ГО́ЛДСМІТ
(Goldsmith) Олівер (10.11.1730, Кілкені-Уэст, графства Уэстміт, Ірландыя — 4.4.1774),
англійскі пісьменнік. Скончыў Дублінскі ун-т (1749). Вывучаў медыцыну ва ун-тах Эдынбурга і Лейдэна (1752—56). Праф. Каралеўскай акадэміі (з 1770). Першы твор — «Даследаванне пра сучасны стан славесных навук у Еўропе» (1759). Вядомасць яму прынёс цыкл сатыр. нарысаў, прысвечаных найважнейшым праблемам духоўнага і паліт. жыцця Англіі, «Грамадзянін свету, або Пісьмы кітайскага філосафа, які жыве ў Лондане, сваім сябрам на Усходзе» (1760—61). Новым этапам у англ. асветніцкай л-ры стаў напісаны ў рэчышчы сентыменталізму яго раман «Уэйкфілдскі святар» (1766), у якім паказана патрыярхальнае жыццё ў адзінстве з прыродай, непрыняцце эгаізму «вялікага свету». Паэмы «Вандроўнік» (1764) і «Пакінутая вёска» (1770) з дэмакратычнасцю мовы і жанравымі навацыямі прадвызначылі пазнейшыя адкрыцці рамантыкаў. Аўтар камедый «Дабрачок» (1766) і «Ноч памылак» (1773), сатыр. паэмы «Адплата» (1774), літ.-крытычных трактатаў.
Тв.:
Рус. пер. — Избранное. М., 1978.
Н.М.Саркісава.
т. 5, с. 323
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)