Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

МАЦЯРДУ́ШКА (Origanum),

род кветкавых раслін сям. губакветных. Каля 20 відаў. Пашыраны ў Еўразіі. На Беларусі М. звычайная (O. vulgare, нар. назвы душанка, пчалалюб, бабіна душыца). Трапляецца на сухіх лугах, палянах, у светлых лясах.

Шматгадовыя травы выш. да 80 см. Сцёблы прамастойныя, густаваласістыя. Лісце чаранковае, супраціўнае, яйцападобнае. Кветкі дробныя, ружаватыя ці ружавата-пурпуровыя ў шчыткападобна-мяцёлчатых суквеццях. Плод — 4-арэшак. М. звычайная мае эфірны алей, дубільныя рэчывы, аскарбінавую к-ту. Зялёныя парасткі і кветкі ўжываюцца ў ежу, пры засолцы і кансерваванні, выкарыстоўваюцца ў лікёра-гарэлачнай прам-сці, эфірны алей («хмелевы») — для араматызацыі мыла, памады, пасты. Эфіраалейная, лек., меданосная, тэхн. (фарбавальнік) расліна.

Мацярдушка звычайная.

т. 10, с. 232

МАЦЯРЫ́К, кантынент,

буйны масіў зямной кары, б. ч. паверхні якога выступае над узроўнем Сусветнага акіяна ў выглядзе сушы, а перыферычная ч. апушчана пад узровень акіяна. У сучасную геалагічную эпоху існуе 6 мацерыкоў: Еўразія, Паўночная Амерыка, Паўднёвая Амерыка, Афрыка, Аўстралія, Антарктыда. Для іх характэрны кантынентальны тып будовы зямной кары магутнасцю 35—70 км з прысутнасцю гранітна-метамарфічнага слоя. Вылучаюць унутрыкантынент. і ўскраінна-кантынент. структуры. Да першых адносяцца раўнінныя вобласці, развітыя на стараж. і маладых платформах, і горныя ўтварэнні, якія ўзніклі на месцы геасінклінальных складкавых абласцей. Другі тып структур уключае выраўнаваныя падводныя прадаўжэнні кантынентаў (шэльф, схіл) пасіўных (атл.) ускраін і шэльф, схіл, глыбакаводныя катлавіны, жалабы, акіянічныя астраўныя дугі актыўных (ціхаакіянскіх) ускраін, якія чаргуюцца. Гл. таксама Зямля.

т. 10, с. 233

МАЦЯРЫ́НСКАЕ ВО́ЗЕРА.

У Пухавіцкім р-не Мінскай вобл., у бас. р. Свіслач, за 18 км на ПнЗ ад г. Мар’іна Горка. Пл. 0,58 км², даўж. 1,1 км, найб. шыр. 900 м. Схілы катлавіны на Пн пад лесам і хмызняком. У разводдзе сцёк з возера ў р. Свіслач.

т. 10, с. 233

МАЦЯРЫ́НСКАЯ ПАРО́ДА,

1) глебаўтваральная парода, верхні слой зямной кары, горныя пароды якога ператвараюцца ў глебу ў выніку фіз., хім., біял. працэсаў і дзейнасці чалавека; адзін з глебаўтваральных фактараў. Паводле паходжання адрозніваюць М.п. азёрныя, алювіяльныя, балотныя, дэлювіяльныя, ледавіковыя, магматычныя, марскія, пралювіяльныя, элювіяльныя, эолавыя (гл. адпаведныя арт.) і інш. Паводле хім.-мінералагічных уласцівасцей яны бываюць карбанатныя, кварцавыя, палёвашпатавыя і інш. Паводле будовы тоўшчы падзяляюцца на аднародныя (магутнасць больш за 1,5 м), двух-, трох-, шматчленныя (пароды зменьваюцца ў межах глебавага профілю). Паводле мех. складу вылучаюць М.п. гліністыя, сугліністыя, супясчаныя, пясчаныя і іх камбінацыі. Ад уласцівасцей М.п. залежаць мінералагічны, хім., грануламетрычны склад глебы, яе водна-фіз. ўласцівасці і ўрадлівасць. На Беларусі М.п. — адклады антрапагенавага перыяду (пераважна сярэдняга, позняга плейстацэну і галацэну), у асобных раёнах — выхады больш стараж. адкладаў. Пераважныя генет. тыпы М.п.: марэнныя адклады, флювіягляцыяльныя адклады, азёрна-ледавіковыя і інш. 2) Горная парода, з якой паходзяць інш. горныя пароды або карысныя выкапні.

