Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

МАЦЭ́СТА,

крыніцы серавадародных тэрмальных вод бальнеалагічнага курорта Сочы (Расія). Тэрмальныя (18—67 °C) сульфідна-хларыдна-натрыевыя воды з мінералізацыяй 3—41 г/л, маюць ёду да 12 мг/л, брому да 70 мг/л, радон, эфектыўныя пры лячэнні хвароб органаў кровазвароту, цэнтр. і перыферычнай нерв. сістэм, апорна-рухальнага апарата, скурных, гінекалагічных і інш. Лячэнне ўвесь год.

т. 10, с. 231

МАЦЮ́К (Уладзімір Фёдаравіч) (н. 25.5.1948, г.п. Асвея Верхнядзвінскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне прыкладной фізікі. Д-р тэхн. н. (1998). Скончыў БДУ (1971). З 1971 у Ін-це прыкладной фізікі Нац. АН Беларусі (з 1994 заг. лабараторыі). Навук. працы па працэсах намагнічвання ферамагнетыкаў, магн. метадах і сродках неразбуральнага кантролю структурнага стану ферамагн. вырабаў, іх метралагічным забеспячэнні.

Тв.:

Топография поля остаточной намагниченности над поверхностью ферромагнитного листа, локально намагниченного полем накладного соленоида // Дефектоскопия. 1995. № 11.

М.​П.​Савік.

т. 10, с. 231

МАЦЮ́К (Яраслаў Раманавіч) (н. 15.4.1939, с. Цэгаў Валынскай вобл., Украіна),

бел. вучоны ў галіне гістахіміі і электроннай мікраскапіі. Д-р біял. н., праф. (1986). Скончыў Львоўскі зоаветэрынарны ін-т (1962). З 1968 у Гродзенскім мед. ін-це (з 1997 заг. кафедры). Навук. працы па морфафункцыянальных уласцівасцях залоз страўніка пры дысбалансе ў арганізме стэроідных гармонаў і інш.

Тв.:

Марфалагічныя і бактэрыялагічныя аспекты ўзаемаадносін у сістэме маці — плод пры ўнутрыстраўнікавым заражэнні самак энтэрапатагенным штамам E. coli (у сааўт.) // Весці АН Беларусі. Сер. біял. навук. 1995. № 1;

Морфафункцыянальныя змены фалікулаў шчытападобнай залозы ў раннія тэрміны халестазу (у сааўт.) // Там жа. № 2.

т. 10, с. 232

МАЦЮ́ХІН (Уладзімір Аляксандравіч) (н. 11.6.1931, с. Петрапаўлаўка Мікалаеўскай вобл., Украіна),

бел. вучоны ў галіне фізіялогіі і біяфізікі. Акад. Нац. АН Беларусі (1995), д-р мед. н. (1965), праф. (1977). Акад. АМН СССР (1986, Расійскай АМН 1992). Скончыў 1-ы Ленінградскі мед. ін-т (1953). З 1978 дырэктар Ін-та фізіялогіі Сібірскага аддз. АМН СССР. З 1988 у Бел. НДІ радыяцыйнай медыцыны (да 1993 дырэктар), з 1994 у Ін-це фізіялогіі Нац. АН Беларусі. Навук. працы па экалогіі, біёніцы, біярытмалогіі, радыяцыйнай медыцыне. Сфармуляваў асн. палажэнні канцэпцыі дынамічнай рэгіянальнай геагр. нормы фізіял. паказчыкаў. Распрацаваў фізіялогію і хронаэкалогію геагр. перамяшчэнняў, звязаных са зменай чалавекам прыродна-кліматычных і сац.-вытв. умоў. Даследуе эколага-фізіял. і эколага-радыяцыйныя праблемы пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС, сістэмы жыццезабеспячэння пасля радыяцыйных катастроф.

Тв.:

Биоклиматология человека в условиях муссонов. Л., 1971;

Физиология перемещений человека и вахтовый труд. Новосибирск, 1986 (разам з С.​Г.​Крывашчокавым, Дз.​В.​Дзёміным);

Энергетика мышечной деятельности ныряющих млекопитающих. Новосибирск, 1988 (разам з Т.​В.​Няшумавай, У.​А.​Чарапанавай).

У.А.Мацюхін.

т. 10, с. 232

МАЦЮХО́Ў (Ігар Гаўрылавіч) (н. 28.4.1957, г. Магнітагорск, Расія),

бел. харавы дырыжор. Засл. дз. маст. Беларусі (1994). Скончыў Ленінградскую кансерваторыю (1981). З 1981 кіраўнік хар. капэлы БДУ, адначасова ў 1983—88 (з перапынкамі) — хору хлопчыкаў Муз. ліцэя пры Бел. кансерваторыі. Арганізатар (1988) і маст. кіраўнік Дзяржаўнага камернага хору Рэспублікі Беларусь. Яго ўдумлівыя адносіны да хар. партытур, эмацыянальнасць, гукавы сінтэз усх.- і зах.-еўрап. вак. школ дазваляюць хору выконваць творы кампазітараў розных эпох, стыляў і жанраў. Пад яго кіраўніцтвам хор выканаў прэм’еры буйных твораў бел. кампазітараў С.​Бельцюкова, У.​Дарохіна, А.​Залётнева, Ш.​Ісхакбаевай і В.​Шлеянкова, В.​Капыцько, С.​Картэса, І.​Лучанка і інш., запісаў першы ў свеце кампакт-дыск з творамі бел. духоўнай музыкі (1992).

