Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

РЭФЕРЭ́НТ [ад лац. referens (referentis) які паведамляе],

1) асоба, якая складае або чытае рэферат.

2) Службовая асоба, якая з’яўляецца дакладчыкам або кансультантам па пэўных пытаннях (напр., Р. па сацыялогіі, Р. па эканоміцы).

т. 14, с. 31

РЭФЕРЭ́НЦ-ЭЛІПСО́ІД (ад лац. referens які паведамляе, дапаможны),

зямны эліпсоід з пэўнымі памерамі і становішчам у целе Зямлі. Служыць дапаможнай матэм. паверхняй, да якой зводзяць вынікі ўсіх геад. вымярэнняў на зямной паверхні і тым самым праектуюцца пункты апорнай геадэзічнай сеткі. У геад. і картаграфічных работах розных краін карыстаюцца рознымі Р.-э. Гл. таксама Красоўскага эліпсоід.

т. 14, с. 31

РЭФЛЕ́КС (ад лац. reflexus павернуты назад, адлюстраваны) у жывапісе і графіцы, водсвет, адлюстраванае святло і колер на якой-н. паверхні ад крыніцы святла, у т. л. неба, або суседніх прадметаў, што выклікае змены тону і колеру. Р. — з’ява ў прыродзе і здаўна вядомая мастакам (апісана Леанарда да Вінчы). Разнастайнасць Р. выявілася ў жывапісе ў 19 ст. з пачаткам работы мастакоў на адкрытым паветры і набыла сістэматычны характар у імпрэсіяністаў і творах мастакоў, якія працавалі на пленэры.

т. 14, с. 31

РЭФЛЕКСАЛО́ГІЯ (ад лац. reflexus адлюстраваны + ...логія),

кірунак у псіхалогіі, які разглядаў псіхічную дзейнасць у сувязі з нервовымі працэсамі. Вытокі Р. ў прыродазнаўчанавук. тэорыі псіхічнай рэгуляцыі паводзін І.М.Сечанава, які сцвярджаў, што ўсе акты свядомых і бессвядомых псіхічных працэсаў рэфлекторныя і павінны даследавацца ў кантэксце фізіялогіі вышэйшай нервовай дзейнасці. Заснавальнік Р. У.М.Бехцераў лічыў асн. праблемай псіхалогіі паводзіны, якія разумеў як сукупнасць прыроджаных і набытых рэфлексаў, разглядаў Р. як асаблівую навуку, здольную замяніць псіхалогію. Р. атрымала развіццё ў 1900—30-я г. ў Расіі і СССР як апазіцыйны кірунак інтраспектыўнай псіхалогіі, адзіным метадам якой было назіранне. Р. выкарыстоўвала выключна аб’ектыўныя метады ў даследаванні рэфлексаў, якія працякаюць з удзелам галаўнога мозга. Р. паўплывала на педагогіку, псіхіятрыю, сацыялогію і мастацтвазнаўства. Нягледзячы на шэраг эмпірычных дасягненняў, Р. не змагла пераадолець механістычную трактоўку псіхікі, і ў 1930-я г. большасць рэфлексолагаў перагледзела ранейшыя пазіцыі.

т. 14, с. 31

РЭФЛЕ́КСІЯ (ад позналац. reflexio абарачэнне назад, адлюстраванне),

прынцып мыслення, накіраваны на асэнсаванне суб’ектам уласнага духоўнага свету; прадметны перагляд ведаў, крытычны аналіз іх зместу і метадаў пазнання. Адрозніваюць індывідуальную Р., накіраваную на спасціжэнне чалавекам уласных ведаў, учынкаў, іх межаў і значэння; навуковую Р., вынікам якой з’яўляецца асэнсаванне і крытычны аналіз тэарэт. ведаў, атрыманых пры дапамозе метадаў і прынцыпаў, уласцівых пэўнай галіне навукі; філасофскую Р., накіраваную на пазнанне межаў мыслення і чалавечай культуры наогул.

