Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

МАРАФО́НСКАЯ БІ́ТВА,

першая буйная бітва паміж грэч. і перс. войскамі ў 490 да н.э. ў час грэка-персідскіх войнаў 500—449 да н.э. каля мяст. Марафон непадалёку ад Афінаў. У час 2-га паходу ў Грэцыю перс. войска (20 тыс. чал.) высадзілася каля Марафона, каб рушыць на Афіны. Пры ўваходзе ў Марафонскую даліну яго сустрэла грэч. войска (11 тыс. чал.) пад камандаваннем Мільтыяда. Скарыстаўшы перавагі мясцовасці, грэч. фаланга бягом атакавала персаў, якія, аднак контратакавалі і здолелі прарваць слабы цэнтр грэкаў. Але на флангах грэкі разграмілі персаў і пад пагрозай акружэння прымусілі іх уцякаць да караблёў. М.б. затрымала новы паход персаў на Грэцыю на 10 гадоў, прадэманстравала перавагу грэч. ваеннай арг-цыі над персідскай, мела вял. ўплыў на ход грэка-перс. войнаў.

Літ.:

Дельбрюк Г. История военного искусства в рамках политической истории: Пер. с нем.: В 7 т. Т. 1. СПб., 1994.

Я.У.Новікаў.

т. 10, с. 105

МАРАФО́НСКІ БЕГ,

бег па шашы на найдаўжэйшую дыстанцыю (42 км 195 м); від лёгкай атлетыкі. Назва ад мястэчка Марафон, адкуль, паводле падання, пасля Марафонскай бітвы (490 да н.э.) грэч. воін-ганец пасланы ў Афіны з весткай аб перамозе над персамі. Не спыняючыся ў дарозе, ён прыбег у горад і, усклікнуўшы «Мы перамаглі», упаў мёртвым. М.б. уключаны ў праграму Алімп. гульняў з 1895 (Афіны; першы алімп. чэмпіён — грэч. спартсмен С.Луіс). Па М.б. праводзяцца міжнар. спаборніцтвы (Афіны; г. Бостан, ЗША, з 1895; г. Віндзар, Вялікабрытанія; Парыж, з 1976; г. Энсхедэ, Нідэрланды і інш.). Рэкорды (з-за рознага профілю трас) не фіксуюцца.

т. 10, с. 106

МАРА́ХІН (Сяргей Сцяпанавіч) (7.10.1911, в. Тотаршава Ардатаўскага р-на Ніжагародскай вобл., Расія — 15.6.1972),

савецкі ваен. дзеяч, ген. арміі (1968). Скончыў Ваен. акадэміі імя Фрунзе (1941) і Генштаба (1950). У Чырв. Арміі з 1931. У Вял. Айч. вайну на Паўн.-Зах., Бранскім, Варонежскім, 1-м Укр. франтах: нач. штаба танк. брыгады, штаба ўпраўлення бранятанк. і механіз. войск фронту, нач. аператыўнага аддзела танк. арміі, камандзір танк. брыгады. Пасля вайны на камандных пасадах у войсках, выкладчык Ваен. Акадэміі Генштаба. З 1960 1-ы нам. камандуючага, камандуючы Паўн. групай войск, у 1964—67 камандуючы войскамі БВА. З 1968 нам. міністра абароны — нач. тылу Узбр. Сіл СССР. Чл. ЦК КПСС у 1971—72, чл. ЦК КПБ у 1966—68. Дэп. Вярх. Савета СССР у 1966—72.

т. 10, с. 106

МАРАХО́ДНЫЯ Я́КАСЦІ судна,

сукупнасць характарыстык судна, якія вызначаюць яго плывучасць, астойлівасць, непатапляльнасць, ходкасць, кіравальнасць, узыходжанасць на хвалю і інш.

Вызначаюць магчымасць эксплуатацыі судна ў басейнах з рознымі гідраметэаралагічнымі ўмовамі (на рэках, вадасховішчах, партовых акваторыях, рэйдах, у пэўных марскіх раёнах) або без абмежавання раёна плавання. Залежаць ад памераў і суадносін гал. вымярэнняў судна (даўжыні, шырыні, вышыні борта, асадкі), формы абводаў (абрысу вонкавай паверхні корпуса), размеркавання мас па даўжыні і вышыні.

т. 10, с. 106

МАРАХО́ЎСКІ (Ілья) (свецкае імя Ірахім Стафанавіч; каля 1576, г. Львоў, Украіна — 1631),

пісьменнік-палеміст, паліт. і царк. дзеяч. Уніят. З 1596 вучыўся ў папскім калегіуме ў Рыме. Памагаў уніяцкаму мітрапаліту І.Пацею ў барацьбе супраць праваслаўных; мяркуюць, што ў сааўтарстве з ім напісаў кнігі «Гармонія» і «Рэляцыя» (Вільня, 1608 і 1609). У 1609 кароль Жыгімонт III Ваза прызначыў М. сваім сакратаром на ВКЛ, а пасля смерці Пацея (1613) выдаў яму прывілей на Уладзіміра-Брэсцкае епіскапства. Як епіскап удзельнічаў у з’ездзе уніятаў у Навагрудку (1624), рабоце Кобрынскага сінода 1626. Выступіў супраць палемічна-публіцыстычнага твора М.Сматрыцкага «Трэнас». У кн. «Перыгорыя...» (на польск. мове, Вільня, 1612) асудзіў ідэалогію брацкага руху. Аўтар «Размовы пра пачатак адарвання грэчаскай царквы ад рымскага касцёла...» (1622), «Рэляцыі аб жорсткім забойстве Іасафата Кунцэвіча, полацкага архіепіскапа» (1624; абодва на польск. мове, выдадзены ў Замосці).

