ДЭГІДРАГЕНА́ЗЫ,
ферменты класа аксідарэдуктаз, што каталізуюць акісляльна-аднаўленчыя рэакцыі пераносу вадароду (электрона) ад субстрату да акцэптара. Вельмі пашыраны ў прыродзе, удзельнічаюць у рэакцыях, што складаюць аснову акіслення біялагічнага і энергет. забеспячэння клетак (гл. Дыханне), некаторыя ў аднаўленчых біясінт. працэсах.
Паводле хім. прыроды Д. — пратэіды з пірымідзінавымі (НАД, НАДФ) ці флавінавымі (ФАД, ФМН) каферментамі — акцэптарамі атамаў вадароду. Падзяляюцца на аэробныя (пераносяць вадарод непасрэдна на малекулярны кісларод) і анаэробныя (акцэптарам вадароду можа быць іншая Д.). Назва Д. даецца па субстраце, што акісляецца (напр., Д., якая дэгідрыруе этылавы спірт, наз. алкагольдэгідрагеназай, малочную кіслату — малатдэгідрагеназай і інш.).
т. 6, с. 324
ДЭГІДРАГЕНІЗА́ЦЫЯ,
хімічны працэс адшчаплення вадароду (гідрагену) ад малекулы арган. злучэння; рэакцыя, адваротная гідрагенізацыі. Звычайна прыводзіць да ўтварэння падвойнай сувязі (C=C, C=O і інш.). Ажыццяўляецца ў прысутнасці каталізатараў або пад уплывам акцэптараў вадароду пры т-ры 300—550 °C і паніжаным ціску (0,1—5 МПа). У чалавека і жывёл Д. — адна са стадый біял. акіслення рэчываў, якія паступаюць у арганізм, адбываецца ў прысутнасці ферментаў — дэгідрагеназ. Выкарыстоўваецца ў вытв-сці этылену з этану, стыролу з этылбензолу, бутадыену з бутану ці бутэнаў, ацэтону з ізапрапілавага спірту і інш.; адбываецца пры тэрмічным крэкінгу і каталітычным рыформінгу. Гл. таксама Дэгідрацыклізацыя.
т. 6, с. 324
ДЭГІДРАТА́ЦЫЯ (ад дэ... + гідратацыя),
адшчапленне вады ад малекул арган. або неарган. рэчываў; рэакцыя, адваротная гідратацыі.
Ажыццяўляецца тэрмічна ў прысутнасці каталізатараў ці пад уздзеяннем рэчываў, якія звязваюць ваду (напр., серная к-та, аксід фосфару P2O5). Адрозніваюць Д. ўнутры- і міжмалекулярную. У выніку ўнутрымалекулярнай Д. арган. злучэнняў утвараюцца кратныя сувязі (напр., сінтэз этылену з этылавага спірту) ці гетэрацыклы (рэакцыі цыкладэгідратацыі). Пры міжмалекулярнай Д. спіртоў утвараюцца простыя эфіры, сумесі спірту і к-ты — складаныя эфіры. Д. арган. і неарган. кіслот атрымліваюць ангідрыды. Да Д. адносіцца таксама абязводжванне — выдаленне крышталізацыйнай вады з крышталегідратаў і вады, адсарбіраванай рэчывам.
т. 6, с. 324
ДЭГІДРАЦЫКЛІЗА́ЦЫЯ,
рэакцыя ўтварэння бензолу і яго найбліжэйшых гамолагаў (талуолу, ксілолу і інш.) з алканаў і алкенаў, малекулы якіх маюць не менш як 5 атамаў вугляроду ў галоўным ланцугу. Рэакцыя Д. (араматызацыі парафінавых вуглевадародаў) адкрыта сав. хімікамі Б.А.Казанскім і А.Ф.Платэ (1936). Адбываецца на аксідных каталізатарах пры дэгідрагенізацыі. Д. над плацінай пры 300 °C гамолагаў бензолу з бакавым ланцугом з 4 і болей атамаў вугляроду атрымліваюць нафталін і яго гамолагі.
т. 6, с. 325
ДЭГІ́Ш (цюрк.),
катастрафічнае разбурэнне рачных берагоў паводкавымі водамі. Тэрмін ужываецца пераважна ў Сярэдняй Азіі. Напр., у выніку Д. на Амудар’і ў 1940-х г. разбураны г. Турткуль.
т. 6, с. 325
ДЭГРАДА́ЦЫЯ (лац. degradatio літар. зніжэнне),
паступовае пагаршэнне, заняпад; зніжэнне або страта станоўчых якасцей.
т. 6, с. 325
ДЭГРАДА́ЦЫЯ ПРЫРО́ДЫ,
пагаршэнне ці страта станоўчых якасцей прыроднага асяроддзя. Тэрмін часцей выкарыстоўваецца ў адносінах да канкрэтных аб’ектаў і кампанентаў прыроднага асяроддзя, напр., дэградацыі глеб (паніжэнне ўрадлівасці глеб, выкліканае прыроднай зменай умоў глебаўтварэння або гасп. дзейнасцю чалавека), дэструкцыі ландшафтаў, рэкрэацыйнай дыгрэсіі (гл. Дыгрэсія) і інш., папярэджанне якіх складае адну з гал. задач аховы прыроды. Да Д.п. адносіцца таксама біядэградацыя.
т. 6, с. 325
ДЭГУСТА́ЦЫЯ (ад лац. degustatio каштаванне),
ацэнка якасці харч. прадуктаў арганалептычным спосабам (органамі зроку, нюху, смаку).
Пры Д. віна вызначаюцца смак, букет, празрыстасць і колер, для пеністых яшчэ і пеністасць. Пры Д. чаю ацэньваецца пах, смак і колер настою, выгляд сухога чаю і разваранага ліста. У тытуні вызначаюць пах, смак, моцнасць, наяўнасць у дыме алеістых рэчываў. Дэгустуюць таксама стравы, кансервы і інш. прадукты.
т. 6, с. 325
ДЭДА́Л І ІКА́Р,
персанажы старажытнагрэчаскай міфалогіі. Дэдал — выдатны вынаходнік, механік, будаўнік, скульптар. Ікар — яго сын. Паводле міфа, Дэдал па загадзе крыцкага цара Мінаса пабудаваў лабірынт для Мінатаўра і дапамог Арыядне вызваліць з лабірынта Тэсея, за што разам з Ікарам быў зняволены. Д. і І. зрабілі з пер’я і воску крылы, бацька даляцеў да Сіцыліі, а сын занадта наблізіўся да сонца, воск на крылах растапіўся, Ікар зваліўся ў мора і загінуў. Вобраз Ікара, чалавека, які ўзляцеў да сонца, часта выкарыстоўваецца ў л-ры, выяўл. мастацтве, музыцы.
т. 6, с. 325
ДЭ́ДВЕЙТ (англ. deadweight, літар. мёртвы груз),
поўная грузападымальнасць судна (сумарная маса грузу, пасажыраў, экіпажа, паліва і інш.). Д. пры асадцы па грузавую марку — асн. эксплуатацыйная характарыстыка марскога судна. Д. роўны рознасці паміж водазмяшчэннем і ўласнай масай судна з гатовымі да дзеяння механізмамі (з запоўненымі паліўнымі трубаправодамі, вадой у катлах і цеплаабменніках і інш.).
т. 6, с. 325