Праблема Р. паўстала яшчэ ў стараж.-грэч. філасофіі. Сакрат акцэнтаваў ролю Р. ў пазнавальнай дзейнасці. Платон і Арыстоцель лічылі Р. неад’емным атрыбутам божага розуму. У сярэдневяковай філасофіі Р. разглядалася як самавыяўленне «разумовай энергіі» Бога. Як асн. метадалагічны прынцып філасофіі Р. ўсталявалася з 17 ст. Р.​Дэкарт трактаваў Р. як спосаб спасціжэння сапраўдных асновапалажэнняў свядомасці. Дж.​Лок лічыў Р. крыніцай пазнання, якая мае пачуццёвы, эмпірычны характар. У процілегласць Локу Г.​Лейбніц бачыў у Р. крыніцу вышэйшай формы ведаў і характарызаваў яе як выключна інтэлектуальны працэс. І.​Кант у сваёй трактоўцы Р. аб’яднаў погляды Лока і Лейбніца: лічыў, што Р. складаецца з пачуццёвага і разумовага сузірання. Г.В.​Ф.​Гегель разглядаў Р. як унутр. форму развіцця гіст. самасвядомасці і самаразвіцця культуры. З канца 19 ст. ў вырашэнні праблемы Р. існуюць супрацьлеглыя погляды: абсалютызацыя ролі Р. як спосабу аналізу свядомасці (фенаменалогія, неакантыянства) і крытыка Р. як неадэкватнай крыніцы самапазнання чалавека (Ф.​Ніцшэ, В.​Дзільтэй, М.​Хайдэгер, Ж.​Дэрыда).

Н.​Г.​Кісялёва.

т. 14, с. 32

РЭФЛЕ́КСЫ (ад лац. reflexus адлюстраваны),

рэакцыі арганізма, якія выконваюцца нерв. сістэмай у адказ на ўздзеянне знешніх або ўнутр. раздражняльнікаў. Біял. значэнне Р. — падтрымка функцыян. цэласнасці жывога арганізма і пастаянства яго ўнутр. асяроддзя (гамеастаз), а таксама забеспячэнне эфектыўнага ўзаемадзеяння арганізма з вонкавым асяроддзем (адаптыўныя паводзіны). Структурны механізм Р. — рэфлекторная дуга, эвалюц. папярэднікі — рэакцыі тыпу трапізмаў і таксісаў. Утварэнне асобных нерв. клетак, што ўзаемадзейнічалі адна з адной шляхам сінаптычных кантактаў, спрыяла ўзнікненню Р., далейшае развіццё якіх у форме інстынктаў, безумоўных рэфлексаў і ўмоўных рэфлексаў звязана з паяўленнем і ўскладненнем ц. н. с. У нармальных умовах Р. аб’ядноўваюцца (інтэгруюцца) у складаныя рэфлекторныя акты і маюць пэўную біял. накіраванасць. Інтэграцыя дасягаецца механізмамі каардынацыі — адначасовай дынамікі ўзбуджэння і тармажэння нейронаў адпаведных нерв. утварэнняў. Ускладненне інтэгратыўнай дзейнасці ц. н. с. і яе структурнай дыферэнцыяцыі — аснова эвалюцыі адаптыўных паводзін і прыстасаванасці відаў да ўмоў існавання.

С.​С.​Ермакова.

т. 14, с. 32

РЭФЛЕ́КТАР (ад лац. reflecto адбіваю),

1) у тэхніцы — адбівальнік, прылада для змены кірунку эл.-магн., светлавых ці гукавых хваль. Складаецца з аднаго або некалькіх люстраў, якія забяспечваюць амаль поўнае адбіццё хваль, што падаюць на іх (шурпатасці адбівальнай паверхні меншыя за даўжыню хвалі). Для канцэнтрацыі адбітых хваль паверхня люстраў увагнутая (сферычная, парабалічная і г.д.). Выкарыстоўваецца ў акустыцы, астраноміі, радыётэхніцы (антэны), быце.

