Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

РАСКА́ТЫ,

у беларусаў чатырохколавы воз без кузава для перавозкі лесу. Пярэднія і заднія ходы з нізкімі падушкамі злучаліся рухома дышлем, на канцы восі задняга ходу насаджваліся дугі-жэрдкі (багулы, палонікі), скрыжаваныя паміж сабою канцамі. Пры пагрузцы лесу Р. разводзілі на даўжыню бярвён, паверх бярвён клалі багулы, якія служылі для трываласці ўкладкі і рэгулявання ходу на паваротах і ўхабах. У сял. гаспадарцы Р. шырока бытавалі ў канцы 19 — пач. 20 ст., пераважна на У Беларусі.

В.​С.​Цітоў.

т. 13, с. 352

РАСКІ́ДВАЛЬНІК сельскагаспадарчы,

машына (агрэгат, прыстасаванне) для раскідвання і раўнамернага размеркавання на полі, лугах і ў садах арган. і мінер. угнаенняў, атручаных прынад (для барацьбы са шкоднікамі), вапны, гіпсу і інш. Адрозніваюць гное- і тукараскідвальнікі, Р. сеялкі, Р. вадкіх угнаенняў, універсальныя машыны-Р. і прыстасаванні для мех. ўгнаення глебы. Бываюць прычапныя і навясныя, агрэгатуюцца з гусенічнымі і колавымі трактарамі, аўтамабілямі. На Беларусі выпускаюцца з-дам «Бабруйскаграмаш».

т. 13, с. 352

РА́СКІН (Віктар Ільіч) (н. 30.1.1933, в. Ачоса Гомельскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне біяфізікі. Д-р біял. н. (1985). Скончыў БДУ (1965). У 1969—90 у Ін-це фотабіялогіі АН Беларусі. Навук. працы па пытаннях фотабіялогіі раслін.

Тв.:

Фотовосстановление протохлорофиллида. Мн., 1981.

Раскідвальнік: а — арганічных угнаенняў (1 — падкатная цялежка, 2 — самазвальная секцыя, 3 — асноўная секцыя, 4 — раскідвальнік); б — жыжкараспырсквальнік (I — помпы, 2 — трубаправод, 3 — цыстэрна, 4 — рукавы).

т. 13, с. 352

РАСКЛАДА́ННЕ НА МНО́ЖНІКІ,

тоеснае пераўтварэнне ліку ці мнагаскладу ў здабытак некалькіх сумножнікаў. Вядзе да спрашчэння матэм. выразаў.

Р. на м. цэлых лікаў важнае пры вывучэнні іх падзельнасці: любы састаўны лік можна пераўтварыць у здабытак простых лікаў, напр., 396 = 2∙2∙3∙3∙11. Мнагасклад ад адной пераменнай над зададзеным полем P не заўсёды можна паказаць у выглядзе здабытку мнагаскладаў больш нізкай ступені над тым жа полем (непрыводны мнагасклад). Кожны іншы мнагасклад ад адной пераменнай адназначна раскладаецца на здабытак непрыводных мнагаскладаў з дакладнасцю да парадку іх нумарацыі, а таксама да пастаянных множнікаў. Напр.; калі мнагасклад P(x) ступені n P(x) = a0 + a1x + ... + anxn, мае карані x1, x2, ..., xn, то справядліва Р. на м. P(x) = an(xx1) (xx2) ... (xxn).

т. 13, с. 352

РАСКЛА́ДАЎ ТЭО́РЫЯ,

раздзел аперацый даследавання, дзе будуюцца і аналізуюцца матэм. мадэлі каляндарнага планавання (упарадкавання і ўзгаднення ў часе пэўнай сукупнасці дзеянняў, падзей, аперацый, работ і інш.). Асн. мэта Р.т. — распрацоўка метадаў рашэння аптымізацыйных задач, што ўзніклі пры гэтым (гл. Аптымізацыі задачы і метады).

