Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ТРЭ́ЦІ ЗАКО́Н ТЭРМАДЫНА́МІКІ,

адзін з законаў тэрмадынамікі, паводле якога энтрапія раўнаважнай сістэмы набывае канечнае лімітнае значэнне пры імкненні т-ры да абсалютнага нуля; тое, што Нернста тэарэма.

т. 16, с. 16

ТРЭ́ЦІ З’ЕЗД БЕЛАРУ́САЎ СВЕ́ТУ.

Адбыўся 5—6.7.2001 у Мінску. Прысутнічалі 139 дэлегатаў і 35 гасцей з 18 краін свету, якія прадстаўлялі 72 арг-цыі бел. дыяспары; 144 дэлегаты і 157 гасцей з Беларусі, у ліку якіх былі прадстаўнікі дзярж. структур, замежных пасольстваў, міжнар. арг-цый АБСЕ і ААН. Арганізаваны Міжнар. грамадскім аб’яднаннем «Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына» (МГА «ЗБС «Бацькаўшчына»), Мэты: кансалідацыя бел. нацыі, умацаванне бел. грамадзянскай супольнасці. З’езд прыняў дэкларацыі «Наш шлях: вартасці і мэты», «Беларуская дыяспара і свет»; рэзалюцыі аб дзейнасці МГА «ЗБС «Бацькаўшчына», аб падтрымцы МГА «ЗБС «Бацькаўшчына» і кансалідацыі бел. дыяспары; заяву аб бел. мове і інш. У прынятай з’ездам Праграме «Замежная беларуская супольнасць у XXI стагоддзі (асноўныя дзеянні па кансалідацыі і дапамозе беларускай дыяспары да 2005 г.)» вызначаны гал. задачы: стварэнне Дзярж. к-та па дыяспары, прыняцце закона «Аб беларускай дыяспары», абарона правоў бел. нац. меншасці ў краінах яе пражывання праз заключэнне адпаведных міждзярж. пагадненняў. На з’ездзе працавалі секцыі: бел. дыяспара: праблемы і перспектывы; бел. навука, культура, л-ра і мастацтва на Радзіме і ў замежжы; бел. сусв. інфарм. прастора. Адбылася прэзентацыя кн. «Гістарычны шлях беларускай нацыі і дзяржавы» (2001). З’езд спрыяў ўмацаванню цесных сувязей паміж МГА «ЗБС «Бацькаўшчына» як гал. арг-цыяй у метраполіі і бел. суполкамі ў замежжы, удакладніў перспектыўныя кірункі шматузроўневага ўзаемадзеяння (эканам., інфарм., культурніцкага) беларусаў на Радзіме і за мяжой дзеля супольнай карысці, прапанаваў механізмы вырашэння актуальных праблем нац. жыцця ў галіне навукі. эканомікі, адукацыі і культуры, падсумаваў вынікі працы за міжз’ездаўскі перыяд. Выбраў Вял. раду (134 чал.), прэзідэнта МГА «ЗБС «Бацькаўшчына» (А.​Грыцкевіч), старшыню Рады (А.​Макоўская).

А.​П.​Макоўская.

