ГЕТЭРО́ЗІС
(ад грэч. heteroiōsis змена, ператварэнне),
«гібрыдная сіла »; паскарэнне росту, павелічэнне памераў, павышэнне жыццяўстойлівасці і пладавітасці гібрыдаў першага пакалення ў параўнанні з бацькоўскімі формамі раслін або жывёл. У другім і наступных пакаленнях гетэрозіс звычайна затухае. Тэрмін «гетэрозіс» прапанаваў Дж.Шэл у 1914. Існуюць тэорыі гетэрозісу: дамінавання, або звышдамінавання (гетэразігота пераважае гомазіготу), узаемадзеяння дамінантных спрыяльных генаў — генетычны (генны, храмасомны) баланс. Гетэрозіс шырока выкарыстоўваюць як прыём павышэння ўраджайнасці с.-г. раслін і прадукцыйнасці свойскіх жывёл, напр. у жывёлагадоўлі пры міжвідавых, міжпародных і ўнутрыпародных скрыжаваннях, у птушкагадоўлі — для атрымання бройлераў, у раслінаводстве — гібрыднага насення кукурузы, жыта, памідораў, цыбулі, гуркоў і інш.
Адрозніваюць гетэрозіс натуральны — перавагу гібрыда па якой-небудзь прыкмеце над лепшым з бацькоў і гетэрозіс гіпатэтычны — перавагу гібрыда над сярэдняй велічынёй, характэрнай для абодвух бацькоў. У раслін гетэрозіс падзяляюць на рэпрадукцыйны (найб. развіццё рэпрадукцыйных органаў, павышаная здольнасць да размнажэння, ураджайнасць і інш.), саматычны (магутнае развіццё вегетатыўных частак раслін) і адаптыўны (павышэнне прыстасаванасці гібрыдных асобін да ўмоў асяроддзя, іх канкурэнтаздольнасці ў барацьбе за існаванне).
т. 5, с. 210
ГЕ́ТЭРЫ
(англ. getter),
газапаглынальнікі, рэчывы, якія звязваюць газы (акрамя інертных) за кошт хім. ўзаемадзеяння (хемасорбцыя) ці адсорбцыі. Выкарыстоўваюць гетэры (звычайна плёнкі тытану, цырконію, барыю, танталу, малібдэну і інш.) для павышэння вакууму ў электравакуумных прыладах, ачысткі інертных газаў ад прымесей.
т. 5, с. 210
ГЕТЭ́РЫІ,
этэрыі (грэч. hetaireia), 1) у Стараж. Грэцыі саюзы, садружнасць, групы грамадзян. Так называлі і афіц. прызнаныя групы, і тайныя паліт. саюзы, пераважна алігархічнага характару.
2) У Грэцыі ў 2-й пал. 18 — пач. 19 ст. тайныя рэв. арг-цыі, створаныя ва ўмовах турэцкага панавання (гл. «Філікі Этэрыя»).
т. 5, с. 210
ГЕ́ЎЛІЧ Алена Дзмітрыеўна
(н. 24.11.1018, с. Тамараўка Курганскай вобл., Расія),
бел. вучоны ў галіне спартыўнай анатоміі. Д-р мед. н. (1967), праф. (1972). Скончыла Туркменскі мед. ін-т (1941). У 1949—79 у Бел. ін-це фізічнай культуры. Навук. працы па праекцыйнай анатоміі асн. баразён мозга і заканамернасцях будовы і функцыі суставаў.
Тв.:
: Влияние физических упражнений на строение и функцию некоторых суставов // Проблемы функциональной морфологии двигательного аппарата. Л., 1956.
т. 5, с. 210
ГЕФЕ́СТ,
у стараж.-грэчаскай міфалогіі бог агню і кавальскага рамяства. Сын Зеўса і Геры. Яго ўяўлялі шыракаплечым, кульгавым і выродлівым, у адзенні рамесніка, з молатам ці клешчамі. Паводле адных міфаў, Зеўс скінуў Гефеста з Алімпа за тое, што ён заступіўся за Геру у час яе спрэчкі з Зеўсам, паводле другіх — Гера пасля родаў скінула з Алімпа выродлівага Гефеста. Яго выратавалі жыхары в-ва Лемнас, дзе засн. г. Гефестый, на в-ве Самас былі гарады Гефестопаль і Гефестыён. Гефест па загадзе Зеўса стварыў першую жанчыну, багіню Зямлі Пандору, прыкаваў да скалы Праметэя. Міф пра Гефеста — часты сюжэт у выяўл. мастацтве (рэльефы, вазапіс, карціны П.П.Рубенса, Ф.Парміджаніна, Д.Веласкеса, Я.Пальмы Малодшага, А.ван Дэйка і інш.). У рым. міфалогіі Гефесту адпавядае Вулкан.
Л.М.Драбовіч.
