Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

МАКРАЭЛЕМЕ́НТЫ,

хімічныя элементы, што ўтрымліваюцца ў тканках жывёльных і раслінных арганізмаў у адносна высокіх канцэнтрацыях (10​−2% і вышэй). Да М. адносяцца кісларод, вадарод, вуглярод, азот, кальцый, фосфар, натрый, калій, сера, хлор, магній; з іх утвораны неарган. (мінер. солі, вада) і арган. (бялкі, нуклеінавыя к-ты, тлушчы, вугляводы) рэчывы. Неарган. рэчывы ўдзельнічаюць у фарміраванні цвёрдых тканак (косці, зубы), уваходзяць у склад ферментаў, гармонаў, вітамінаў, нуклеінавых к-т. Разам з вадой мінер. рэчывы фарміруюць у арганізме асяроддзе, у якім працякаюць хім. рэакцыі. Арган. рэчывы ўдзельнічаюць у пабудове мяккіх тканак і клетак крыві. М. паступаюць у арганізм з ежай, вадой, паветрам.

М.​К.​Кеўра.

т. 9, с. 543

МАКРАЭРГІ́ЧНЫЯ ЗЛУЧЭ́ННІ, высокаэргічныя ці высокаэнергетычныя злучэнні,

арганічныя злучэнні жывых арганізмаў, якія маюць багатыя энергіяй (макраэргічныя) хім. сувязі. Удзельнічаюць у назапашванні і пераўтварэнні энергіі. Разрыў сувязей у малекулах М.з. суправаджаецца выдзяленнем энергіі, якая ідзе на біясінтэз і транспарт рэчываў, мышачнае скарачэнне, страваванне і інш. працэсы жыццядзейнасці арганізма. Да М.з. адносяцца адэназінфосфарныя кіслоты, найб. значная з іх — адэназінтрыфосфарная кіслата (АТФ). Звязаныя з АТФ М.з. адыгрываюць важную ролю ў фотасінтэзе, біясінтэзе бялкоў, тлушчаў, вугляводаў і інш. прыродных злучэнняў.

т. 9, с. 543

МАКРУ́ХА (Gomphidius),

род шапкавых базідыяльных грыбоў сям. макрухавых. 15 відаў. Пашыраны ў Зах. Еўропе і Паўн. Амерыцы. На Беларусі 3 віды М.: пурпуровая (G. rutilus), ружовая (G. roseus) і яловая (G. glutinosus). Растуць на зямлі ў хвойных лясах. Пладаносяць у жн. — верасні.

Пладовае цела — шапка на ножцы — буйное або сярэдніх памераў, пакрытае сліззю, мяккамясістае. Слізістае або валакністае пакрывала звязвае шапку з ножкай. Пласцінкі тоўстыя, рэдкія, зыходныя. Споры авальнападоўжаныя, гладкія. Ядомыя.

С.​С.​Калас.

Макруха яловая.

т. 9, с. 543

МАКРЫ́ЦА,

кветкавая расліна, гл. ў арт. Зоркаўка.

т. 9, с. 543

МАКРЫ́ЦЫ (Oniscoidea),

падатрад раўнаногіх ракападобных. Каля 1000 відаў. Пашыраны ўсюды, найб. у стэпавай зоне. Большасць відаў жыве на сушы, пераважна ў месцах з павышанай вільготнасцю (адсюль назва), некат. — на марскіх берагах, у ручаях, крыніцах. Актыўныя ўначы. На Беларусі найб. пашыраны М. звычайная (Porcellio scaber), М. сценавая (Oniscus asellus).

Даўж. да 5 см. Цела пляскатае, канечнасцей 12 пар. Некат. дыхаюць з дапамогай шчэлепных лісткоў, у інш. ёсць прыстасаванні для дыхання атм. паветрам (трахеі). Амаль усе расліннаедныя. Раздзельнаполыя, развіццё без метамарфозу. Глебаўтваральнікі; некат. шкодзяць с.-г. культурам.

т. 9, с. 543

МАКРЭ́ДЗІ ((Macready) Уільям Чарлз) (3.3.1793, Лондан — 27.4.1873),

англійскі акцёр, рэжысёр. Дэбютаваў у 1810 у Бірмінгеме. З 1816 у Лондане ў т-рах «Ковент-Гардэн» (у 1837—39 кіраўнік), «Друры-Лейн» (у 1841—43 кіраўнік). Пастаноўшчык і выканаўца гал. роляў у п’есах: «Генрых V» У.​Шэкспіра, «Два Фаскары» Дж.​Байрана, «Страфард» Р.​Браўнінга, «Ліёнская прыгажуня», «Рышэльё» Э.​Дж.​Булвер-Літана. Акцёр вял. драм. тэмпераменту. Яго мастацтву ўласціва яркая тэатральнасць, глыбокае пранікненне ў псіхал. сутнасць вобраза. Адзін з першых адрадзіў на сцэне сапраўдныя шэкспіраўскія тэксты. Сярод роляў: кароль Лір, Гамлет, Макбет (аднайм. п’есы Шэкспіра).

т. 9, с. 543

МАКРЭ́ЛЬ,

рыба, гл. Скумбрыя.