т. 10, с. 233

МАЦЯРЫ́НСТВА,

біялагічныя і сац. адносіны маці да дзіцяці. Біял. адносіны вызначаюцца паходжаннем дзіцяці ад маці (кроўная роднасць) і спалучаны з выкананнем жанчынай рэпрадукцыйнай функцыі, служаць падставай для юрыд. ўстанаўлення М. М. — складаная частка сац. ін-та бацькоўства і ўплывае на функцыянаванне сям’і як малой сац.-псіхал. групы грамадства. Асн. функцыі М. — рэпрадукцыйная і выхаваўчая — непарыўна звязаны паміж сабой, пачынаючы ад нараджэння дзіцяці, догляду за ім і ў далейшым з яго выхаваннем, навучаннем і г.д. Разам з бацькоўствам М. найб. поўна задавальняе фіз., эмацыянальныя і сац. патрэбнасці дзіцяці, забяспечвае яго паступовае ўключэнне ў сістэму сац. адносін, спрашчае засваенне сац. роляў. Значэнне М. як інстытута выхавання мяняецца ў залежнасці ад сац.-эканам., ідэалаг. і гіст. умоў развіцця грамадства (ад выключна грамадскага да хатняга выхавання). Рэалізацыя асн. функцый М. адбываецца ў сувязі з функцыянаваннем сям’і, прыватнай формай якой з’яўляецца «мацярынская сям’я».

т. 10, с. 233

МАЦЯ́Ш (Ніна Іосіфаўна) (н. 20.9.1943, в. Нівы Бярозаўскага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. пісьменніца. Скончыла Мінскі пед. ін-т замежных моў (1966). Настаўнічала. Друкуецца з 1962. Аўтар паэтычных зб-каў «Агонь» (1970), «Удзячнасць» (1973), «Ралля суровая» (1976), «Прыручэнне вясны» (1979), «Поўны келіх» (1982), «Жнівень» (1985), «Шчаслівай долю назаві...» (1990), «Я вас люблю» (1998) і інш. За «Паэму жніва» (1983) Літ. прэмія імя А.Куляшова 1984. Асн. матывы яе лірыкі — чалавек і яго ўзаемаадносіны з прыродай і грамадствам, сяброўства і каханне. Для яе вершаў характэрны спавядальнасць, філас. заглыбленасць, шчырасць. Для дзяцей напісала казкі «Два браты і сякера» (1975), «Казка пра суседзяў, змяю і мядзведзя» (1982), «Краіна Белы Свет, або Прыгоды Краснічка» (1993), п’есы для тэатра лялек «Прыгоды трох парасят» (паст. 1976), «Крок у бессмяротнасць» (паст. 1977), тэлесцэнарыі «Пясняр роднай прыроды» (паст. 1978), «Гэта я, Госпадзі» (паст. 1980). На бел. мову пераклала кнігі Ж.Аліўе, Ж.Сіменона, А.Сент-Экзюперы, Л.Кастэнкі, В.Барны, В.Шымборскай і інш., паасобныя творы П.Беранжэ, П.Мерыме, Ф.Шылера, Ю.Славацкага, Т.Хрусцялеўскага, А.Гаўрылюка, П.Маха і інш.

Тв.:

Паварот на лета. Мн., 1986;

Паміж усмешкай і слязой. Мн., 1993;

Палёт над жытам. Брэст, 1997.

У.С.Ліпскі.

т. 10, с. 233