МАКРАЭЛЕМЕ́НТЫ,

хімічныя элементы, што ўтрымліваюцца ў тканках жывёльных і раслінных арганізмаў у адносна высокіх канцэнтрацыях (10​−2% і вышэй). Да М. адносяцца кісларод, вадарод, вуглярод, азот, кальцый, фосфар, натрый, калій, сера, хлор, магній; з іх утвораны неарган. (мінер. солі, вада) і арган. (бялкі, нуклеінавыя к-ты, тлушчы, вугляводы) рэчывы. Неарган. рэчывы ўдзельнічаюць у фарміраванні цвёрдых тканак (косці, зубы), уваходзяць у склад ферментаў, гармонаў, вітамінаў, нуклеінавых к-т. Разам з вадой мінер. рэчывы фарміруюць у арганізме асяроддзе, у якім працякаюць хім. рэакцыі. Арган. рэчывы ўдзельнічаюць у пабудове мяккіх тканак і клетак крыві. М. паступаюць у арганізм з ежай, вадой, паветрам.

М.К.Кеўра.

т. 9, с. 543

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)