Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

МАЗЫ́РСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1615,

антыфеадальнае выступленне гараджан Мазыра, выкліканае ўзмацненнем эксплуатацыі, самавольствам і ўціскам старосты, замкавай адміністрацыі і арандатараў. Насуперак магдэбургскаму праву з часткі мяшчан, якіх падпарадкавалі замку, спагналі незаконныя падаткі. У адказ на гэта 3.10.1615 некалькі соцень узбр. гараджан на чале з бурмістрамі Ж.Мушам, І.Крыцкім, мяшчанамі І.Ваўчком, А.Лаўрыновічам і інш. асадзілі замак. Яны расправіліся з некат. прадстаўнікамі замкавай адміністрацыі, арыштавалі мяшчан, якія падтрымлівалі ўлады, канфіскавалі іх маёмасць. Паўстанцы выбралі войта, пашырылі льготы магдэбургскага права на ўсіх мяшчан і інш. У выніку паўстання ўлада ў Мазыры перайшла да гар. магістрата. У 1622 каралеўскі суд мусіў прызнаць асобныя пераўтварэнні паўстанцаў.

Літ.:

Копысский З.Ю. Из истории общественно-политической жизни городов Белоруссии в XVI — первой половине XVII вв. // Тр. Ин-та истории АН БССР. Мн., 1958. Вып. 3.

т. 9, с. 513

МАЗЫ́РСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1649,

выступленне гараджан Мазыра і сялян навакольных вёсак у час антыфеадальнай вайны 1648—51 на Беларусі. Пачалося ўлетку 1648. Выступленне ўзначаліў мазырскі рамеснік Іван Сталяр. Жыхары Мазыра склалі асобную харугву на чале з мясц. седлавым майстрам Седляром. У жн. да гараджан далучыўся пасланы Б.Хмяльніцкім атрад Міхненкі. З мэтай закрыць казацкім загонам шлях на Беларусь, у пач. студз. 1649 на Тураў і Мазыр рушыла 15-тысячнае войска ВКЛ на чале з гетманам польным Я.Радзівілам. Радзівіл паслаў да гараджан ганца з лістом, у якім прапанаваў здаць горад без бою, за што абяцаў усім паўстанцам права на свабодны выхад. Гараджане не прынялі прапановы. 19 студз. войска Радзівіла падышло да Мазыра. Драгуны, пад прыкрыццём саней з дрывамі, падышлі да варот, выбілі іх бярвёнамі і ўварваліся ў горад. К канцу дня горад і замак былі захоплены, рэшткі паўстанцаў адцеснены да Прыпяці і перабіты, горад разрабаваны, часткова спалены. Кіраўнік паўстання Сядляр прарваўся праз акружэнне і выратаваўся, Міхненка быў узяты ў палон і пакараны смерцю.

т. 9, с. 513

МАЗЫ́РСКАЕ РАДО́ВІШЧА КАМЕ́ННАЙ СО́ЛІ У Гомельскай вобл., за 5 км на Пд ад г. Мазыр. Адкрыта ў 1963. Паклады звязаны з познадэвонскай саляноснай фармацыяй, прымеркаваны да скляпення Мазырскай саляна-купальнай структуры. Соль залягае пластамі на глыб. 699—734 м, мае ад 81 да 99,9% хлорыстага натрыю, ад 0,42 да 3,48% нерастваральных рэшткаў. Прамысл. запасы каля 600 млн. т. Ускрытая магутнасць ад 499 да 767 м. Распрацоўваецца метадам падземнага вышчалочвання. На базе радовішча працуе расолапромысел адкрытага акц. т-ва «Мазырсоль» па вытв-сці кухоннай солі гатунку «Палессе». Гл. таксама Мазырскі солевыварны камбінат.

А.П.Шчураў.

т. 9, с. 514

МАЗЫ́РСКАЯ АКРУ́ГА,

адм.-тэр. адзінка ў БССР у 1924—30 і 1935—38. Утворана 17.7.1924. Цэнтр — г. Мазыр. Пл. 16 268 км², нас. 319,2 тыс. чал. (1924). Уключала 10 раёнаў: Азарыцкі, Жыткавіцкі, Калінкавіцкі, Капаткевіцкі, Каралінскі, Лельчыцкі, Мазырскі, Нараўлянскі, Петрыкаўскі і Тураўскі; раёны падзяляліся на 128 сельсаветаў. У М.а. ўваходзілі 3 гарады (Калінкавічы, Мазыр, Петрыкаў), 4 мястэчкі (Жыткавічы, Капаткевічы, Нароўля, Тураў). 9.6.1927 да М.а. далучаны Юравіцкі р-н скасаванай Рэчыцкай акр. На 1.1.1930 у М.а. 10 раёнаў, 3 гарады, 5 мястэчак і 124 сельсаветы. Акруговая газ. «Чырвонае Палессе». 26.10.1930 акруга скасавана. Зноў утворана 21.6.1935, уключала 9 раёнаў: Даманавіцкі, Ельскі, Жыткавіцкі, Капаткевіцкі, Лельчыцкі, Мазырскі, Нараўлянскі, Петрыкаўскі, Тураўскі. Акруговая газ. «Бальшавік Палесся». 20.2.1938 М.а. скасавана, тэр. ўключана ў Палескую вобласць.

