Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Корнел Эрык

т. 18, кн. 1, с. 410

КО́РНЕР (ад англ. corner кут, to corner загнаць у кут),

скупка біржавых кантрактаў, тавараў адной ці некалькімі юрыд. ці фіз. асобамі з мэтай далейшага перапродажу. У выніку ствараецца ненатуральны дэфіцыт тавару на рынку, а іх цэны павялічваюцца, што забяспечвае атрыманне прыбытку. Біржавымі правіламі К. забараняецца.

т. 8, с. 421

КО́РНЕЎ (Леанід Сямёнавіч) (1915, в. Спас-Слабада, цяпер у межах г. Полацк Віцебскай вобл. — 20.10.1944),

Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў ваен. пях. вучылішча (1943). У Вял. Айч. вайну на фронце з мая 1942. Нам. камандзіра батальёна па палітчастцы ст. лейтэнант К. вызначыўся 5.9.1944 пры фарсіраванні р. Нараў (Польшча). Памёр ад ран.

Л.С.Корнеў.

т. 8, с. 421

КО́РНІШЫ,

гл. Карнуэльскія куры.

т. 8, с. 421

КО́РНУАЛ (Cornwall),

паўвостраў на ПдЗ Вялікабрытаніі. Даўж. каля 150 км, шыр. 80 км. Абмываецца прал. Ла-Манш і Брыстольскім залівам. Берагі пераважна скалістыя, невысокія, моцна парэзаныя неглыбокімі залівамі. Пераважаюць пласкагор’і выш. да 621 м (Дартмур) і ўзгорыстыя раўніны. Складзены з пясчанікаў, сланцаў, гранітаў. Радовішчы волава і медзі. Клімат умераны, акіянічны. Ападкаў больш за 1000 мм за год. Густая сетка паўнаводных рэк. Шыракалістыя лясы (дуб, бук), верасоўнікі, тарфянікі. Жывёлагадоўля. Агародніцтва, кветкаводства. Зімовыя курорты. Порт Плімут.

т. 8, с. 421

КО́РНФАРТ ((Cornforth) Джон Уоркап) (н. 7.9.1917, г. Сідней, Аўстралія),

англійскі хімік-арганік. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1953). Вучыўся ў Сіднейскім і Оксфардскім (з 1939) ун-тах. З 1946 у Савеце па мед. даследаваннях (Вялікабрытанія), з 1962 дырэктар лабараторыі хім. энзімалогіі фірмы «Шэл», з 1975 праф. Сусекскага ун-та. Навук. працы па біяарган. хіміі. Прымаў удзел у праграме па высвятленні будовы пеніцыліну. Ажыццявіў татальны сінтэз неараматычнага стэроіда (1951). Даследаваў механізм біясінтэзу халестэрыну з дапамогай распрацаванага ім метаду мечаных папярэднікаў. Нобелеўская прэмія 1975.

Дж.У.Корнфарт.

т. 8, с. 421

КО́РНЯ,

возера ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Густатка, за 18 км на ПдУ ад г. Браслаў. Пл. 0,28 км², даўж. 1 км, найб. шыр. 380 м, даўж. берагавой лініі каля 2,4 км. Пл. вадазбору 3,5 км². Схілы катлавіны вы ш. 2—4 м, пераважна пад хмызняком, на Пн разараныя. На З выцякае р. Корынка.

т. 8, с. 421

КО́РПУС (ад лац. corpus цела, адзінае цэлае),

1) тулава чалавека, жывёліны.

2) Каркас судна.

3) Асн. частка машыны, механізма, прылады, апарата, у якую манціруюцца інш. дэталі.

4) Адно з некалькіх збудаванняў, размешчаных на агульнай дзялянцы; ізаляваная частка вял. збудавання.

5) Паліграф. шрыфт, кегль (памер) якога роўны 10 пунктам (каля 3,76 мм).

6) К. дыпламат.гл. Дыпламатычны корпус.

7) У дарэв. Расіі некаторыя ваен. сярэднія навуч. ўстановы закрытага тыпу, напр., кадэцкі К., марскі К. 8) К. жандараў — гл. Жандармерыя.

т. 8, с. 421

КО́РПУС (ваен.),

вышэйшае тактычнае або аператыўна-тактычнае злучэнне (аб’яднанне) узбр. сіл многіх дзяржаў.

Складаецца з некалькіх тактычных злучэнняў (дывізій, брыгад), часцей (палкоў і інш.), а таксама органаў кіравання. Бываюць К. сухапутных войск, ППА, механізаваныя, танк., авіяц., артыл. і інш. На тэр. Рэспублікі Беларусь размешчаны 3 армейскія К. (5, 28, 65-ы; узбр. сілы) і К. аховы грамадскага парадку (унутр. войскі).

Р.Ч.Лянькевіч.

т. 8, с. 421

КО́РПУС-КРЫ́СТЫ (Corpus Christi),

горад на Пд ЗША ў штаце Тэхас. Засн. ў 1838. Каля 360 тыс. ж. (1990, з прыгарадамі). Трансп. вузел. Аэрапорт. Марскі порт пры ўпадзенні р. Нуэсес у Мексіканскі зал. (вываз нафты і нафтапрадуктаў). Цэнтр здабычы і перапрацоўкі нафты і прыроднага газу. Нафтахім. прам-сць, вытв-сць нафтавага абсталявання. Выплаўка алюмінію і цынку. Ун-т. Прыморскі клімат, курорт.

т. 8, с. 421