Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

«ГО́ЛАС ЦАРКВЫ́»,

рэлігійна-грамадскі часопіс правасл. беларусаў. Выдаецца з 1955 у Нью-Йорку на бел. мове, напачатку яго выдавала Царк. рада Бел. аўтакефальнай правасл. царквы ў Нью-Йорку (БАПЦ), з 1960 — Епархіяльная управа БАПЦ у Нью-Йорку, потым Рада БАПЦ. Выходзіць 2 разы на год (на Вялікдзень і Каляды). У рэд. калегію ў розны час уваходзілі архіепіскап Васіль (У.Тамашчык), М.Гарошка, Я.Запруднік, П.Манькоўскі, М.Міцкевіч, М.Тулейка і інш. Асвятляе пытанні набажэнства, гісторыі бел. правасл. царквы, дзейнасць бел. прыходаў на эміграцыі. Друкуе архіпастырскія пасланні да вернікаў, тэксты малітваў з нагоды пэўных дат, матэрыялы па гісторыі правасл. брацтваў ВКЛ, манастыроў і цэркваў Беларусі. Аналізуе старадаўнія рэліг. рукапісы, змяшчае артыкулы пра жыццё і творчасць бел. асветнікаў і літаратараў, іх літ. творы.

М.М.Міцкевіч.

т. 5, с. 323

«ГО́ЛАС ЧА́СУ»,

рэлігійна-грамадскі часопіс правасл. беларусаў. Выдаецца з ліп. 1989 у Лондане на бел. мове правасл. бел. суполкай, якая гуртуецца вакол прыхода Ефрасінні Полацкай у Лондане Бел. правасл. царквы на эміграцыі. Выходзіць раз у 2 месяцы. Рэдактар Ю.Весялкоўскі. Асвятляе пытанні гісторыі хрысціянства, яго ролі ў развіцці культуры народаў свету, у т. л. Беларусі (нарыс Весялкоўскага «Хрысціянства ад Галілеі да Беларусі»), гісторыі Беларусі ад часоў ВКЛ да нашых дзён, праблемы бел. нац. адраджэння. Інфармуе пра жыццё бел. эміграцыі, паліт., эканам. і культ. становішча ў Рэспубліцы Беларусь і інш.

Л.У.Языковіч.

т. 5, с. 323

ГО́ЛАЦК,

вёска ў Пухавіцкім р-не Мінскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 33 км на ПнЗ ад Мар’інай Горкі (райцэнтр), 26 км ад Мінска, 12 км ад чыг. ст. Седча. 494 ж., 183 двары (1996). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі.

т. 5, с. 323

ГО́ЛБІЦА,

радовішча глін у Пастаўскім р-не Віцебскай вобл., за 1,7 км на ПнЗ ад в. Кеўлічы, каля р. Голбіца. Пластавы паклад звязаны з азёрна-ледавіковымі адкладамі паазерскага зледзянення. Гліны чырвона-бурыя, цёмна-карычневыя, пластычныя, з невял. колькасцю буйназярністых часцінак. Разведаныя запасы 11,9 млн. м³, перспектыўныя 32,8 млн. м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 2,6—22,3 м, ускрыты 1,5—5,5 м. Гліны прыдатныя на вытв-сць цэглы.

А.П.Шчураў.

т. 5, с. 323

ГО́ЛБРЭЙТ, Гэлбрэйт (Galbraith) Джон Кенет (н. 15.10.1908, г. Аяна-Стэйшэн, Канада), амерыканскі эканаміст, філосаф. Скончыў ун-т у Таронта (1931). Праф. эканомікі Гарвардскага ун-та. Прыхільнік дзярж. рэгулявання эканомікі (распрацаваў тэорыю «ўраўнаважвальнай сілы», у якасці якой выступае дзяржава, што спрыяе стварэнню раўнавагі паміж попытам і прапановай). Аўтар канцэпцыі новага індустрыяльнага грамадства, дзе вырашальная роля належыць «тэхнаструктуры» (увасабленне калектыўнай улады спецыялістаў розных узроўняў). Выступаў за мірнае суіснаванне капіталіст. і сацыяліст. сістэм, прытрымліваўся канвергенцыі тэорыі.

Тв.:

Рус. пер. — Новое индустриальное общество. М., 1969;

Экономические теории и цели общества. М., 1979;

Жизнь в наше время: Воспоминания. М., 1986;

Капитализм, социализм, сосуществование. М., 1988 (разам з С.Меншыкавым).

У.К.Лукашэвіч.

т. 5, с. 323

ГО́ЛДАВА,

вёска ў Лідскім р-не Гродзенскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 32 км на ПдЗ ад Ліды, 110 км ад Гродна, 6 км ад чыг. ст. Курган. 458 ж., 165 двароў (1996). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — царква Раства Багародзіцы (1795).