т. 9, с. 514

МАЗЫ́РСКАЯ ГРАДА́,

краявое ледавіковае ўтварэнне ў межах Мазырскага Палесся на правабярэжжы ніжняга цячэння р. Прыпяць, у Мазырскім р-не Гомельскай вобл. Працягваецца з ПнЗ (раён вусця р. Пціч) на ПдУ да в. Барбароў прыблізна на 50 км. Шыр. 3—14 км. Выш. 160—200 м, найб. 221 м. Канчаткова ўтворана дняпроўскім ледавіком у час мазырскага стадыялу. Складзена з марэны (супескі, суглінкі, гліны, пяскі, жвірова-галечны матэрыял), якая перакрыта водна-ледавіковымі пяскамі з рэдкай галькай і жвірам (магутнасць 10 м), на паўн. і паўн.-ўсх. схілах — лёсападобнымі супескамі (магутнасць 11 м). Трапляюцца гляцыядыслакацыі з палеагенавых і неагенавых парод. М.г. мае выгляд слабавыгнутых у паўд.-зах. напрамку палос дробных град і ўзгоркаў. Перавышэнне над урэзам вады Прыпяці 94 м. Паўн. і ўсх. схілы звернуты да Прыпяці, стромкія, абрывістыя, адносныя выш. над урэзам вады 50—70 м. Паўд. схілы пакатыя, паступова зліваюцца з водна-ледавіковай раўнінай. Града моцна расчлянёная (гушчыня 1000—1800 м/км²). Глыбіня яроў да 40—60 м (каля г. Мазыр, ландшафтны заказнік Мазырскія Яры). На схілах тэрмакарставыя і суфазійныя западзіны. Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя і дзярнова-палева-падзолістыя. Пад лесам 36% тэр., пераважна на ПдУ. Лясы хваёвыя, дубровы. Пад ворывам 22% тэр. Праводзяцца мерапрыемствы па ахове глеб ад воднай эрозіі.

Мазырская града каля в. Бабры Мазырскага раёна.

т. 9, с. 514

МАЗЫ́РСКАЯ ГРУ́ПА ВОЙСК Заходняга фронту, аператыўнае аб’яднанне часцей і злучэнняў Чырв. Арміі ў савецка-польскую вайну 1920. Сфарміравана 20.5.1920 у складзе: 57-й стралк. дывізіі, 72-й і 139-й стралк. брыгад (адпаведна з 24-й і 47-й дывізій), Дняпроўскай ваеннай флатыліі, 17-й кав. дывізіі (з жн. 1920). Камандуючы Ц.С.Хвесін. Дзейнічала на левым флангу Зах. фронту. У чэрв. 1920 фарсіравала Дняпро каля г. Рэчыца, заняла Мазыр і Калінкавічы, наступала ўздоўж чыг. палатна Мазыр—Брэст, удзельнічала ў баях за Лунінец, Пінск, Кобрын, Варшаву. У выніку контрнаступлення польск. арміі 16.8.1920 пачала адыход на тэр. Беларусі. 2.9.1920 расфарміравана. Войскі і штаб М.г.в. увайшлі ў склад 4-й арміі (2-га фарміравання) Зах. фронту.

т. 9, с. 514

МАЗЫ́РСКАЯ ЗАПА́ЛКАВАЯ ФА́БРЫКА «МАЛА́НКА».

Дзейнічала ў 1895—1920 у Кімбараўцы — прадмесці г. Мазыр Гомельскай вобл. У 1899 створана акц. т-ва «Маланка» з асн. капіталам 300 тыс. руб. Вырабляла запалкі шведскія. У 1910—13 мела 3 паравыя машыны (75 к.с.), склады прадукцыі ў Гомелі, Кіеве, Краменчугу, Екацярынаславе, Кішынёве, Растове, Жытоміры. У 1911 працавала 625 чал. У 1910 прадукцыя ф-кі была прадстаўлена на выстаўцы ў Парыжы. Гл. таксама Мазырская мэблевая фабрыка.

т. 9, с. 514

МАЗЫ́РСКАЯ МЭ́БЛЕВАЯ ФА́БРЫКА.

