РЭФЛЕ́КСІЯ (ад позналац. reflexio абарачэнне назад, адлюстраванне),

прынцып мыслення, накіраваны на асэнсаванне суб’ектам уласнага духоўнага свету; прадметны перагляд ведаў, крытычны аналіз іх зместу і метадаў пазнання. Адрозніваюць індывідуальную Р., накіраваную на спасціжэнне чалавекам уласных ведаў, учынкаў, іх межаў і значэння; навуковую Р., вынікам якой з’яўляецца асэнсаванне і крытычны аналіз тэарэт. ведаў, атрыманых пры дапамозе метадаў і прынцыпаў, уласцівых пэўнай галіне навукі; філасофскую Р., накіраваную на пазнанне межаў мыслення і чалавечай культуры наогул.

Праблема Р. паўстала яшчэ ў стараж.-грэч. філасофіі. Сакрат акцэнтаваў ролю Р. ў пазнавальнай дзейнасці. Платон і Арыстоцель лічылі Р. неад’емным атрыбутам божага розуму. У сярэдневяковай філасофіі Р. разглядалася як самавыяўленне «разумовай энергіі» Бога. Як асн. метадалагічны прынцып філасофіі Р. ўсталявалася з 17 ст. Р.​Дэкарт трактаваў Р. як спосаб спасціжэння сапраўдных асновапалажэнняў свядомасці. Дж.​Лок лічыў Р. крыніцай пазнання, якая мае пачуццёвы, эмпірычны характар. У процілегласць Локу Г.​Лейбніц бачыў у Р. крыніцу вышэйшай формы ведаў і характарызаваў яе як выключна інтэлектуальны працэс. І.​Кант у сваёй трактоўцы Р. аб’яднаў погляды Лока і Лейбніца: лічыў, што Р. складаецца з пачуццёвага і разумовага сузірання. Г.В.​Ф.​Гегель разглядаў Р. як унутр. форму развіцця гіст. самасвядомасці і самаразвіцця культуры. З канца 19 ст. ў вырашэнні праблемы Р. існуюць супрацьлеглыя погляды: абсалютызацыя ролі Р. як спосабу аналізу свядомасці (фенаменалогія, неакантыянства) і крытыка Р. як неадэкватнай крыніцы самапазнання чалавека (Ф.​Ніцшэ, В.​Дзільтэй, М.​Хайдэгер, Ж.​Дэрыда).

Н.​Г.​Кісялёва.

т. 14, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)