т. 16, с. 16

ТРЭ́ЦІ З’ЕЗД КП(б)Б, VIII канферэнцыя КП(б)Б. Адбыўся 22—26.11.1920 у Мінску. Прысутнічалі 63 дэлегаты ад 1700 чл. партыі з 6 паветаў б. Мінскай губ. і г. Мінска, а таксама 5 дэлегатаў з рашаючым голасам ад ЦК КСМБ. [Самы нешматлікі па колькасці дэлегатаў з’езд за ўсю гісторыю КП(б)Б]. Гэта быў 1-ы з’езд КП(б)Б пасля вызвалення Беларусі ад польскіх войск і прыняцця Дэкларацыі аб абвяшчэнні незалежнасці Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь (31.7.1920). Парадак дня: справаздача ЦК КП(б)Б (В.​Г.​Кнорын); сучасны момант і задачы Кампартыі Беларусі (І.​І.​Рэйнгольд, садакладчык Кнорын); эканам. становішча Беларусі (А.​Р.​Чарвякоў); прафесійны рух (Я.​Б.​Генкін); арганізац. пытанне (Кнорын); аб узаемаадносінах ССРБ з РСФСР; выбары. З’езд падкрэсліў, што ва ўмовах Пераходу ад «вялікай рэвалюцыйнай вайны да малой вайны», якая вялася ў формах барацьбы з сял. выступленнямі, КП(б)Б накіроўвае сваю палітыку на ўмацаванне пазіцый сацыялізму ў эканоміцы Беларусі і саюзу рабочага класа з сялянствам. У тэзісах «Задачы прафсаюзнага руху ў Беларусі» пераважалі паліт. лозунгі па ўцягненні мас у прафс. і сав. буд-ва; канкрэтныя меры па паляпшэнні становішча рабочых не называліся. У тэзісах «Па арганізацыйным пытанні» вызначаліся статус і прынцыпы пабудовы Кампартыі Беларусі: «КП(б)Б ёсць абласная арганізацыя РКП(б), якая праводзіць у жыццё прынцыпы і тактыку РКП(б), дапасоўвае яе да мясцовых умоў і ў агульным і цэлым падпарадкоўваецца дырэктывам ЦК РКП (бальшавікоў)». У тэзісах «Па пытанні аб арганізацыі Савецкай улады» адзначалася, што «Беларусь з’яўляецца Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікай, адначасова з’яўляецца састаўной часткай РСФСР, і ўсе органы ў галіне агульных мерапрыемстваў павінны быць падпарадкаваны адпаведным камісарыятам РСФСР, аднак мець пэўную свабоду ў вырашэнні пытанняў мясцовага жыцця, у якіх імі павінны кіраваць ЦВК і Саўнарком Беларусі». Гэта было поўным прызнаннем вяршэнства органаў улады і кіравання РСФСР над адпаведнымі органамі ССРБ. З’езд выбраў ЦК КП(б)Б з 9 чл. і 4 канд. у чл., Кантрольную камісію з 5 чл. (у пратаколе пазначаны толькі 3 прозвішчы), Рэвіз. камісію з 3 чл. і 2 кандыдатаў.

Літ.:

3-й съезд Коммунистической партии (большевиков) Белоруссии. Мн., 1921;

Коммунистическая партия Белоруссии в резолюциях и решениях съездов и пленумов ЦК. Т. 1. 1918—1927. Мн., 1983.

В.​Ф.​Кушнер.

т. 16, с. 17

ТРЭ́ЦІ ІНТЭРНАЦЫЯНА́Л,

гл. Камуністычны Інтэрнацыянал.

т. 16, с. 17

ТРЭ́ЦІ ПАДЗЕ́Л РЭ́ЧЫ ПАСПАЛІ́ТАЙ.

