Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ДА́ЛЬНІ,

руская назва кіт. горада Далянь. Выкарыстоўвалася да 1950, калі горад быў перададзены Кітаю.

т. 6, с. 22

ДА́ЛЬНЯЕ ЛЯ́ДА,

дзве стаянкі каменнага веку каля в. Дальняе Ляда Быхаўскага р-на Магілёўскай вобл. Даследаваны ў 1972, 1973 і 1988. На адной стаянцы знойдзены кароткія скрабкі, нуклеусы, пласціны, адшчэпы, расшчэплены крэмень. На другой выяўлены рабочыя месцы па апрацоўцы крэменю, прылады для апрацоўкі косці, скуры і дрэва, паляўнічыя прылады (наканечнікі стрэл, нажы). Былі сезоннымі стаянкамі-майстэрнямі пач. апрацоўкі крамянёвай сыравіны, адносіцца да грэнскай культуры ранняга мезаліту.

В.Ф.Капыцін.

т. 6, с. 22

ДА́ЛЬСКІ (сапр. Няелаў) Мамант Віктаравіч

(1865, с. Кантэміраўка Палтаўскай вобл., Украіна — 21.6.1918),

расійскі акцёр. З 1885 выступаў у т-рах Вільні, Растова, Новачаркаска, у 1890—1900 у Александрынскім т-ры (Пецярбург). З 1900 акцёр-гастралёр у правінцыяльных і сталічных т-рах. Яго мастацтва адметнае стыхійным тэмпераментам і адначасова натуральнасцю. Найб. блізкія яго дараванню былі героі моцных, неўтаймаваных страсцей і пачуццяў. Сярод лепшых роляў: Чацкі («Гора ад розуму» А.Грыбаедава), Нязнамаў («Без віны вінаватыя» А.Астроўскага), Рагожын («Ідыёт» паводле Ф.Дастаеўскага), Гамлет, Атэла (аднайм. п’есы У.Шэкспіра), Карл Моар («Разбойнікі» Ф.Шылера).

т. 6, с. 22

ДА́ЛЬТАН, Долтан (Dalton) Джон (6.9.1766, Іглсфілд, каля г. Уэркінгтан, Вялікабрытанія — 27.7.1844), англійскі хімік і фізік, стваральнік хім. атамістыкі. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1822). Адукацыю атрымаў самастойна. У 1781—93 выкладаў матэматыку ў школе ў Кендалі, з 1793 — фізіку і матэматыку ў Новым каледжы ў Манчэстэры. Адкрыў кратных адносін закон (1803), газавыя законы, названыя яго імем (гл. Дальтана законы). Прапанаваў і абгрунтаваў тэорыю атамнай будовы. ці хім. атамістыку, якая тлумачыла эмпірычны закон пастаянства саставу. Аўтар працы «Новая сістэма хімічнай філасофіі» (т. 1—2, 1808—27). Апісаў дэфект зроку, што атрымаў назву дальтанізм.

Літ.:

Крицман В.А Роберт Бойль, Джон Дальтон, Лмедео Авогадро. Создатели атомно-молекулярного учения в химии. М., 1976.

т. 6, с. 22

ДА́ЛЬТАНА ЗАКО́НЫ,

1) адзін з асноўных газавых законаў, паводле якога ціск сумесі газаў, якія хімічна не ўзаемадзейнічаюць паміж сабой, роўны суме парцыяльных ціскаў. Строга выконваецца для ідэальных газаў, набліжана — для рэальных газаў пры значэннях т-р і ціскаў, далёкіх ад крытычных.

2) Закон растваральнасці газаў у вадкасцях, паводле якога пры пастаяннай т-ры растваральнасць кожнага з кампанентаў газавай сумесі над вадкасцю прапарцыянальная яго парцыяльнаму ціску. Кожны газ раствараецца так, як быццам астатніх кампанентаў няма. Набліжана прыдатны для рэальных газаў пры ўмове невял. канцэнтрацыі газу ў растворы. Д.з. адкрыты Дж.Дальтанам у 1801 і 1803.

т. 6, с. 22

ДАЛЬТАНІ́ЗМ,

прыроджанае расстройства каляровага зроку. Апісаны англ. фізікам Дж.Дальтанам у 1794. Бывае ў 8% мужчын і 0,5% жанчын; звязаны з адсутнасцю ці недастатковым функцыянаваннем аднаго з трох кампанентаў каляровага зроку. Распазнаюць Д. з дапамогай спец. (поліхраматычных) табліц і спектральных прылад (анамаласкопаў). Людзей з Д. не дапускаюць працаваць на транспарце, у авіяцыі і інш. (яны адрозніваюць у спектры толькі 2 колеры — жоўты і сіні).

