Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

МАНАФА́ГІ [ад мана... + ...фаг(і)],

арганізмы, якім уласціва жыўленне адным відам расліннага або жывёльнага корму. Пашыраны пераважна сярод беспазваночных арганізмаў (многія насякомыя, некаторыя малюскі, ракападобныя, чэрві, паразіты). У фауне Беларусі М. з’яўляюцца, напр., вошы і інш. крывасмокі, пёравыя кляшчы, пухаеды, многія віды даўганосікаў, тлі і інш.

т. 10, с. 63

МАНАФТО́НГ (ад мана... + грэч. phthongos гук),

галосны, які характарызуецца артыкуляцыйнай і акустычнай аднароднасцю, г.зн. стацыянарным становішчам органаў, што артыкулююць гук, і стацыянарнымі частотамі фармант, чым адрозніваецца ад дыфтонга і трыфтонга. Аднароднасць М. адносная: артыкуляцыйны ўклад і фармантна-часавая структура галоснага залежаць ад акаляючых яго зычных. Так, уплыў мяккіх зычных на суседнія галосныя выражаецца ў тым, што пасля мяккіх зычных пераходны ўчастак любога галоснага мае частотныя характарыстыкі фармант, блізкія да характарыстык галоснага [і]. Бел. М. [а] паміж мяккіх зычных набывае асабліва неаднароднае (дыфтангічнае) гучанне. У сістэме галосных розных моў М. сустракаюцца часцей за дыфтонгі.

Літ.:

Фанетыка беларускай літаратурнай мовы. Мн., 1989.

Л.​Ц.​Выгонная.

т. 10, с. 63

МАНА́ХАЎ (Аляксандр Андрэевіч) (15.9. 1909, в. Іванькава Ядрынскага р-на, Чувашская Рэспубліка — 17.9.1978),

адзін з кіраўнікоў патрыят. падполля на Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Скончыў Вышэйшую школу партарганізатараў пры ЦК ВКП(б) (1940), Мазырскі настаўніцкі ін-т (1949). З 1930 на гасп., камсам. і парт. рабоце ў Дрысенскім, Расонскім і Аршанскім р-нах, сакратар Чашніцкага, Пастаўскага райкомаў КП(б)Б. З пач. Вял. Айч. вайны на фронце, з мая 1943 чл., з вер. 1943 сакратар Вілейскага падп. абкома КП(б)Б. Пасля вайны сакратар Маладзечанскага, Палескага абкомаў КП(б)Б, з 1953 1-ы сакратар Мазырскага райкома, з 1956 — гаркома КПБ.

т. 10, с. 63

МАНА́ХАЎ (Віктар Сцяпанавіч) (н. 22.8. 1946, г. Орск Арэнбургскай вобл., Расія),

бел. матэматык. Д-р фіз.-матэм. н. (1997), праф. (1992). Скончыў Орскі пед. ін-т (1970). З 1970 у Гомельскім аддз. Ін-та матэматыкі АН Беларусі, з 1986 у Гомельскім ун-це. Навук. працы па тэорыі канечных груп і тэорыі графаў. Прапанаваў методыку даследавання будовы канечных фактарызавальных груп, распрацаваў дастасаванні груп Шміта да апісання класаў канечных груп.

Тв.:

О конечных группах с заданным набором подгрупп Шмидта // Мат. заметки. 1995. Т. 58, № 5;

О произведении двух групп с циклическими подгруппами индекса 2 // Весці АН Беларусі. Сер. фіз.-мат. навук. 1996. № 3.

т. 10, с. 64

МАНА́ХАЎ (Кандрат Кандратавіч) (5.1. 1894, в. Узорава Маскоўскай вобл. — 1939),

бел. вучоны ў галіне неўрапаталогіі. Д-р мед. н., праф. (1936). Скончыў Маскоўскі ун-т (1917). У 1934—37 заг. кафедры і дырэктар Мінскага мед. ін-та. Навук. працы па пытаннях фізіялогіі гіпаталамуса, гематаэнцэфалічнага бар’ера, істэрыі, арганізацыі аховы здароўя, неўралагічнай дапамогі і методыкі выкладання ў мед. ін-тах.

Тв.:

К цитоархитектонике гипоталамуса // Медико-биол. журн. 1926. Вып. 6.

т. 10, с. 64

МАНА́ХАЎ (Уладзімір Васілевіч) (30.9.1922, Даўгінцава Днепрапятроўскай вобл., Украіна — 18.11.1983),

расійскі кінааператар і рэжысёр. Засл. дз. маст. Расіі (1964). Скончыў Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі (1952), з 1969 выкладаў у ім. З 1952 аператар, з 1964 рэжысёр кіно. Аператарскае мастацтва вызначалася драм. напружанасцю, багаццем і тэхн. вынаходлівасцю прыёмаў, вастрынёй пластычных эфектаў: «Скакуха» (1955, з Ф.​Дабранрававым), «Вышыня» (1957), «Лёс чалавека» (1959, паводле М.​Шолахава; Ленінская прэмія 1960), «Аптымістычная трагедыя» (1963, паводле У.​Вішнеўскага). Рэжысёр фільмаў: «Няпрошанае каханне» (1965), «Пра цуды чалавечыя» (1968), «Нечаканы госць» (1972), «Каханне маё вечнае» (1982) і інш.

т. 10, с. 64

МАНАХРО́МІЯ (ад мана... + грэч. chrōma колер) у выяўленчым мастацтве, аднаколернасць; твор, выкананы ў адным тоне якога-н. колеру або яго танальных градацыях (афарбаваны ў адзін колер), напр., грызайль.

т. 10, с. 64

МАНАЦЫ́Т (ням. Monazit ад грэч. monazō бываю адзін, жыву адзін),

мінерал класа фасфатаў, фасфат цэрыю і рэдказямельных элементаў (Ce, La...)[PO4]. Змяшчае 66—70% аксідаў (агульнай ф-лы TR2O3) гэтых элементаў, прымесі торыю, ітрыю, крэмнію, урану, кальцыю. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Крышталі сплошчаныя да таблітчастых, кароткапрызматычныя, ізаметрычныя, утварае скарыначкі, зямлістыя масы, зярністыя і сферычныя агрэгаты. Колер карычневы, мядова-жоўты або зеленаваты. Паўпразрысты. Бляск тлусты, на сколах шкляны. Цв. 5—6. Шчыльн. 4,9—5,5 г/см³. Прысутнічае ў многіх гранітоідах, вял. крышталі трапляюцца ў пегматытах. Пераважна канцэнтруецца ў рачных і марскіх россыпах і пляжных пясках. Часта радыеактыўны. Руда торыю і рэдказямельных элементаў.

т. 10, с. 64

МАНАЦЫТА́РНА-ФАГАЦЫТА́РНАЯ СІСТЭ́МА,

тое, што макрафагічная сістэма.

т. 10, с. 64

МАНАЦЫ́ТЫ [ад мана... + ...цыт(ы)],

адзін з тыпаў незярністых лейкацытаў. Утвараюцца ў чырв. касцявым мозгу; дыям. 10—20 мкм, шарападобныя. Афарбоўка ядра чырвона-пурпуровая, цытаплазмы — бледная блакітна-шэрая. У крыві чалавека ў норме М. складаюць 3—11% агульнай колькасці лейкацытаў. Здольныя да фагацытозу, мігрыруюць з крыві ў тканкі і пераўтвараюцца ў макрафагаў.

А.​С.​Леанцюк.

Манацыт.

т. 10, с. 64