Л.​А.​Сівалобчык.

т. 10, с. 232

МАЦЮШКО́Ў (Уладзімір Ягоравіч) (н. 10.4.1946, г. Віцебск),

бел. вучоны ў галіне лазернай тэхнікі і мікраэлектронікі. Д-р тэхн. н. (1990), праф. (1998). Скончыў БДУ (1968). З 1968 у Ін-це фізікі Нац. АН Беларусі. З 1975 у КБ дакладнага электроннага машынабудавання канцэрна «Планар» (з 1992 віцэ-прэзідэнт), адначасова з 1991 праф. БДУ і БПА. Навук. працы па лазерным прыладабудаванні і тэхнал. абсталяванні для мікраэлектронікі, праблемах стварэння лазерных аптычных сістэм тэхнал. абсталявання для вытв-сці электронных прылад. Дзярж. прэмія СССР 1986.

Тв.:

Синтез микроизображений лазерными растровыми сканирующими системами (разам з У.​У.​Нямковічам, У.​В.​Юрэвічам) // Электронная техника. Сер. 11. 1987. № 3.

М.​П.​Савік.

т. 10, с. 232

МАЦЮШО́Ў (Аляксей Дзмітрыевіч) (21.3.1916, в. Аўсішча Сенненскага р-на Віцебскай вобл. — 19.9.1943),

Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Харкаўскае ваен. вучылішча пагранічных войск (1940). У Чырв. Арміі з 1937. У Вял. Айч. вайну на фронце з 1941. Нач. штаба палка маёр М. вызначыўся ў баях на тэр. Смаленшчыны. У вер. 1943 на чале ўзвода аўтаматчыкаў і 2 узводаў 45-мм гармат прарваўся ў тыл праціўніка, завязаў бой, у выніку якога былі захоплены 4 мінамёты, 27 кулямётаў, 40 вінтовак, 18 аўтамашын і 3 рацыі. М. загінуў у баі.

А.​Дз.Мацюшоў.

т. 10, с. 232

МАЦЮШЭ́НКА (Уладзімір Якаўлевіч) (н. 18.6.1941, в. Перасвятое Рэчыцкага р-на Гомельскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне металазнаўства. Канд. тэхн. н. (1974), праф. (1991). Скончыў Гомельскі пед. ін-т (1964), там і працаваў. З 1985 у Бел. ун-це транспарту (заг. кафедры). Навук. працы па вывучэнні механізмаў разбурэння дынамічна кантактуемых матэрыялаў і метадах аховы ад яго.

Тв.:

Водородный износ цилиндропоршневой группы двигателей внутреннего сгорания (разам з М.​Ф.​Салаўём, В.​У.​Торапам) // Трение и износ. 1987. Т. 8, № 3.

т. 10, с. 232

МАЦЯЁВІЦКАЯ БІ́ТВА 1794,

бітва паміж паўстанцамі і рас. войскам у час паўстання 1794. Адбылася 10.10.1794 каля в. Мацяёвіцы недалёка ад Варшавы. Пасля Крупчыцкага бою 1794 і паражэння ад войск А.​В.​Суворава каля в. Цярэспаль 19.9.1794 Т.​Касцюшка сабраў рэшткі дывізіі К.​Серакоўскага, 2 палкі пяхоты, кавалерыйскую брыгаду, уланаў, 2 эскадроны кароннай гвардыі і столькі ж шляхецкай конніцы з-пад Брэста (разам 5600 чал. пры 21 гармаце). 9 кастр. войска Касцюшкі перакрыла дарогу корпусу І.​Я.​Ферзена (каля 20 тыс. чал. пры сотні гармат), які рухаўся насустрач Сувораву. На досвітку 10 кастр. Ферзен пачаў наступленне. Бітва скончылася паражэннем паўстанцаў, цяжка паранены Касцюшка быў узяты ў палон. Гэта адмоўна паўплывала на ўвесь ход паўстання і прадвызначыла яго паражэнне.

Я.​І.​Юхо.

т. 10, с. 232

МАЦЯЁЎСКІ ((Maciejowski) Вацлаў Аляксандр) (1792, г. Кальварыя-Забжыдоўская Малапольскага ваяв., Польшча — 10.2.1883),

польскі славяназнавец, гісторык культуры і права. Вучыўся ў Кракаўскім ун-це, Вроцлаве, Берліне, Гётынгене. Праф. рымскага права Варшаўскага ун-та (1819—31). Удзельнік паўстання 1830—31. У 1836—49 праф. класічнай філалогіі ў рымска-каталіцкай Духоўнай акадэміі ў Варшаве. У сваіх творах праводзіў ідэі агульнаслав. культ. адзінства. У працы «Гісторыя славянскіх заканадаўстваў» (т. 1—4, 1832—35; выд. перапрацавана, т. 1—6, 1856—65) даследаваў пытанні агульнасці слав. права. Выдаў зборнік крыніц па слав. праве «Помнікі гісторыі, пісьменства і заканадаўства славян» (т. 1—2, 1839). Аўтар прац «Пачатковая гісторыя Польшчы і Літвы...» (1846), «Польскія і літоўскія летапісы і хронікі» (1850), «Польскае пісьменства з найдаўнейшых часоў да 1830 г.» (т. 1—3, 1851—52), «Яўрэі ў Польшчы, Русі і Літве» (1878).

Дз.​У.​Караў.

т. 10, с. 232