2) У астраноміі — тэлескоп з люстраным аб’ектывам. Відарысы свяціл (зорак, планет, Сонца і інш.), якія ствараюцца гал. увагнутым люстрам і сістэмай дапаможных люстраў (выпуклых ці плоскіх), разглядаюць у акуляр, фатаграфуюць ці рэгіструюць інш. святлопрыёмнікамі. Адрозніваюць некалькі тыпаў Р. У параўнанні з рэфрактарам у Р. адсутнічае храматычная і меншыя астаткавыя аберацыі (гл. Аберацыі аптычных сістэм). Самы вялікі ў свеце Р. знаходзіцца ў Спец. астр. абсерваторыі Рас. АН на Паўн. Каўказе (дыяметр гал. люстра 6 м).

Літ.:

Максутов Д.Д. Астрономическая оптика. 2 изд. Л., 1979.

Я.​У.​Чайкоўскі.

Аптычныя схемы рэфлектараў: 1 — з галоўным фокусам; 2 — сістэмы Ньютана; 3 — сістэмы Касегрэна; 4 — сістэмы Грэгары; 5 — сістэмы Мерсена; 6 — сістэмы Несміта.

т. 14, с. 32

РЭФЛЕКТО́НАЯ ДУГА́,

сукупнасць утварэнняў, якія ажыццяўляюць рэакцыю арганізма (рэфлекс) на раздражненне рэцэптараў. У састаў Р.д. ўваходзяць нерв. канцы, што ўспрымаюць раздражненне (рэцэптары); адчувальныя (аферэнтныя) нерв. валокны (перадаюць імпульсы ад рэцэптараў у ц. н. с.); нервовы цэнтр (успрымае ўзбуджэнне і перадае яго ўставачным і эфектарным нейронам); рухальныя (эферэнтныя) нерв. валокны (праводзяць узбуджэнне ад нерв. цэнтра да выканаўчых апаратаў); эфектары, выканаўчыя органы (мускулатура, залозы і інш.), якія мяняюць сваю дзейнасць у выніку рэфлексу. У Р.д. нерв. імпульс праводзіцца ў адным напрамку ад аферэнтнага нейрона да эферэнтнага, што вызначаецца механізмам сінаптычнай міжнейроннай перадачы.

А.​С.​Леанцюк.

т. 14, с. 32

РЭФО́РМА (франц. réforme ад лац. reformare пераўтвараць),

пераўтварэнне, змяненне, перабудова якога-н. боку грамадскага жыцця (парадкаў, ін-таў, устаноў); фармальна — новаўвядзенне любога зместу, аднак часцей Р. называюць прагрэсіўнае пераўтварэнне пры захаванні асноў існуючага сац. ладу. Сац.-паліт. Р. садзейнічае эвалюцыйнаму развіццю грамадства і характарызуецца параўнальнай паступовасцю, плаўнасцю сац. і паліт. змен. Паліт. Р. могуць ахопліваць паліт. сістэму грамадства ў цэлым або абмяжоўвацца якімі-н. яе сферамі, рэарганізоўваць вышэйшыя эшалоны ўлады ці органы мясц. кіравання, вырашаць праблемы раздзялення і раўнавагі ўлад, іх субардынацыі. Р. ў пэўнай меры рэгламентуюць функцыі розных галін улады, уплываюць на этыка-прававыя нормы і стыль дзейнасці як кіраўніка дзяржавы, так і ўладных структур, на становішча правоў і свабод чалавека, на сац.-псіхал. і паліт. клімат у краіне. Р. праводзяцца ў розных сферах грамадскага жыцця: зямельныя, судовыя, грашовыя, школьныя, пенсіённыя, ваенныя, царкоўныя і інш. (гл. таксама Рэформа дзяржаўных маёмасцей, Рэформы азбукі і правапісу, Рэформы моўныя). Гіст. вопыт паказвае, што поспех або няўдача Р. у значнай меры залежаць ад своечасовасці іх правядзення, гатоўнасці ўладных структур пайсці на такія новаўвядзенні, якія могуць сапраўды зняць напружанасць у грамадстве; няўдала праведзеныя Р. могуць прывесці да рэв. працэсаў, негатыўных з’яў у розных сферах жыццядзейнасці людзей.