т. 6, с. 23

ДА́ЛЬТАН-ПЛАН

(Dalton-Plan),

сістэма арганізацыі навуч.-выхаваўчай работы ў школе, засн. на прынцыпе індывідуальнага навучання. Узнікла ў пач. 20 ст. Аўтар Д.-п. — Е.Паркхерст. Упершыню выкарыстаны ў г. Долтан (штат Масачусетс, ЗША, адсюль назва). Пры арганізацыі работы паводле Д.-п. вучням давалася свабода ў выбары заняткаў і выкарыстанні свайго рабочага часу. Д.-п. дазваляў суаднесці тэмп навучання з магчымасцямі вучняў, прывучаў іх да самастойнасці, развіваў ініцыятыву, вымушаў шукаць рацыянальныя метады работы, выпрацоўваў пачуццё адказнасці за выкананне заданняў. У 1920-я г. ў сав. школе рабіліся спробы мадыфікацыі Д.-п. (форма брыгадна-лабараторнага метаду). Элементы Д.-п. захаваліся ў практыцы некаторых школ ЗША.

т. 6, с. 23

ДАЛЬЧЫ́НА

(Dolcino; ? — 1.6.1307),

кіраўнік антыфеад. і антыцарк. паўстання ў паўн.-зах. Італіі ў 1304—07. Манах. Вучань і паслядоўнік Г.Сегарэлі, развіваў ідэі секты апастолікаў. У 1304 на чале вял. атрада сваіх узбр. прыхільнікаў (пераважна сялян) з’явіўся ў перадгор’ях П’емонта і авалодаў далінай р. Сезія, дзе меркаваў стварыць вольную сял. абшчыну. Рост шэрагаў паўстанцаў і разгром імі некалькіх карных атрадаў прымусілі рым. папу Клімента V летам 1305 абвясціць супраць іх крыжовы паход. Паступова паўстанцы адцеснены ў горы і блакіраваны сіламі крыжаносцаў. У выніку ген. бітвы 23.3.1307 каля в. Ставела паўстанцы разгромлены, Д. трапіў у палон і быў спалены на кастры.

Літ.:

Сушкевич Л.П. Восстание под руководством Дольчино // И живы памятью столетий: Очерки о вождях нар. движений в средневековой Европе. Мн., 1987.

т. 6, с. 23

ДАЛЭ́НГА-МАСТО́ВІЧ (Dołęga Mostowicz) Тадэвуш

(сапр. Мастовіч; 10.8.1898, б. маёнтак Акунёва, цяпер Глыбоцкі р-н Віцебскай вобл. — 16 ці 20.9.1939),

польскі пісьменнік і журналіст. Дзіцячыя гады правёў у Глыбокім. Вучыўся ў Кіеўскім ун-це. У 1922—26 супрацоўнік і рэд. варшаўскай газ. «Rzeczpospolita» («Рэспубліка»). Удзельнік польска-герм. вайны 1939, у час якой і загінуў. Аўтар 16 аповесцей, займальнасць і меладраматызм сюжэтаў якіх прынеслі Д.-М. вял. папулярнасць. Найб. значныя — «Кар’ера Нікадзіма Дызмы» (1932), у якой стварыў сатыр. карціну тагачаснага вышэйшага польск. грамадства. Сярод інш.: «Пракурор Аліцыя Горн» (1933), «Трэці пол» (1934), «Доктар Мурэк звольнены» і «Другое жыццё» (1936), «Знахар» (1937), «Прафесар Вільчур» (1939). Падзеі некат. твораў разгортваюцца на тэр. Зах. Беларусі («Кар’ера Нікадзіма Дызмы», «Знахар» і інш.). Большасць твораў Д.-М. экранізаваны.

Тв.:

Рус. пер. — Знахарь. Мн., 1993;

Профессор Вильчур. Мн., 1994.

Літ.:

Ермалёнак В.А. Тадэвуш Даленга-Мастовіч // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Глыбоцкага р-на. Мн., 1995. С. 167—168.

Ю.В.Бажэнаў.

т. 6, с. 23

ДАЛЯЖА́ЛЬ Мікалай Антонавіч

(27.10.1899, с. Амельнік Запарожскай вобл., Украіна),

расійскі вучоны-энергетык. Акад. АН СССР (1962, чл.-кар. 1953). Двойчы Герой Сац. Працы (1949, 1984). Скончыў Маскоўскае вышэйшае тэхн. вучылішча (1923). З 1935 гал. інжынер з-даў «Бальшавік» (Кіеў), «Уралхіммаш», з 1942 дырэктар НДІ хім. машынабудавання (Масква), з 1953 гал. канструктар-дырэктар Ін-та энергатэхнікі, саветнік. Гал. канструктар рэактара першай у свеце атамнай электрастанцыі (г. Обнінск, Расія). Навук. працы па інж. і навук. праблемах цеплаэнергетыкі, выкарыстання ядз. энергіі ў энергетыцы. Ленінская прэмія 1957. Дзярж. прэмія СССР 1949, 1952, 1953, 1970, 1976.

Тв.:

Основы проектирования паросиловых установок. М.; Л., 1933; Канальный ядерный энергетический реакгор. М., 1980 (разам з І.Я.Емяльянавым); У истоков рукотворного мира: Зап. конструктора. М., 1989.

М.А.Даляжаль.

т. 6, с. 23