т. 9, с. 543

МАКРЭ́НКА (Анатоль Юр’евіч) (н. 22.1. 1933, г.п. Цярны Недрыгайлаўскага р-на Сумскай вобл., Украіна),

украінскі спявак (барытон). Нар. арт. Украіны (1973). Нар. арт. СССР (1976). Скончыў Кіеўскі політэхн. ін-т (1956), Кіеўскую кансерваторыю (1963). З 1968 саліст Укр. т-ра оперы і балета (Кіеў). Валодае голасам прыгожага тэмбру вял. дыяпазону, драм. дараваннем. Сярод партый: Мікола, Астап («Наталка Палтаўка», «Тарас Бульба» М.​Лысенкі), Максім («Арсенал» Г.​Майбарады), Анегін («Яўген Анегін» П.​Чайкоўскага), Гразной («Царская нявеста» М.​Рымскага-Корсакава), Фігара («Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні), Жэрмон, граф ды Луна («Травіята», «Трубадур» Дж.​Вердзі), Скарпія («Тоска» Дж.​Пучыні), Эскамільё, Зурга («Кармэн», «Шукальнікі жэмчугу» Ж.​Бізэ), Невер («Гугеноты» Дж.​Меербера), лорд Генрых Эштан («Лючыя ды Ламермур» Г.​Даніцэці), Мурман («Абесалом і Этэры» З.​Паліяшвілі). Дзярж. прэмія Грузіі 1972. Дзярж. прэмія Украіны 1979.

т. 9, с. 543

МАКСА́КАВА (Марыя Пятроўна) (8.4.1902, г. Астрахань, Расія — 11.8.1974),

расійская спявачка (мецца-сапрана). Нар. арт. СССР (1971). Вучылася ў Астраханскім муз. вучылішчы, з 1921 у вак. педагога М.​Максакава. У 1923—53 (з перапынкам) у Вял. т-ры ў Маскве. Валодала высокім, гнуткім голасам цёплага лірычнага тэмбру, яскравым тэмпераментам, майстэрствам фразіроўкі. Сярод партый: Марына Мнішак, Марфа («Барыс Гадуноў», «Хаваншчына» М.​Мусаргскага), Любаша, Ганна, Лель («Царская нявеста», «Майская ноч», «Снягурачка» М.​Рымскага-Корсакава), Кармэн («Кармэн» Ж.​Бізэ), Амнерыс, Азучэна («Аіда», «Трубадур» Дж.​Вердзі), Даліла («Самсон і Даліла» К.​Сен-Санса), Артруда («Лаэнгрын» Р.​Вагнера), Кларычэ («Любоў да трох апельсінаў» С.​Пракоф’ева), Алмаст («Алмаст» А.​Спендыярава). Выступала таксама ў пастаноўках Дзярж. ансамбля оперы пад кіраўніцтвам І.​Казлоўскага. Дзярж. прэміі СССР 1946, 1949, 1951.

Літ.:

М.​П.​Максакова: Воспоминания. Статьи. М. 1985.

М.П.Максакава.

т. 9, с. 543

МА́КСВЕЛ ((Maxwell) Джэймс Клерк) (13.6.1831, г. Эдынбург, Вялікабрытанія — 5.11.1879),

англійскі фізік, стваральнік класічнай электрадынамікі, адзін з заснавальнікаў статыстычнай фізікі. Чл. Эдынбургскага (1855) і Лонданскага (1860) каралеўскіх т-ваў. Вучыўся ў Эдынбургскім (1847—50) і Кембрыджскім (1850—54) ун-тах. Праф. Абердзінскага (1856—60), Лонданскага (1860—65), Кембрыджскага (з 1871) ун-таў. Арганізатар і першы дырэктар (з 1871) Кавендышскай лабараторыі. Навук. працы па электрадынаміцы, малекулярнай фізіцы, оптыцы, механіцы і тэорыі пругкасці, гісторыі фізікі і інш. Устанавіў статыстычны закон размеркавання малекул ідэальнага газу па скарасцях (1859; гл. Максвела размеркаванне), развіў тэорыю пераносу ў дастасаванні да працэсаў дыфузіі, цеплаправоднасці і ўнутр. трэння, увёў паняцце часу рэлаксацыі. Выявіў статыстычны характар другога закону тэрмадынамікі (1867) і ўвёў тэрмін «статыстычная механіка» (1868). Развіваючы ідэі М.Фарадэя, стварыў тэорыю эл.-магн. поля (гл. Максвела ўраўненні), увёў паняцце току зрушэння, прадказаў існаванне эл.-магн. хваль, выказаў ідэю аб эл.-магн. прыродзе святла, што дало магчымасць выявіць сувязь паміж аптычнымі і эл. з’явамі. Тэарэтычна вызначыў ціск святла (1873), устанавіў сувязь паміж асн. тэрмадынамічнымі параметрамі (суадносіны М.), развіў ідэю каляровага зроку, даследаваў устойлівасць кольцаў Сатурна. Апублікаваў рукапісы Г.Кавендыша па электрычнасці (1879).

Тв.:

Рус. пер. — Избр. соч. по теории электромагнитного поля. М., 1954;

Статьи и речи. М., 1968.

Літ.:

Кудрявцев П.С. Максвелл. М., 1976;

Максвелл и развитие физики XIX—XX вв.: [Сб. ст.]. М., 1985.

А.​І.​Балсун.

Дж.К.Максвел.

т. 9, с. 543