А.Ф.Коршунаў.

т. 10, с. 106

МАРАХО́ЎСКІ (Юрый Харытонавіч) (н. 4.9.1945, г. Батумі, Грузія),

бел. вучоны ў галіне ўнутраных хвароб. Д-р мед. н. (1991). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1969). З 1994 дырэктар Рэсп. цэнтра гастраэнтэралогіі, адначасова з 1995 у Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі. Навук. працы па радыёімунных метадах даследавання гармонаў, патафізіялогіі і клінічных праяўленнях язвавага каліту і цырозу печані, гастрадуадэнальнай паталогіі, стандартызацыі гастраэнтэралагічнай дапамогі.

Тв.:

Общая гастроэнтерология. Основная терминология и диагностические критерии. Мн., 1995;

Хронический панкреатит // Рос. мед. журн. 1996. № 1.

т. 10, с. 106

МА́РАЧКІН (Аляксей Антонавіч) (н. 10.3.1940, в. Новая Слабада Чэрыкаўскага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. жывапісец. Скончыў Віцебскі пед. ін-т (1962), Бел.-тэатр. маст. ін-т (1972). З 1975 (з перапынкам) выкладае ў Бел. АМ (у 1990—96 заг. кафедры). У 1982—86 гал. мастак Маст. фонду Беларусі. Тэматыка яго твораў прысвечана гіст. падзеям мінулага і сучаснасці, раскрывае багацце духоўнай культуры бел. народа. Для ранніх твораў характэрны рэаліст. манера адлюстравання ў спалучэнні з аб’ёмна-пластычным, рэльефным пісьмом і сімволіка-алегарычнымі матывамі. З 1990 творы набываюць характар фармалістычных кампазіцый з камбінаванай манерай выканання і ўмоўнай перадачай аб’ёму. Стварыў партрэты выдатных дзеячаў бел. гісторыі і культуры: «Цётка» (1976), «Пачатак. Францыск Скарына» (1978), «М.Гусоўскі» (1980), «Вераніка і Максім» (1981), «Рагнеда» (1982), «Кірыла Тураўскі» (1987), «Сымон Будны» (1989), «Канцлер Вялікага княства Літоўскага Леў Сапега» (1994) і інш., серыю партрэтаў «Мае сучаснікі» (1980); філасофска-алегарычныя трыпціх «Размова аб вечнасці. Скарына і Парацэльс» (1989—90), цыкл твораў «Народныя легенды і паданні» (1990—91). Сярод тэматычных кампазіцый: «Мара пра палёт» (1974), «Жанчына з бульбай» (1975), «Гуканне вясны» (1976), «Чаканне» (1979), «Чароўныя арэлі» (1980), «Суладдзе» (1983), «Хто з вас без граху?» (1989), «Цяжар» (1991). Аўтар шматлікіх пейзажаў: «Адліга» (1974), «Дарога» (1976), «Абуджэнне» (1978), «Імкненне» (1979), «Рэчка Мнюта. Па мясцінах Я.Драздовіча» (1978) і інш. Чарнобыльская тэма адлюстравана ў творах «Планета Палын» (1987), «Хадора» (1989), «Маці Божая ахвяраў Чарнобыля» (1990), «Палеская мадонна» (1991) і інш. Да тэм бел. фальклору звярнуўся ў творах «Прывіды зімы», «Святаяннік» (абодва 1991), «Жывы куст», «Кароль птушак», «Начны прывід» (усе 1992). Эксперыментуе ў матэрыяле. Аўтар шматлікіх маляваных дываноў.

Л.Ф.Салавей.

А.Марачкін Канцлер Вялікага княства Літоўскага Леў Сапега. 1994.

т. 10, с. 106

МАРАЧКО́ВА,

вёска ў Расонскім р-не Віцебскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 27 км на 3 ад г.п. Расоны, 176 км ад Віцебска, 48 км ад чыг. ст. Верхнядзвінск. 240 ж., 95 двароў (1999). Базавая школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі. Помнікі партызанам і землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 10, с. 106

МА́РАШ (Maros),

назва р. Мурэш на тэр. Венгрыі.

т. 10, с. 106

МАРА́Ш (Maras),

горад на Пд Турцыі, у адгор’ях Таўра. Адм. ц. іля Мараш. Каля 300 тыс. ж. (1997). Вузел аўтадарог. Прам-сць; харч., тэкст., металаапрацоўчая. Дыванаткацтва. Музей хетаў. Турызм.

т. 10, с. 106