МЯ́КАТНІЦА (Malaxis),

род кветкавых раслін сям. ятрышнікавых. Каля 300 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Амерыцы. На Беларусі 1 від — М. адналістая (M. monophyllos), трапляецца ў паўн. і цэнтр. раёнах. Занесена ў Чырв. кнігу. Расце на сфагнавых балотах, багністых берагах вадаёмаў і ў забалочаных лясах (ельнікі, бярэзнікі) М. адналістая — шматгадовая жаўтавата-зялёная травяністая расліна выш. 6—30 см. Сцябло тонкае, трохграннае, каля асновы клубнепадобна-патоўшчанае, пераходзіць у падземны клубень. Ліст адзіночны, яйцападобны, даўж. да 10 см, размешчаны каля асновы сцябла. Кветкі дробныя, бледна-зялёныя, сабраныя ў доўгую прамую шматкветную гронку. Плод — каробачка.

Мякатніца адналістая.

т. 11, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)