ДАЛЭ́НГА-МАСТО́ВІЧ (Dołęga Mostowicz) Тадэвуш
(сапр. Мастовіч; 10.8.1898, б. маёнтак Акунёва, цяпер Глыбоцкі р-н Віцебскай вобл. — 16 ці 20.9.1939),
польскі пісьменнік і журналіст. Дзіцячыя гады правёў у Глыбокім. Вучыўся ў Кіеўскім ун-це. У 1922—26 супрацоўнік і рэд. варшаўскай газ. «Rzeczpospolita» («Рэспубліка»). Удзельнік польска-герм. вайны 1939, у час якой і загінуў. Аўтар 16 аповесцей, займальнасць і меладраматызм сюжэтаў якіх прынеслі Д.-М. вял. папулярнасць. Найб. значныя — «Кар’ера Нікадзіма Дызмы» (1932), у якой стварыў сатыр. карціну тагачаснага вышэйшага польск. грамадства. Сярод інш.: «Пракурор Аліцыя Горн» (1933), «Трэці пол» (1934), «Доктар Мурэк звольнены» і «Другое жыццё» (1936), «Знахар» (1937), «Прафесар Вільчур» (1939). Падзеі некат. твораў разгортваюцца на тэр. Зах. Беларусі («Кар’ера Нікадзіма Дызмы», «Знахар» і інш.). Большасць твораў Д.-М. экранізаваны.
Тв.:
Рус. пер. — Знахарь. Мн., 1993;
Профессор Вильчур. Мн., 1994.
Літ.:
Ермалёнак В.А. Тадэвуш Даленга-Мастовіч // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Глыбоцкага р-на. Мн., 1995. С. 167—168.
Ю.В.Бажэнаў.
т. 6, с. 23
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)