Ажыццёўлены ў 1795 Расіяй, Прусіяй і Аўстрыяй у выніку падаўлення паўстання 1794. Расія планавала адзінаўладна распарадзіцца лёсам Рэчы Паспалітай, зыходзячы з занятасці Прусіі вайной супраць Францыі і нейтралітэту Аўстрыі. Аднак Прусія 10.5.1794 адвяла свае войскі з франц. тэатра ваен. дзеянняў і 3.6.1794 акупіравала г. Кракаў з ваяводствам, на што прэтэндавала Аўстрыя. Апошняя ў адказ 15—30.6.1794 захапіла Сандамірскае ваяв. і Хэлмскую зямлю, што прывяло да тэр. спрэчак і сварак вакол пасады галоўнакамандуючага саюзнымі карнымі войскамі. Узяцце А.​В.​Суворавым Варшавы (4.10.1794) і захоп у палон Т.​Касцюшкі дазволілі Расіі дыктаваць уласныя ўмовы падзелу. Рас. імператрыца Кацярына II выступіла пасрэдніцай уладкавання спрэчных доляў Прусіі і Аўстрыі праз Суворава і М.​В.​Рапніна, якім, аднак, загадала таемна заняць Беластоцкую акругу да лініі р. Буг — вусце р. Нараў — г. Гродна і не саступаць яе Прусіі. 3.1.1795 Расія і Аўстрыя размежавалі сферы сваіх інтарэсаў у Валынскім і Брэсцкім ваяв. да р. Буг, але без пазначэння рас.-прускай мяжы паміж Бугам і Гроднам. Каб сутыкненне тут рас. і прус. войск не перарасло ў вайну, бакі пайшлі на кампраміс: Прусія саступіла Кракаў Аўстрыі, Расія аддала Варшаву Прусіі. Трохбаковую канвенцыю пра падзел Рэчы Паспалітай Расія, Прусія і Аўстрыя падпісалі 24.10.1795 у Пецярбургу. 24.11.1795 яны пагадзіліся ўрэгуляваць спрэчныя пытанні, у т. л. вакол даўгоў караля польскага і вял. кн. літоўскага Станіслава Аўгуста Панятоўскага, які 25.11.1795 адрокся ад трона. 16.1.1796 Расія вывела свае войскі з Беласточчыны і размясціла іх па лініі: вусце р. Нараўка — мястэчкі Гарадок—Кузніца—р. Ласосна—р. Нёман і далей да мяст. Паланга. Сумесная камісія 3.8.1796 зацвердзіла гэтую мяжу і 30.9.1796 дэмаркіравала яе. Канчаткова тэр. долі падзелу трохбаковая камісія зацвердзіла 21.11.1796. Прусія атрымала б. ч. Мазавецкага ваяв. з Варшавай, часткі Падляшскага, Гродзенскага, Трокскага ваяв. і Жамойці (48 тыс. км²); Аўстрыя — Кракаўскае, Сандамірскае, Люблінскае, часткі Мазавецкага, Брэсцкага і Падляшскага ваяв. (47 тыс. км.​2); Расія — Валынскае, Навагрудскае, Віленскае, часткі Брэсцкага, Гродзенскага, Трокскага ваяв. і Жамойці з гарадамі Брэст, Навагрудак, Гродна, Вільня, Коўна (120 тыс. км²). 3-і падзел стаў чарговай праявай агрэсіўнай палітыкі манархій Расіі, Прусіі і Аўстрыі, якія выкарысталі знясіленасць Рэчы Паспалітай для канчатковага знішчэння яе паліт. існавання і паслядоўнага захопу яе зямель. На далучаных да Рас. імперыі тэрыторыях былі арганізаваны Віленская губерня і Слонімская губерня.

Літ.:

Rolle J. Stanisław August w Grodnie. Lwów. 1887;

Historia dyplomacji polskiej. T. 2. Warszawa, 1982;

Lord R.H. Drugi rozbiór Polski. Warszawa. 1984;

Cegielski T., Kądziela Ł. Rozbiory Polski 1772—1793—1795. Warszawa. 1990;

Zamoyski A Ostatni król Polski. Warszawa, 1994.

Я.​К.​Анішчанка.

т. 16, с. 17

ТРЭ́ЦІ ПАКАЗА́ЛЬНЫ ТЭА́ТР, Трэці чырвонаармейскі паказальны тэатр пры Палітаддзеле 16-й арміі. Існаваў у 1920 на тэр. Беларусі. Выступаў на Зах. фронце. Створаны з вандроўнай чырвонаармейскай трупы. Кіраўнік — мастак К.​Елісееў. Праводзіў агітацыйна-прапагандысцкую і культ.-асв. работу ў часцях Чырв. Арміі. У рэпертуары — агітац. спектаклі, класічныя творы, канцэртныя праграмы. Сярод пастановак: «Да перамогі» Г.​Бранікоўскага, «Беспрацоўныя» С.​Белай, «Гаспадыня гасцініцы» К.​Гальдоні, «Мадам Сен-Жэн» В.​Сарду.

Літ.:

Гісторыя беларускага тэатра. Мн., 1985. Т. 2. С. 31, 34—35.

т. 16, с. 17

«ТРЭ́ЦІ РЭЙХ», «Трэцяя імперыя» (ням. das Dritte Reich), пашыраная ў 1933—45 неафіц. саманазва нацысцкага рэжыму (гл. Нацызм) у Германіі. На думку нацыстаў, створаная імі дзяржава была пераемніцай гіст. традыцый «Свяшчэннай Рым. імперыі» (962—1806) і Герм. імперыі (1871—1918).