Створана ў 1928 на базе Мазырскай запалкавай фабрыкі «Маланка» ў г. Мазыр Гомельскай вобл. як мэблевая ф-ка «Прафінтэрн». У Вял. Айч. вайну ў будынку ф-кі размяшчаўся лагер сав. ваеннапалонных. Аднавіла дзейнасць у 1944 з сучаснай назвай. З 1971 у складзе ВА «Мазырдрэў», з 1992 арэнднае ВА «Мазырдрэў», з 1997 адкрытае акц. т-ва «Мазырдрэў». Асн. прадукцыя (1999): тумбы для тэле- і радыёапаратуры, абутку, камоды, наборы мэблі для прыхожай і кухні.

т. 9, с. 514

МАЗЫ́РСКАЯ «РЭСПУ́БЛІКА»,

назва рэв. к-та, які дзейнічаў у Мазыры пад кіраўніцтвам Мазырскай арг-цыі РСДРП у час Кастр. Усерас. паліт. стачкі 1905. 30.10.1905 на агульнагарадскім мітынгу выбраны рэўком, які меў баявую дружыну і 9 дзён праводзіў рэв. мерапрыемствы. Была зроблена спроба захапіць склады зброі і казначэйства, вызваліць палітвязняў. У сутычцы з царскімі войскамі 4 чал. забіты, 6 паранена. Усе члены рэўкома сасланы ў Сібір на вечнае пасяленне.

т. 9, с. 514

МАЗЫ́РСКІЯ ГІМНА́ЗІІ Існавалі ў сярэдзіне 19 — пач. 20 ст. Падпарадкоўваліся Віленскай навучальнай акрузе. Мазырская мужчынская гімназія адкрыта ў кастр. 1859. Напачатку мела 1—3-і класы, у 1860 адкрыты 4—6-ы, у 1861—7-ы (выпускны) класы. Больш за 90% гімназістаў — дзеці дваран і чыноўнікаў. Выкладанне вялося на польск., з 1864 — на рус. мове. З 1865 класічная гімназія. Выкладаліся: Закон Божы, рус. мова і славеснасць, лац., грэч., франц., ням. мовы, матэматыка, фізіка, прыродазнаўства, гісторыя, геаграфія, чыстапісанне і інш. Пры гімназіі з 1864 існавала нядзельная школа для навучання чытанню, пісьму і арыфметыцы ўсіх гараджан незалежна ад веравызнання і ўзросту. Да 1874 у падпарадкаванні дырэкцыі гімназіі быў 4-класны прыватны жаночы пансіён. У 1874 гімназія пераўтворана ў 4-класную, з 1876 — у 6-класную прагімназію, якая ў 1910 рэарганізавана ў 8-класную гімназію. Падрыхтавана больш за 1000 выпускнікоў. Існавала да 1918. Мазырская жаночая гімназія адкрыта ў 1907 на базе жаночага вучылішча (засн. ў 1860). Да 1911 жаночая гімназія Е.Сапрыноўскай, 29.11.1911 пераўтворана ў 7-класную жаночую гімназію. Утрымлівалася за дзярж. кошт. За навуч. справай наглядаў дырэктар мужчынскай гімназіі. У ёй працавалі 3 законанастаўнікі і 12 выкладчыкаў Пецярбургскага і Юр’еўскага ун-таў, Маскоўскіх вышэйшых жаночых курсаў і інш. Выкладаліся: рус. мова і л-ра, гісторыя, матэматыка, фізіка, геаграфія, прыродазнаўства, чыстапісанне, маляванне, ням. і франц. мовы, спевы. У 1915 было 269 навучэнак. Існавала да 1917; на яе базе створана 7-гадовая агульнаадук. школа. Мазырская прыватная жаночая прагімназія засн. 18.7.1908 на базе (прыватнага жаночага вучылішча 1-га разраду, мела 5 асн. i 1 падрыхтоўчы класы (у 1909 адкрыты 6-ы, у 1910—7-ы класы). Утрымлівалася А.Тадароўскай-Еўдакімавай за кошт платы за навучанне. Працавалі 3 законанастаўнікі і 9 выкладчыкаў з Беластоцкага ін-та, Мінскай духоўнай семінарыі, Пецярбургскіх і Маскоўскіх вышэйшых жаночых курсаў. Выкладаліся: рус. мова і л-ра, матэматыка, чыстапісанне, прыродазнаўства, франц. і ням. мовы, рукадзелле, маляванне, спевы. У 1908 было 146 навучэнак. Закрыта ў 1913.

Літ.:

Сборник сведений о средних учебных заведениях Виленского учебного округа. Вильна, 1873;

Шпаковский К. Историческая записка о Мозырской прогимназии, 1859—1909. Мозырь, 1909;

Бобр А.Г. Мой Мозырь: Ист. очерк. Ч. 1. Мн., 1996.

В.С.Болбас (мужчынская гімназія), А.Ф.Самусік.

т. 9, с. 518