т. 5, с. 210
ГЕХАЛУ́Ц,
міжнародная арганізацыя (напачатку рух) сіянісцкага кірунку для падрыхтоўкі піянераў (халуцым) з яўр. моладзі да перасялення ў Палесціну. Рух пачаўся ў пач. 20 ст. ў Расіі, яго заснавальнік Іосіф Трумпельдор. Удзельнікі Гехалуца засноўвалі вытв. і с.-г. кааператывы для навучання метадам і навыкам працы і ваен. падрыхтоўкі ва ўмовах, набліжаных да ўмоў Палесціны. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 ячэйкі Гехалуца на месцах стварала сацыяліст. сіянісцкая арг-цыя Цэірэй-Цыён. У канцы 1917 групы Гехалуца існавалі ў 25 гарадах і мястэчках Беларусі. На Харкаўскай канферэнцыі Цэірэй-Цыён (1918) заснаваны Усерас. савет аб’яднанняў Гехалуца. 1-я Усерас. канферэнцыя Гехалуца адбылася ў студз. 1919 у Петраградзе; у гэты час ЦК Гехалуца пераехаў у Мінск. Колькасць ячэек Гехалуца ў Расіі перавысіла 60. У лют. 1919 у Віцебску адбылася канферэнцыя бел. аддзялення Гехалуца. У 1920—23 пачалося масавае перасяленне (часцей нелегальнае) яўрэяў з сав. рэспублік у Палесціну. Гал. перашкоду перасяленню чыніла яўр. секцыя РКП(б), па ініцыятыве якой у 1922 адбыліся арышты членаў гехалуца ў Расіі, на Украіне, Беларусі. Аднак у выніку перагавораў з кіраўніцтвам РКП(б) Гехалуц у СССР у 1923 быў легалізаваны, апублікаваны статут Усерас. арг-цыі Гехалуца. З-за расколу ў Гехалуце ў 1923 узніклі 2 яго арг-цыі: Гехалуц у СССР (легальная) і Нац.-працоўная арг-цыя Гехалуца (нелегальная). Першая арг-цыя дзейнічала да 1928, другая — да 1929. У сусв. маштабе дзейнасць Гехалуца працягвалася да канца 1940-х г.
Літ.:
Скир А. Еврейская духовная культура в Беларуси Мн., 1995;
Мы начинали еще в России: Воспоминания. Тель-Авив, 1983.
Э.Р.Іофе.
т. 5, с. 210
ГЕЧСАРА́Н,
газанафтавае радовішча ў Іране, адно з буйнейшых у свеце. Уваходзіць у Персідскага заліва нафтагазаносны басейн. Адкрыта ў 1928, распрацоўваецца з 1940. Пачатковыя прамысл. запасы нафты 1,49 млрд. т, газу — 162 млрд. м³. Паклады на глыб. 0,75—2,13 км. Шчыльн. нафты 866 кг/м³. Нафтаправоды ў порт на в-ве Харк (Персідскі зал.) і ў г. Абадан.
т. 5, с. 211
ГЕ́ШАНЕК
(Geschonneck) Эрвін (н. 27.12.1906, Берлін),
нямецкі акцёр. З пач. 1930-х г. у т-ры «Фольксбюнэ». У 1933 эмігрыраваў, жыў у Польшчы, СССР, Чэхаславакіі. У 1939—45 вязень гітлераўскіх канцлагераў. У 1945—49 у т-ры «Камершпіле» (Гамбург), з 1949 — у «Берлінер ансамблі». Сярод роляў: Маці, Палкавы свяшчэннік, Мяснік («Пан Пунціла і яго слуга Маці», «Матухна Кураж і яе дзеці», «Маці» Б.Брэхта). З 1932 здымаўся ў кіно: «Куле Вампе», «Капітан з Кёльна», «Людзі з крыламі», «Голы сярод ваўкоў», «Лорд з Александэрплац», «Чалавек з «Кап-Аркона». Нац. прэміі ГДР 1954, 1960, 1961.
т. 5, с. 211
ГЕШТАЛЬТПСІХАЛО́ГІЯ
(ад ням. Gestalt форма, цэласнасць + псіхалогія),
кірунак зах. псіхалогіі, які ўзнік у Германіі ў 1-й трэці 20 ст. і прытрымліваўся прынцыпу цэласнасці пры аналізе складаных псіх. працэсаў. Першаснымі, асн. элементамі псіхікі гештальтпсіхалогія лічыць своеасаблівыя цэласныя структуры, вобразы (гештальты), абапіраючыся на ўяўленні аб «гештальтякасці» як уласцівасці цэлага, якое захоўваецца пры змяненні асобных яго частак (напр., мелодыя, што прайграецца ў розных танальнасцях і інш.). Паводле гештальтпсіхалогіі, аналіз частак не можа прывесці да разумення цэлага, паколькі цэлае вызначаецца не сумай, а ўзаемадзеяннем і ўзаемазалежнасцю яго асобных частак. Заснавальнікамі і гал. прадстаўнікамі гештальтпсіхалогіі з’яўляюцца М.Вертгаймер, В.Кёлер, К.Кофка, К.Дункер, К.Левін і інш. Напачатку гештальтпсіхалогія склалася на аснове даследавання зрокавага ўспрымання, потым пашырыла свае ідэі на вывучэнне мыслення, памяці, псіхалогіі развіцця асобы і сац. групы, на даследаванне фіз., фізіял. і нават эканам. праблем. Гештальтпсіхалогія ўнесла ў псіхал. навуку структурны прынцып, а гэта, паводле рас. псіхолага Л.Выгоцкага, «вялікая непахісная заваёва тэарэтычнай думкі».
Літ.:
Коффка К. Основы психического развития: Пер. с нем. М.; Л., 1934;
Вертгеймер М. Продуктивное мышление: Пер. с нем. М., 1987;
Гештальт’94: Сб. материалов Моск. Гештальтин-та за 1994 г. Мн., 1995;
Köhler W. Gestalt-psychology. New York, 1929;
Koffka K. Principles of gestalt psychology. New York, 1935.
Э.С.Дубянецкі.
т. 5, с. 211