т. 5, с. 323

ГО́ЛДСМІТ (Goldsmith) Олівер

(10.11.1730, Кілкені-Уэст, графства Уэстміт, Ірландыя — 4.4.1774),

англійскі пісьменнік. Скончыў Дублінскі ун-т (1749). Вывучаў медыцыну ва ун-тах Эдынбурга і Лейдэна (1752—56). Праф. Каралеўскай акадэміі (з 1770). Першы твор — «Даследаванне пра сучасны стан славесных навук у Еўропе» (1759). Вядомасць яму прынёс цыкл сатыр. нарысаў, прысвечаных найважнейшым праблемам духоўнага і паліт. жыцця Англіі, «Грамадзянін свету, або Пісьмы кітайскага філосафа, які жыве ў Лондане, сваім сябрам на Усходзе» (1760—61). Новым этапам у англ. асветніцкай л-ры стаў напісаны ў рэчышчы сентыменталізму яго раман «Уэйкфілдскі святар» (1766), у якім паказана патрыярхальнае жыццё ў адзінстве з прыродай, непрыняцце эгаізму «вялікага свету». Паэмы «Вандроўнік» (1764) і «Пакінутая вёска» (1770) з дэмакратычнасцю мовы і жанравымі навацыямі прадвызначылі пазнейшыя адкрыцці рамантыкаў. Аўтар камедый «Дабрачок» (1766) і «Ноч памылак» (1773), сатыр. паэмы «Адплата» (1774), літ.-крытычных трактатаў.

Тв.:

Рус. пер. — Избранное. М., 1978.

Н.М.Саркісава.

т. 5, с. 323

ГО́ЛДСТАЙН (Goldstein) Джозеф Леанард

(н. 18.4.1940, г. Самтэр, ЗША),

амерыканскі генетык. Д-р медыцыны (1966), праф. медыцыны і генетыкі (1977). Скончыў ун-т Вашынгтона і Лі ў г. Лексінгтан (штат Віргінія, 1962). Працаваў у Бостане, Сіэтле, з 1972 у паўд.-зах. мед. школе Тэхаскага ун-та. Навук. працы па механізме транспарту ліпідаў і рэгуляцыі халестэрынавага абмену ў арганізме жывёл і чалавека, прафілактыцы і лячэнні атэрасклерозу. Нобелеўская прэмія 1985 (разам з М.С.Браўнам).

т. 5, с. 323

ГО́ЛДЫНГ (Goldińg) Уільям Джэралд

(19.9.1911, Сент-Колем-Майнар, графства Корнуал, Вялікабрытанія — 19.6.1993),

англійскі пісьменнік. Скончыў Оксфардскі ун-т (1935). Удзельнік 2-й сусв. вайны. На яго светаадчуванне істотна паўплывала філасофія экзістэнцыялізму. Вядомасць Голдынгу прынёс раман-антыутопія «Валадар мух» (1954; экранізаваны ў 1963), у якім паказаў, што недасканаласць цывілізацыі і разбуральныя інстынкты асобы здольны прывесці сілы зла да ўлады ў свеце. Аўтар філас. раманаў-прытчаў альбо «баек»; «Нашчадкі» (1955), «Зладзюжка Марцін» (1956), «Свабоднае падзенне», «Шпіль» (1964), «Піраміда» (1967), «Бачная цемра» (1979), «Рытуалы пасвячэння» (1980), «Папяровыя людзі» (1984) і інш.; зб. публіцыстычных і крытычных нарысаў «Гарачая брама» (1965, у т. л. праграмнае эсэ «Прытча»), вершаў, радыёп’ес. Асэнсоўваў праблемы: чалавек—цывілізацыя, асоба—гісторыя, душа—Бог, ідэал—рэальнасць, выбар, небяспека таталітарызму і фанатызму. Дамінуючым у яго творчасці заставалася пытанне аб чалавечай прыродзе, суаднесенасці ў ёй біялагічнага і духоўнага. Прозе Голдынга ўласцівы спалучэнне рэалістычных і авангардысцкіх тэндэнцый, шматзначнасць вобразаў і сітуацый, дыдактычнасць. Нобелеўская прэмія 1983.

Тв.:

Lord of the Flies;

The Pyramid;

Envoy Extraordinary. М., 1982;

Рус. пер. — Шпиль и другие повести. М., 1981;

Чрезвычайный посол // Современная английская повесть. М., 1984;

Повелитель мух. М., 1990;

Пирамида // Иностр. лит. 1996. № 3.

Літ.:

Ивашева В.В. В споре о человеке // Ивашева В.В. Эпистолярные диалоги. М., 1983;

Яе ж. Роман философской тенденции // Ивашева В.В. Литература Великобритании XX в. М., 1984.

Е.А.Лявонава.

т. 5, с. 324

ГО́ЛІКАЎ Іван Іванавіч

(6.1.1887, Масква — 31.3.1937),

рускі майстар палехскай мініяцюры. Засл. дз. маст. РСФСР (1933). Вучыўся і працаваў у іканапісных майстэрнях с. Палех, Масквы і Пецярбурга. Выкладаў у Палехскім маст. вучылішчы. На аснове традыцый строганаўскай школы жывапісу і палехскага іканапісу 18 ст. стварыў адметны стыль мініяцюрнага жывапісу тэмперай на лакавых вырабах, які вылучаецца вытанчанай дэкаратыўнасцю, дынамічнасцю: «Тройкі вясельныя», «Тры музыканты» (абедзве 1924), «Бітва» (1928), «Чырвоныя партызаны» (1935). Выконваў таксама іл. тэмперай (да «Слова аб палку Ігаравым», 1934), дэкар. пано.

т. 5, с. 324