У задачах Р.т. зыходныя даныя звычайна дэтэрмінаваныя, у адрозненне ад задач масавага абслугоўвання тэорыі. Таму разглядаецца клас задач абслугоўвання канечнага мноства патрабаванняў адной ці некалькімі прыладамі ў дэтэрмінаванай абслуговай сістэме. Вывучаюцца таксама выліч. складанасць задач, магчымасці пабудавання набліжаных алгарытмаў рашэння, устойлівасць рашэнняў, многакрытэрыяльныя задачы. Выкарыстоўваецца ў кіраванні вытв-сцю, распрацоўцы графікаў руху транспарту, праграмна-мэтавым планаванні і кіраванні буйнымі праектамі, пабудаванні раскладаў заняткаў у навуч. установах, дыспетчарызацыі інфармацыйна-выліч працэсаў і інш.

На Беларусі даследаванні па праблемах Р.т. вядуцца з 1960-х г. у Ін-це матэматыкі і Ін-це тэхн. кібернетыкі Нац. АН, БДУ і інш.

Літ.:

Танаев В.С., Гордон В.С., Шафранский Я.М. Теория расписаний: Одностадийные системы. М., 1984;

Танаев В.С., Сотсков Ю.Н., Струсевич В.А. Теория расписаний: Многостадийные системы. М., 1989;

іх жа. Математические модели и методы календарного планирования. Мн., 1994.

В.​С.​Танаеў.

т. 13, с. 352

РАСКО́Л рэлігійны,

рэлігійна-грамадскі рух у Расіі, у выніку якога адбылося аддзяленне ад рус. правасл. царквы самаст. рэліг. плыні — стараабрадства. Зачэпкай для Р. з’явіліся рэформы 1653—60, праведзеныя патрыярхам Ніканам з мэтай павышэння аўтарытэту царквы і патрыяршаства і ўсталявання аднастайнасці ў царк. службе. Рэформа ліквідавала адрозненні паміж рус. і грэч. чынамі богаслужэння і прадугледжвала выпраўленні розначытанняў у рус. царк. кнігах паводле грэч. узораў. Нікан шырока выкарыстоўваў богаслужбовую практыку правасл. царквы ў Рэчы Паспалітай, дзе адрозненняў ад грэч. царквы не было; святары і манахі з Беларусі і Украіны (напр., Сімяон Полацкі) актыўна ўдзельнічалі ў правядзенні рэформы. Так 8-канцовы крыж быў заменены на 6-канцовы, 2-пальцавае хрышчэнне — 3-пальцавым, двайная (сугубая) алілуя — трайной і інш. Супраць новаўвядзенняў і за захаванне старой набожнасці выступіла частка духавенства на чале з пратапопамі Авакумам, Даніілам, Іванам Няронавым і інш. На царк. саборах 1654—55 і 1666—67 перамаглі прыхільнікі рэформ. Аднак праціўнікі перамен не падпарадкаваліся саборным пастановам і т.ч. «раскалолі» царкву (адсюль Р.). Раскольнікі падвяргаліся ганенням з боку патрыяршаства і царскай улады: іх высылалі на ўскраіны Расіі, знявольвалі ў турмы і манастыры, катавалі і каралі смерцю; шмат іх уцякло за мяжу, у т. л. на Беларусь. У 2-й пал. 17 ст. стараабрадства стала ідэйным сцягам самых розных апазіцыйных рухаў — ад антыфеад.-сялянскіх да кансерватыўна-баярскіх. Супярэчлівы характар, сац. неаднароднасць удзельнікаў Р. абумовілі наяўнасць розных па арганізацыі і ідэалогіі груповак стараабрадства.

Ю.​В.​Бажэнаў.

т. 13, с. 353

РАСКО́ЛАТЫ КА́МЕНЬ,

геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1974). Размешчаны за 1,8 км на ПдЗ ад в. Якімавічы Слонімскага р-на Гродзенскай вобл. 2 камлыгі дробназярністага шэрага граніту-гнейсу з жылкамі ружовага граніту. Паўн. камлыга даўж. 4,1 м, шыр. 2,7 м, выш. 3,8 м, у абводзе 14 м, аб’ём 23 мэ, маса каля 60 т; паўд.даўж. 4 м, шыр. 2,1 м, выш. 2,1 м, у абводзе 12 м, аб’ём 10 м³, маса каля 26 т. Прынесены ледавіком каля 220—150 тыс. гадоў назад са Скандынавіі адзіным блокам, які раскалоўся пры раставанні лёду. У мінулым меў культавае значэнне.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 13, с. 353

