РАСКО́Л рэлігійны,
рэлігійна-грамадскі рух у Расіі, у выніку якога адбылося аддзяленне ад рус. правасл. царквы самаст. рэліг. плыні — стараабрадства. Зачэпкай для Р. з’явіліся рэформы 1653—60, праведзеныя патрыярхам Ніканам з мэтай павышэння аўтарытэту царквы і патрыяршаства і ўсталявання аднастайнасці ў царк. службе. Рэформа ліквідавала адрозненні паміж рус. і грэч. чынамі богаслужэння і прадугледжвала выпраўленні розначытанняў у рус. царк. кнігах паводле грэч. узораў. Нікан шырока выкарыстоўваў богаслужбовую практыку правасл. царквы ў Рэчы Паспалітай, дзе адрозненняў ад грэч. царквы не было; святары і манахі з Беларусі і Украіны (напр., Сімяон Полацкі) актыўна ўдзельнічалі ў правядзенні рэформы. Так 8-канцовы крыж быў заменены на 6-канцовы, 2-пальцавае хрышчэнне — 3-пальцавым, двайная (сугубая) алілуя — трайной і інш. Супраць новаўвядзенняў і за захаванне старой набожнасці выступіла частка духавенства на чале з пратапопамі Авакумам, Даніілам, Іванам Няронавым і інш. На царк. саборах 1654—55 і 1666—67 перамаглі прыхільнікі рэформ. Аднак праціўнікі перамен не падпарадкаваліся саборным пастановам і т.ч. «раскалолі» царкву (адсюль Р.). Раскольнікі падвяргаліся ганенням з боку патрыяршаства і царскай улады: іх высылалі на ўскраіны Расіі, знявольвалі ў турмы і манастыры, катавалі і каралі смерцю; шмат іх уцякло за мяжу, у т. л. на Беларусь. У 2-й пал. 17 ст. стараабрадства стала ідэйным сцягам самых розных апазіцыйных рухаў — ад антыфеад.-сялянскіх да кансерватыўна-баярскіх. Супярэчлівы характар, сац. неаднароднасць удзельнікаў Р. абумовілі наяўнасць розных па арганізацыі і ідэалогіі груповак стараабрадства.
Ю.В.Бажэнаў.
т. 13, с. 353
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)