Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

КО́ШТА ГО́МЕШ ((Costa Gomes) Франсішку да) (н. 30.6.1914, г. Шавіш, Партугалія),

партугальскі ваен. і дзярж. дзеяч. Маршал (1981). З 1935 афіцэр. Камандаваў партуг. калан. войскамі ў Мазамбіку (1968—69) і Анголе (1970—72). З 1972 нач. генштаба ўзбр. сіл Партугаліі. Адзін з лідэраў Руху ўзброеных сіл, які ў крас. 1974 скінуў дыктатуру М.Каэтану (гл. Партугальская рэвалюцыя 1974). У 1974—76 прэзідэнт Партугаліі, садзейнічаў дэмакратызацыі партуг. грамадства.

т. 8, с. 440

КОШТ ЖЫЦЦЯ́,

кошт тавараў і паслуг, неабходных чалавеку, сям’і для жыцця. Вызначаецца ў існуючых цэнах.

т. 8, с. 440

КО́ШУТ ((Kossuth) Лаяш) (19.9.1802, г. Монак, Венгрыя — 20.3.1894),

дзеяч венг. нац.-вызв. руху. Адвакат. Дэп. Дзярж. сходу (1825—27, 1832—36), выступаў за незалежнасць Венгрыі ад аўстр. манархіі Габсбургаў. У 1837—40 зняволены аўстр. ўладамі за «дзяржаўную здраду». У 1841—44 выдаваў «Pesti Hirlap» («Пешцкую газету»). Лідэр рэвалюцыі 1848—49 у Венгрыі (у час яе быў міністрам фінансаў, кіраўніком к-та абароны, вярх. правіцелем краіны). Пасля задушэння рэвалюцыі завочна прыгавораны аўстр. ўладамі да пакарання смерцю (амнісціраваны ў 1867), эмігрыраваў (жн. 1849), жыў пераважна ў г. Турын (Італія, з 1859), дзе і памёр. Заснавальнік (1859) венг. легіёна ў атрадах Дж.Гарыбальдзі. Выступаў за стварэнне федэрацыі дунайскіх краін — Венгрыі, Румыніі і Сербіі (з 1862), супраць пагаднення 1867 пра ўтварэнне Аўстра-Венгрыі.

Літ.:

Краткая история Венгрии: С древнейших времен до наших дней. М., 1991.

У.Я.Калаткоў.

Л.Кошут.

т. 8, с. 440

Кошыба Масатошы

т. 18, кн. 1, с. 411

КО́ШЫК у батаніцы,

простае батрычнае суквецце з пашыранай галоўнай воссю ў выглядзе канічнай ці сподкападобнай пляцоўкі, на якой шчыльна размешчаны дробныя кветкі. Абкружана шматлістай абгорткай. Характэрна для раслін пераважна сям. складана-кветных, некат. парасонавых і званочкавых.

Такая будова суквецця спрыяе апыленню кветак. Для прадухілення самаапылення выпрацаваліся розныя біял. прыстасаванні (напр., паступовае раскрыццё кветак, розны тэрмін развіцця тычынак ці песцікаў і інш.).

т. 8, с. 440

КО́ШЫЦ (Аляксандр Антонавіч) (12.9. 1875, с. Рамашкі Міронаўскага р-на Кіеўскай вобл. — 21.9.1944),

украінскі харавы дырыжор, муз. фалькларыст, педагог. Скончыў Кіеўскую духоўную акадэмію. Вучыўся ў Муз.-драм. школе М.Лысенкі ў Кіеве. З 1913 выкладаў у Кіеўскай кансерваторыі. Кіраваў многімі хар. калектывамі. Адзін з заснавальнікаў (1917) Першага нац. хору (з 1919 Укр. рэсп. капэла). З 1919 за рубяжом. Запісаў і апрацаваў шмат рус., укр., і інш. нар. песень, у т. л. бел. «Лугам, лугам зеляненькім», «Там за садамі», «Ой, у садочку цвіла лілея» і інш., якія былі дасланы яму Р.Шырмам і ўваходзілі ў рэпертуар Дзярж. акад. харавой капэлы Беларусі.

Т.Г.Слабодчыкава.

т. 8, с. 441

КО́ШЫЦКІ ПРЫВІЛЕ́Й 1374 Выдадзены польскім каралём Людовікам I Анжуйскім (ён жа і венг. кароль) 17 вер. пасля перагавораў з прадстаўнікамі польскай шляхты на з’ездзе ў г. Кошыцы (Славакія). Шляхта задаволіла дынастычныя прэтэнзіі Людовіка, ён у адказ пашырыў на ўсю шляхту правы і прывілеі, якімі раней карысталіся вышэйшыя свецкія і духоўныя феадалы. К.п. вызваляў шляхту ад усіх павіннасцей, акрамя невял. падатку з зямельных уладанняў і нясення вайск. службы, гарантаваў ёй выключнае права займаць дзярж. пасады.

т. 8, с. 441

КО́ШЫЦЫ (Kośice),

горад на У Славакіі, каля падножжа Славацкіх Рудных гор. Адм. ц. Усходне-Славацкай вобл 240 тыс. ж. (1995). Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Металургічны камбінат, цяжкае машынабудаванне, апрацоўка магнезіту, харч., дрэваапр. прам-сць. Ун-т. Тэатры, у т. л. оперны. Музей Усх. Славакіі. Арх. помнікі 14—18 ст., у т. л. гатычны сабор св. Альжбеты 14—16 ст. Культ. цэнтр венг. і ўкр. насельніцтва.

Засн. ў 13 ст. як гандл. пункт на шляху ў Польшчу і Расію. З 1249 горад, у 1290 вакол яго пабудаваны крапасныя сцены, важны пункт абароны ў войнах з Турцыяй. Росквіт у 14—15 ст. Польскі кароль Людовік I Венгерскі выдаў тут Кошыцкі прывілей 1374. Да 1-й сусв. вайны і ў 1938—45 у складзе Венгрыі, у 1921—38 і з 1945 — Чэхаславакіі. З 1992 у складзе Славацкай Рэспублікі.

т. 8, с. 441

КО́ЭН ((Cohen) Стэнлі) (н. 17.10.1922, Нью-Йорк),

амерыканскі біяхімік. Чл. Нац. АН ЗША і Амер. акадэміі навук і мастацтваў. Скончыў Бруклінскі каледж (1943) і Оберлін-каледж у Агайо (1946). З 1952 у Вашынгтонскім ун-це, з 1959 ва ун-це Вандэрбільда ў г. Нашвіл. Навук. працы па вывучэнні структур фактараў росту і іх уздзеянні на развіццё клеткі і органаў, эндакрыналогіі. Адкрыў фактар росту эпідэрмісу. Нобелеўская прэмія 1986 (разам з Р.Леві-Мантальчыні).

С.Коэн.

т. 8, с. 441

КО́ЮКУК (Koyukuk),

рака ў цэнтр. ч. Аляскі (ЗША), правы прыток р. Юкан. Вытокі (рэкі Джон, Уайлд і Сярэдні К.) у гарах Эндыкат. Даўж. ад вытоку р. Сярэдні К. 1000 км, пл. басейна каля 65 тыс. км². Цячэ пераважна па гарыстай мясцовасці, нізоўі — на забалочанай міжгорнай нізіне. Жыўленне снегавое і дажджавое, летняя паводка. Ледастаў з кастр. да мая. Сярэдні гадавы расход вады каля 500 м³/с. Суднаходная для невял. рачных суднаў.

т. 8, с. 441