Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ДУБО́К,

возера ў Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Зах. Дзвіна, за 10 км на ПнЗ ад г. Полацк. Пл. 0,38 км², даўж. 1,1 км, найб. шыр. 420 м, найб. глыб. 7 м, даўж. берагавой лініі 3,3 км. Пл. вадазбору 1,5 км². Схілы катлавіны выш. да 5 м, парослыя лесам. 2 залівы на 3. Берагі нізкія, месцамі сплавінныя, забалочаныя, пад хмызняком. Дно выслана сапрапелем, на У мелкаводдзе пясчанае. Зарастае. На ПнУ з возера выцякае ручай у р. Полюшка.

т. 6, с. 245

ДУБО́ЎКА (Уладзімір Мікалаевіч) (15.7.1900, в. Агароднікі Пастаўскага р-на Віцебскай вобл. — 20.3.1976),

бел. паэт, празаік, перакладчык. Скончыў Нова-Вілейскую настаўніцкую семінарыю (1918), Вышэйшы літ.-маст. ін-т імя В.Брусава (1924). У 1922—25 адказны сакратар пастпрэдства БССР пры Урадзе СССР. У 1924—27 выкладчык бел. л-ры ў Камуніст. ун-це народаў Захаду, у 1926—30 рэдактар «Збору законаў і загадаў Рабоча-Сялянскага ўраду Саюза ССР». У 1930 арыштаваны і асуджаны на высылку ў Яранск, у 1937 — на 10 гадоў пазбаўлення волі. Пакаранне адбываў у Кіраўскай вобл., Чувашыі, на Д.Усходзе, у Грузіі, Краснаярскім краі. Рэабілітаваны ў 1957. Друкаваўся з 1921. Аўтар зб-каў вершаў «Строма» (1923), «Трысцё» (1925), «Credo» (1926), «Наля» (1927), паэм «Там, дзе кіпарысы» (1925), «Браніслава» (1929). Паэзія Д. вырасла на здабытках бел. фальклору, традыцыях Я.Купалы, М.Багдановіча, Т.Шаўчэнкі, А.Блока, В.Брусава і інш. Яна вызначаецца ўслаўленнем чалавека працы, патрыят. пафасам, увагай да гераічных старонак нац. гісторыі, актыўнасцю маст. пошукаў, высокай творчай культурай (вобразная асацыятыўнасць, глыбіня падтэксту, дасканаласць гукавой інструментоўкі, рытмічная гнуткасць, багацце рыфмы, моўная вынаходлівасць). Яго паэзія пашырыла выяўленчыя магчымасці бел. вершаванага слова, узбагаціла рамант. стылявую плынь у л-ры свайго часу. Філас. заглыбленасць, складаная сюжэтна-кампазіц. структура ўласцівы яго трылогіі (паэмы «Кругі», 1927; «І пурпуровых ветразей узвівы», 1929; «Штурмуйце будучыні аванпосты!», нап. 1929, апубл. 1965) — маштабнаму твору паэт. эпасу аб часе, лёсе мастацтва і шляхах яго развіцця, аб індустрыялізацыі краіны і калектывізацыі сельскай гаспадаркі. У 1920-я г. паэзія Д. вызначала істотныя асаблівасці літ. працэсу, рабіла плённы ўплыў на многіх бел. паэтаў. Пра мужнасць жанчыны, яе нялёгкі лёс у Вял. Айч. вайну, маральную чысціню і самаахвярнасць пісаў у шэрагу балад і паэмах «Перад іменем Любові» (1958), «Беларуская Арыядна» (1960). Поліфанічнай песняй пра Беларусь і яе народ стала кн. «Палеская рапсодыя» (1961, Літ. прэмія імя Я.Купалы 1962). Аўтар навук.-прыгодніцкіх аповесцей для дзяцей «Жоўтая акацыя» (1967) і «Ганна Алелька» (1969), якія займальна папулярызуюць доследніцтва, вучаць па-гаспадарску ставіцца да прыроды. Аўтабіягр. апавяданні-абразкі склалі кн. «Пялёсткі» (1973). З высокім майстэрствам рабіў апрацоўкі фальклорных сюжэтаў (зборнікі «Цудоўная знаходка», 1960; «Кветкі — сонцавы дзеткі», 1963; «Казкі», 1968; «Залатыя зярняты», 1975). На бел. мову перакладаў творы У.Шэкспіра («Санеты», 1964), Дж.Байрана (вершы, паэмы «Шыльёнскі вязень», «Бронзавы век», містэрыя «Каін»), І.В.Гётэ, У.Сыракомлі, Ю.Славацкага, Ду Фу, Абу-ль-Фараджа аль-Ісфахані, А.Пушкіна, Брусава, С.Ясеніна, А.Пракоф’ева, П.Тычыны, У.Сасюры, М.Рыльскага і інш. Аўтар артыкулаў пра бел. л-ру, фальклор, мову і інш.