т. 16, с. 17

ТРЭ́ЦІ СТА́ТУТ ВЯЛІ́КАГА КНЯ́СТВА ЛІТО́ЎСКАГА,

гл. Статут Вялікага княства Літоўскага 1588.

т. 16, с. 17

ТРЭ́ЦІ УСЕБЕЛАРУ́СКІ З’ЕЗД САВЕ́ТАЎ рабочых, сялянскіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў.

Адбыўся 10—16.12.1921 у Мінску. Прысутнічалі 183 дэлегаты з рашаючым і 33 з дарадчым голасам ад 6 паветаў Мінскай губ. (Бабруйскі, Барысаўскі, Ігуменскі, Мазырскі, Мінскі, Слуцкі). Парадак дня: справаздачы ЦВК і СНК БССР (А.​Р.​Чарвякоў), Надзвычайнай камісіі БССР (Я.​К.​Ольскі), Наркамата земляробства БССР (А.​С.​Славінскі), Наркамата асветы БССР (У.​М.​Ігнатоўскі); міжнар. і ўнутр. становішча сав. рэспублік (В.​Г.​Кнорын); новая эканам. палітыка і работа Эканам. нарады (А.​І.​Вайнштэйн); аб правядзенні харчпадатку ў БССР (І.​А.​Адамайціс); аб працоўнай і гужавой павіннасці (Б.​Э.​Аршанскі); аб аднаўленні прам-сці Беларусі (Вайнштэйн); аб сав. будаўніцтве і арганізацыі ўлады на месцах (Я.​А.​Адамовіч); аб рабоце БДУ (У.​І.​Пічэта); аб кааперацыі (Я.​Л.​Дыла); аб сял. к-тах узаемадапамогі (М.​А.​Мар’ясін); аб падатковай палітыцы (Л.​М.​Шагаль); аб дапамозе галадаючым Паволжа (Чарвякоў); даклады: Адм. камісіі па пытаннях адм. падзелу БССР, мандатнай камісіі; выбары ЦВК БССР і дэлегатаў на IX Усерас. з’езд Саветаў. З’езд падвёў вынікі дзейнасці ЦВК і СНК БССР і ацаніў іх як станоўчыя. Адзначалася, што палітыка суцэльнай нацыяналізацыі прам-сці і харчразвёрстка скончыліся крахам, з 2-й пал. 1921 пачаўся перавод прам-сці Беларусі на рэйкі новай эканамічнай палітыкі. З’езд ухваліў дзейнасць Надзвычайнай камісіі (ЧК) па падаўленні сял. выступленняў. Падкрэслівалася неабходнасць размеркавання памешчыцкіх зямель, прапаганды лепшых спосабаў гаспадарання, арганізацыі кааператываў на вёсцы, ператварэння маёнткаў у сав. гаспадаркі (саўгасы), свабоднага выбару форм землекарыстання. У рэзалюцыі па нар. асвеце звярталася ўвага на пашырэнне бел. школы на вёсцы, правядзенне культ.-асв. работы на мясц. мовах, ліквідацыю непісьменнасці, актывізацыю выдання кніг, размяшчэнне школ у нацыяналізаваных маёнтках. З’езд выбраў ЦВК з 60 чл. і 12 канд., дэлегатаў на IX Усерас. з’езд Саветаў.

Літ.:

III Всебелорусский съезд Советов Рабочих, Крестьянских и Красноармейских депутатов (10—16 декабря 1921 г.): Резолюции и постановления. Мн., 1921.

А.​М.​Гесь, С.​П.​Самуэль.

т. 16, с. 17

«ТРЭ́ЦЯГА СВЕ́ТУ КРАІ́НЫ»,

умоўнае вызначэнне ў літаратуры і публіцыстыцы краін Азіі, Афрыкі і Лац. Амерыкі, якія развіваюцца. Тэрмін шырока ўжываўся з 1950-х г. у дачыненні да краін, якія нельга было аднесці да капіталістычных (т. зв. краін першага свету) ці сацыялістычных (т. зв. краін другога свету). Пасля распаду ў пач. 1990-х г. сацыяліст. сістэмы больш папулярным стала вызначэнне «краіны Поўдня» ў адрозненне ад тэрміна «краіны Поўначы».

т. 16, с. 18