МАКРАЭКАНО́МІКА,

раздзел эканам. навукі, які даследуе буйнамаштабныя з’явы і працэсы эканомікі краіны, яе гаспадаркі як адзінае цэлае. Аб’ектамі даследавання М. з’яўляюцца зводныя абагульняльныя паказчыкі па гаспадарцы — нац. багацце, валавы нац. і валавы ўнутр. прадукт, нац. даход, сумарныя дзярж. і прыватныя інвестыцыі, агульная колькасць грошай у абарачэнні; вывучае таксама сярэднія па краіне паказчыкі (напр., сярэднія даходы, заработная плата, узровень інфляцыі, беспрацоўе, занятасць), абагульняльныя паказчыкі росту, тэмпы павелічэння або зніжэння велічынь, што характарызуюць эканоміку краіны і эканам. працэсы. Асноўнае кола паказчыкаў сучаснага макраэканамічнага аналізу склалася пад уплывам Дж.М.Кейнс. Гл. таксама Мікраэканоміка.

І.Р.Залатагораў.

т. 9, с. 542

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)