Тв.:

Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1965;

[Вершы]. Мн., 1970;

Як Алік у тайзе заблудзіўся. Мн., 1974.

Літ.:

Бугаёў Дз. Уладзімір Дубоўка. Мн., 1965;

Яго ж. Талент і праца. Мн., 1979. С. 3—49;

Арочка М. Саюз часу і майстэрства. Мн., 1981. С. 86—117;

Лойка А., Пшыркоў Ю. Пясняр высокіх дум і глыбокіх пачуццяў // На высокай хвалі. Мн., 1980;

Гардзіцкі А. Дыялогі. Мн., 1968. С. 47—62.

Дз.Я.Бугаёў.

У.М.Дубоўка.

т. 6, с. 245

ДУ́БРА,

возера ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Абабіца, за 17 км на ПнУ ад г. Браслаў. Пл. 1,06 км², даўж. 2,2 км, найб. шыр. 710 м, найб. глыб. 2,9 м, даўж. берагавой лініі больш за 6 км. Пл. вадазбору 19,3 км². Схілы катлавіны выш. да 3 м, пад лугам. Уздоўж паўн.-ўсх. берага парослая хваёвым лесам пясчаная озавая града выш. да 9 м. Берагі нізкія, у залівах забалочаныя, тарфяністыя. 2 астравы агульнай пл. 0,7 га. Мелкаводдзе да глыб. 1 м (акрамя заліваў) пясчанае. Надводная расліннасць утварае паласу шыр. да 25 м, залівы зараслі. Злучана пратокай з воз. Берца, на Пд сцёк па пратоцы ў воз. Абаб’е.

т. 6, с. 245

ДУ́БРАЎКА,

вёска ў Добрушскім р-не Гомельскай вобл., на р. Вуць. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 41 км на ПдУ ад Добруша, 52 км ад Гомеля, 13 км ад чыг. ст. Церахоўка. 290 ж., 158 двароў (1997). Дом культуры, б-ка. Брацкая магіла сав. воінаў.

т. 6, с. 246

ДУ́БРАЎКА,

вёска ў Пухавіцкім р-не Мінскай вобл. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 6 км на ПдЗ ад г. Мар’іна Горка, 69 км ад Мінска, 6 км ад чыг. ст. Пухавічы. 923 ж., 273 двары (1997). Лясніцтва. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аддз. сувязі.

т. 6, с. 246

ДУ́БРАЎКА,

вёска ва Ушацкім р-не Віцебскай вобл., на аўтадарозе Ушачы—Ула. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 36 км на У ад Ушачаў, 100 км ад Віцебска, 45 км ад чыг. ст. Полацк. 441 ж., 150 двароў (1997). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан.

т. 6, с. 246

ДУ́БРАЎСКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА,

у Смалявіцкім р-не Мінскай вобл., за 25 км на ПнУ ад Мінска, на тэр. зоны адпачынку Раўбічы. Створана на р. Усяжа ў месцы ўпадзення ў яе р. Дубраўка ў 1983. Пл. 3,5 км², даўж. 6,5 км, найб. шыр. 1,2 км, найб. глыб. 14 м, аб’ём вады 22,4 млн. м³. Ваганні ўзроўню вады на працягу года 8 м. Выкарыстоўваецца для арашэння зямель, воднага добраўпарадкавання прылеглых вёсак, адпачынку, рыбаводства.

т. 6, с. 246

ДУ́БРАЎСКАЕ ВО́ЗЕРА,

ва Ушацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Тураўлянка, за 26 км на У ад г.п. Ушачы. Пл. 0,26 км², даўж. 580 м, найб. шыр. 580 м, найб. глыб. 6,1 м, даўж. берагавой лініі 2 км. Схілы катлавіны выш. да 12 м, параслі хмызняком.

т. 6, с. 246

ДУБРО́ВА,

вёска ў Лельчыцкім р-не Гомельскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 8 км на З ад Лельчыц, 215 км ад Гомеля, 75 км ад чыг. ст. Ельск. 960 ж., 370 двароў (1997). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі.

т. 6, с. 246

ДУБРО́ВА,

вёска ў Рэчыцкім р-не Гомельскай вобл. Цэнтр сельсавета. За 40 км на З ад Рэчыцы, 90 км ад Гомеля, 15 км ад чыг. ст. Бабічы. 192 ж., 106 двароў (1997). Базавая школа, клуб, б-ка, амбулаторыя, аптэка.

т. 6, с. 246