Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ДА́ТЧЫК,

элемент вымяральнага, сігнальнага, рэгулявальнага або кіравальнага прыстасавання, які пераўтварае велічыню, што кантралюецца (ціск, т-ру, частату, эл. напружанне і інш.), у сігнал, зручны для вымярэння, перадачы, захоўвання, апрацоўкі, рэгістрацыі, а таксама для ўздзеяння ім на кіроўныя працэсы. Звычайна мае ўспрымальны (адчувальны) орган і адзін або некалькі прамежкавых пераўтваральнікаў. Тэрмін «Д.», які ўжываецца ў шырокім сэнсе, стандартам заменены на тэрмін вымяральны пераўтваральнік.

т. 6, с. 62

ДАТЫДЭЯ́ЛЬНЫЯ

(Dothideales),

парадак сумчатых грыбоў падкл. аскалакулярных. Каля 3 тыс. відаў. Пашыраны па ўсім зямным шары, пераважна ва ўмераных зонах Еўразіі, у Паўд. Амерыцы. На Беларусі каля 40 відаў, 10 родаў, найб. вядомыя афіябол, бікасферэла, вентурыя і інш. Сапратрофы, развіваюцца на адмерлых ч. раслін. Многія паразіты (канідыяльная стадыя) культ. раслін, выклікаюць паршу яблыні і грушы, цэркаспарозы і інш. хваробы.

Пладовыя целы (псеўдатэцыі) паглыблены ў субстрат. шара- або грушападобныя, чорныя, уключаюць адну ці некалькі локул. Сумкі 8-споравыя, цыліндрычныя, амаль яйца- або грушападобныя, сядзячыя ці на кароткай ножцы, размешчаны ў локулах.

т. 6, с. 62

ДАТЫ́ЧНАЯ ПЛО́СКАСЦЬ да паверхні ў пункце,

плоскасць, у якой ляжыць датычная прамая да кожнай лініі на паверхні, праведзенай праз гэты пункт.

Калі паверхня вызначана ўраўненнем F(x, у, z) = 0, дзе F(x, y, z) — дыферэнцавальная функцыя, ураўненне Д. п. да гэтай паверхні ў яе пункце M0(x0, у0, Z0) мае выгляд (Fx)0 (x−x0) + (Fy)0(y−y0) + (Fz)0 (z−z0) = 0, дзе (Fx)0, (Fy)0, (Fz)0 — частковыя вытворныя функцыі F(x, y, z) у пункце М0. Д.п. да паверхні σ у пункце М0 характарызуецца тым, што адлегласць h ад гэтай плоскасці да зменнага пункта М паверхні σ пры імкненні М да М0 з’яўляецца бясконца малой у параўнанні з адлегласцю MM0.

Датычная плоскасць.

т. 6, с. 62

ДАТЫ́ЧНАЯ ПРАМА́Я да крывой лініі,

лімітнае становішча адпаведнай сякучай.

Няхай М0 — зафіксаваны пункт крывой l, М — іншы яе пункт. М0М — сякучая (прамая, праведзеная праз гэтыя пункты). Калі пры неабмежаваным набліжэнні М да М0 сякучая М0М імкнецца да пэўнай прамой М0Т, то прамая М0Т наз. Д.п. да крывой l у пункце М0. У выпадку плоскай крывой, вызначанай у дэкартавых каардынатах ураўненнем y=f(x), дзе f(x) — дыферэнцавальная функцыя, ураўненне Д.п. да яе ў пункце М0(x0, y0) мае выгляд y−y0=f′(x0) (x−x0), дзе f′(x) —вытворная функцыя f′(x) у пункце x0. Д.п. ўтварае з дадатным напрамкам восі OX вугал, тангенс якога роўны f′(x). Д.п. мае не кожная неперарыўная крывая, паколькі прамая M0M можа і не імкнуцца да лімітнага становішча або можа імкнуцца да двух розных лімітных становішчаў, калі М імкнецца да M0 з розных бакоў ад M0.

А.А.Гусак.

Да арт. Датычная прамая: 1 — М0Т — датычная прамая да крывой L1 у пункце М0; 2 — крывая L2 не мае датычнай прамой у пункце M0.

т. 6, с. 62

ДАТЫЯРА́ЛЬНЫЯ

(Dothiorales),

парадак сумчатых грыбоў падкл. аскалакулярных. Пашыраны ў субтрапічных і трапічных раёнах, многія — ва ўмеранай зоне. На Беларусі трапляюцца віды з родаў батрыясферыя, датыёра, гіньярдыя. Сапратрофы на розных раслінных рэштках, паразіты на лісці, сцяблах, пладах розных раслін.