В.​Дз.​Марозаў.

т. 14, с. 32

РЭФО́РМА ДЗЯРЖА́ЎНАЙ ВЁСКІ 1830—50-х ГАДО́Ў,

сістэма мер у Рас. імперыі, накіраваных на ўздым прыбытковасці дзярж. маёнткаў, прыпыненне працэсу абеззямельвання і збяднення дзяржаўных сялян, змяншэння сац. напружання ў вёсцы. Аўтар і распрацоўшчык рэформы граф П.​Дз.Кісялёў. Рэформа праводзілася па 3 асн. кірунках: перабудова кіравання, арганізацыя «апякунства» і люстрацыя 1840—50-х г. У выніку перабудовы кіравання дзяржаўнай вёскай агульнакіраўнічыя функцыі, раней сканцэнтраваныя ў дэпартаменце дзярж. маёмасцей мін-ва фінансаў, з 1.1.1838 перадаваліся новаму мін-ву дзярж. маёмасцей (міністр Кісялёў). Ніжэйшыя ступені кіравання фарміраваліся паводле «Устанаўлення аб кіраванні дзяржаўнымі маёмасцямі ў губернях» і «Палажэння аб люстрацыі дзяржаўных маёмасцей заходніх губерняў і Беластоцкай вобласці» ад 28.12.1839, якое ўлічвала мясц. асаблівасці. На Беларусі ўстанаўліваліся 3 адм. ярусы кіравання дзярж. вёскай: губерня — акруга — сельскае ўпраўленне. Функцыі валасной адміністрацыі ў бел. губернях былі размеркаваны паміж часовымі ўладальнікамі і сял. выбарнымі. Новы адм. апарат пачаў дзейнічаць з крас. 1840. У кампетэнцыю губ. органаў — палат дзярж. маёмасцей уваходзілі выбар форм кіравання дзярж. маёнткамі, правядзенне рэвізій, люстрацый, ахова грамадскага парадку, пытанні харч. і мед. дапамогі і інш. Акруговая адміністрацыя займалася непасрэднай арганізацыяй сельскіх грамад. Органы сельскіх упраўленняў (сельскія сход, управа, стараста) займаліся землеўладкаваннем, раскладкай падаткаў і збораў паміж сялянамі і інш. Абшчына, адроджаная ў дзярж. маёнтках Беларусі пасля далучэння да Расіі, у выніку рэформы была максімальна набліжана да агульнарас. ўзору. На Беларусі ўзнікла арэнда сялянамі зямельных угоддзяў. Палітыка «апякунства» над дзяржаўнымі сялянамі заключалася ў арганізацыі харч. дапамогі сялянам праз спец. хлебазапасныя магазіны. Для арганізацыі пачатковага навучання дзяцей дзярж. сялян у сельскіх грамадах адчыняліся прыходскія школы. Дзярж. маёнткі забяспечваліся фельчарамі, павітухамі, сялянам пачалі рабіць прышчэпкі. Люстрацыя 1840—50-х г.асн. частка рэформы — мела на мэце правядзенне дакладнага ўліку сял. даходаў, раўнамернае надзяленне дзярж. сялян зямлёй, рэгламентацыю павіннасцей (перавод з паншчыны на грашовы аброк і інш.). Гал. вынік рэформы — адмова ад прыгоннай сістэмы і пераход на аброк. Адбыліся перамены і ў прававым становішчы дзярж. сялян (прызнаваліся грамадз. свабоды, што адрознівала іх ад памешчыцкіх падданых).

Літ.:

Конюхова Т.А. Государственная деревня Литвы и реформа ПД.​Киселева, 1840—1857 гг. М., 1975.

В.​Э.​Загарульская.

т. 14, с. 32