ДА́У, Доу (Dou) Герард (7.4.1613, г. Лейдэн, Нідэрланды — 9.2.1675), галандскі жывапісец. Вучыўся ў свайго бацькі Я.Дау і ў Рэмбранта (1628—31), якому наследаваў у ранні перыяд творчасці. Пісаў пераважна невял. жанравыя карціны, у якіх ствараў вобразы вучоных, музыкантаў, гандлярак і інш.: «Астраном», «Зубны ўрач», «Скрыпач», «Гандлярка селядцамі» і інш. Натуралістычна-дакладнае адлюстраванне прадметаў, цікавыя сюжэты, спалучаныя з вонкавай прыгажосцю, дэкар. і светлавымі эфектамі, прынеслі яму славу моднага партрэтыста і майстра мініяцюрнага нацыянальнага жывапісу — своеасаблівага «галандскага ракако».