РАСКО́ЛЬНІКАЎ (сапр. Ільін) Фёдар Фёдаравіч

(28.1.1892, С.-Пецярбург — 12.9.1939),

савецкі ваен. і дзярж. дзеяч, дыпламат і літаратар. Скончыў у Пецярбургу політэхн. ін-т (1913) і Асобныя гардэмарынскія класы (1917). Бальшавік з 1910. У 1912 1-ы сакратар рэдакцыі газ. «Правда», высланы ў Германію (вярнуўся ў 1913 па амністыі). З 1914 у ВМФ, мічман. У 1917 рэдактар кранштацкай газ. «Голос правды», таварыш (нам.) старшыні Кранштацкага савета рабочых, салдацкіх і матроскіх дэпутатаў, старшыня Кранштацкага к-та бальшавікоў. Удзельнік Кастр. рэвалюцыі 1917. Да 1921 у сав. ВМФ, у т. л. камісар Марскога ген. штаба ў Петраградзе (з ліст. 1917), нам. наркома па марскіх справах (1918), каманд. Волжска-Каспійскай ваен. флатыліяй (з 1919) і Балт. флотам (1920—21). З 1921 паўпрэд РСФСР у Афганістане. З 1924 заг. аддзела ў Выканкоме Камінтэрна, рэдактар час. «Молодая гвардия» і «Красная новь». З 1928 старшыня Галоўрэперткома, нач. Галоўмастацтва. З 1930 зноў на дыпламат. працы; паўпрэд СССР у Эстоніі, Даніі, з 1934 у Балгарыі. У 1938 адкліканы, але, з прычыны пагрозы арышту, адмовіўся вярнуцца ў СССР, жыў у Францыі. У 1939 абвешчаны Вярх. судом СССР па-за законам. Выступіў у замежным друку з заявамі «Адкрыты ліст Сталіну» і «Як мяне зрабілі «ворагам народа» (абедзве 1939), у якіх выкрываў рэпрэсіўны, антынар. характар створанай Сталіным у СССР дыктатарскай сістэмы. Памёр у г. Ніца (Францыя). У 1963 пасмяротна рэабілітаваны. Аўтар кнігі ўспамінаў «Кранштат і Піцер у 1917 г.» (1925, 2-е выд. 1990), сац. трагедыі «Рабесп’ер» (1930), «Апавяданняў мічмана Ільіна» (1934), навел і інш. твораў.

Тв.:

О времени и о себе: Воспоминания, письма, документы. Л., 1989.

Літ.:

Гребельский З.В. Федор Раскольников. М., 1988.

У.​Я.​Калаткоў.

т. 13, с. 353

РАСКРАПО́ЎКА ў архітэктуры,

невялікі выступ плоскасці фасада, антаблемента, карніза і інш. Элементамі Р. могуць быць пілястры, лапаткі, стойкі каркаса, якія выступаюць на фасадзе будынка. Вядома са старажытнасці, пашырана ў класічных ордэрах манум. мураванай архітэктуры Стараж. Грэцыі і Рыма. Выкарыстоўваецца ў культавай і грамадз. архітэктуры пераважна для члянення або пластычнага ўзбагачэння фасада будынка.

Раскрапоўка на галоўным фасадзе адміністрацыйнага будынка па вуліцы Кірава ў Мінску.

т. 13, с. 353

РАСКРЫЎНЫ́Я РАБО́ТЫ,

выдаленне горных парод, што пакрываюць карысныя выкапні, з мэтай выяўлення іх пакладаў; адзін з гал. працэсаў адкрытай распрацоўкі радовішчаў. Для аддзялення (адбойкі) ад масіву цвёрдай пароды выконваюць узрыўныя работы. Пры распрацоўцы мяккіх парод адбойку сумяшчаюць з пагрузкай экскаватарамі, скрэперамі, бульдозерамі, сродкамі гідрамеханізацыі і інш. Пароды перамяшчаюць у адвал транспартна-адвальнымі мастамі, канвеерамі, адвалаўтваральнікамі і інш. Р.р. выконваюць пры буд-ве кар’ераў, а таксама ў працэсе іх эксплуатацыі (забяспечваюць доступ да карыснага выкапня).

т. 13, с. 353