ДА́ЛЬСКІ (сапр. Няелаў) Мамант Віктаравіч

(1865, с. Кантэміраўка Палтаўскай вобл., Украіна — 21.6.1918),

расійскі акцёр. З 1885 выступаў у т-рах Вільні, Растова, Новачаркаска, у 1890—1900 у Александрынскім т-ры (Пецярбург). З 1900 акцёр-гастралёр у правінцыяльных і сталічных т-рах. Яго мастацтва адметнае стыхійным тэмпераментам і адначасова натуральнасцю. Найб. блізкія яго дараванню былі героі моцных, неўтаймаваных страсцей і пачуццяў. Сярод лепшых роляў: Чацкі («Гора ад розуму» А.​Грыбаедава), Нязнамаў («Без віны вінаватыя» А.​Астроўскага), Рагожын («Ідыёт» паводле Ф.​Дастаеўскага), Гамлет, Атэла (аднайм. п’есы У.​Шэкспіра), Карл Моар («Разбойнікі» Ф.​Шылера).

т. 6, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)