МЯККАЦЕ́ЛКІ (Cantharidae),

сямейства насякомых атр. жукоў. Каля 4 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды. Жывуць у розных біятопах, пераважна ў лясах, садах, на лугах. Да М. належаць і светлякі. На Беларусі больш за 30 відаў, найб. трапляецца М. цёмная, або бурая (Cantharis fusca), М. парасонавая (Rhagonycha fulva) і інш.

Даўж. да 15 см. Цела падоўжанае, плоскае, бывае ўкрыта валаскамі. Покрывы мяккія, у т.л. надкрылы (адсюль назва). Афарбоўка жоўтая, зялёная, карычневая або чорная, з метал. адлівам. Вусікі 11-членікавыя, пераважна ніткападобныя. Жукі і лічынкі — драпежнікі. Кормяцца насякомымі і малюскамі. Лічынкі цёмныя, укрыты мяккімі валаскамі. Развіваюцца ў глебе, лясным подсціле, гнілой драўніне, пад карой. Страваванне лічынкі пазакішачнае (выпускае ферменты, што разрэджваюць тканкі здабычы, потым усмоктвае атрыманую вадкасць). Зімой у цёплыя дні лічынкі некат. М. (што зімуюць) могуць паяўляцца на снезе (адсюль другая назва «снежны чарвяк»).

С.Л.Максімава.

Мяккацелкі: 1 — цёмная; 2 — парасонавая.

т. 11, с. 71

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)