ДАТЫДЭЯ́ЛЬНЫЯ

(Dothideales),

парадак сумчатых грыбоў падкл. аскалакулярных. Каля 3 тыс. відаў. Пашыраны па ўсім зямным шары, пераважна ва ўмераных зонах Еўразіі, у Паўд. Амерыцы. На Беларусі каля 40 відаў, 10 родаў, найб. вядомыя афіябол, бікасферэла, вентурыя і інш. Сапратрофы, развіваюцца на адмерлых ч. раслін. Многія паразіты (канідыяльная стадыя) культ. раслін, выклікаюць паршу яблыні і грушы, цэркаспарозы і інш. хваробы.

Пладовыя целы (псеўдатэцыі) паглыблены ў субстрат. шара- або грушападобныя, чорныя, уключаюць адну ці некалькі локул. Сумкі 8-споравыя, цыліндрычныя, амаль яйца- або грушападобныя, сядзячыя ці на кароткай ножцы, размешчаны ў локулах.

т. 6, с. 62

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)