прам-сці буд. матэрыялаў да 1999. Гл. Рулонных дахавых і гідраізаляцыйных матэрыялаў прамысловасць.

т. 11, с. 71

МЯ́ККІ ЛАК,

разнавіднасць тэхнікі афорта. Малюнак выконваюць цвёрдым алоўкам, або драўлянай палачкай на тонкай зярністай паперы, пакладзенай на дошку, пакрытую мяккім гравюрным грунтам (сумесь звычайнага афортнага грунту з тлушчам). Ад націску алоўка часцінкі грунту прыліпаюць да паперы адпаведна лініям малюнка, пасля чаго здымаюцца разам з ёю і агаляюць патрэбную для траўлення паверхню. Гравюрам, выкананым у тэхніцы М.л., характэрны мяккі жывапісны зярністы штрых, які перадае спецыфіку малюнка алоўкам або вугалем. Тэхніка М.л. вядома з 17 ст., пашырана ў 19—20 ст. (К.Кальвіц у Германіі, А.Кіпрэнскі ў Расіі і інш.). На Беларусі ў тэхніцы М.л. працавалі Л.Марчанка, А.Паслядовіч, у спалучэнні з інш. тэхнікамі працуюць А.Басалыга, А.Кашкурэвіч, Э.Пешкаў, У.Савіч і інш.

т. 11, с. 71