Пладовыя целы (псеўдатэцыі) падушка- або коркападобныя, чорныя, з адной ці некалькімі локуламі, часам зрастаюцца. Сумкі 2—16-споравыя, булавападобныя, на кароткай ножцы. Споры адна- ці шматклетачныя. У цыкле развіцця адзначаны канідыяльныя стадыі.

т. 6, с. 62

ДА́У, Доу (Dou) Герард (7.4.1613, г. Лейдэн, Нідэрланды — 9.2.1675), галандскі жывапісец. Вучыўся ў свайго бацькі Я.Дау і ў Рэмбранта (1628—31), якому наследаваў у ранні перыяд творчасці. Пісаў пераважна невял. жанравыя карціны, у якіх ствараў вобразы вучоных, музыкантаў, гандлярак і інш.: «Астраном», «Зубны ўрач», «Скрыпач», «Гандлярка селядцамі» і інш. Натуралістычна-дакладнае адлюстраванне прадметаў, цікавыя сюжэты, спалучаныя з вонкавай прыгажосцю, дэкар. і светлавымі эфектамі, прынеслі яму славу моднага партрэтыста і майстра мініяцюрнага нацыянальнага жывапісу — своеасаблівага «галандскага ракако».

Г.Дау. Служанка ў акне. 1640.

т. 6, с. 63

ДАУ́Д Мухамед

(18.7.1908, Кабул — 28.4.1978),

дзяржаўны дзеяч Афганістана. Адукацыю атрымаў у Афганістане і Францыі. У 1946—48, 1949—52 міністр нац. абароны. У 1953—63 прэм’ер-міністр Афганістана. Урад Д. рэфармаваў сістэму школьнай адукацыі, садзейнічаў развіццю афг. прам-сці, умацаванню крэдытна-фін. сістэмы і інш. У ліп. 1973 на чале групы афіцэраў скінуў караля і абвясціў краіну рэспублікай. У 1973—78 прэзідэнт і прэм’ер-міністр Афганістана, адначасова міністр замежных спраў і абароны; намагаўся ліквідаваць перажыткі феадалізму ў афг. грамадстве, наладзіў адносіны з СССР. Забіты ў час Красавіцкай рэвалюцыі 1978.

М.Дауд.

т. 6, с. 63

ДА́УКАНТАС (Daukantas) Сіманас

(28.10.1793, в. Кальвяй Скуодаскага р-на, Літва — 6.12.1864),

літоўскі гісторык, пісьменнік-асветнік. Скончыў Віленскі ун-т (1822). Працаваў у Рызе (1825—34) і Пецярбургу (1835—50). У працах па гісторыі, гісторыі культуры Літвы («Дзеянні старажытных літоўцаў і жамайтаў», 1829; «Лад жыцця старажытных літоўцаў», 1845; «Гісторыя Жамайціі», кн. 1—2, 1893—97) паказаў самабытнасць літ. народа, сцвярджаў яго права на самастойнасць. Складальнік зборнікаў літ. фальклору (1846, 1932), слоўнікаў літ. мовы. Аўтар падручнікаў, кніг па сельскай гаспадарцы.

Тв.:

Baštai. Т. 1—2. Vilnius, 1976.

т. 6, с. 67

ДАУ́РСКІ ХРЫБЕ́Т.

У цэнтральнай ч. Забайкалля, у межах Даурыі, у Чыцінскай вобл. Расіі. Сістэма выцягнутых у паўн.-ўсх. напрамку горных масіваў даўж. каля 300 км ад вярхоўяў р. Джыла да вытокаў р. Ульдурга. Выш. да 1526 м. Складзены з граніту і крышт. сланцу. Пераважае сярэднягорны рэльеф. На схілах хваёвыя і лістоўнічныя лясы. Перасякаецца далінай р. Інгада, дзе праходзяць чыгунка і аўтадарога.

т. 6, с. 63

ДАУ́РЫЯ, Даурская зямля,

руская назва ч. тэр. Забайкалля і (да 17 ст.) зах. Прыамур’я. Да сярэдзіны 17 ст. была населена даурамі (дахурамі). Тэр. паўд. Забайкалля ад воз. Байкал да Ябланавага хр. называюць Байкальскай Д., яе ч. на У ад Ябланавага хр.Нерчынскай Д., самую паўд. ч. на У ад ракі Селенга — Селенгінскай Д.

т. 6, с. 63