РЭФЛЕКСАЛО́ГІЯ (ад лац. reflexus адлюстраваны + ...логія),
кірунак у псіхалогіі, які разглядаў псіхічную дзейнасць у сувязі з нервовымі працэсамі. Вытокі Р. ў прыродазнаўчанавук. тэорыі псіхічнай рэгуляцыі паводзін І.М.Сечанава, які сцвярджаў, што ўсе акты свядомых і бессвядомых псіхічных працэсаў рэфлекторныя і павінны даследавацца ў кантэксце фізіялогіі вышэйшай нервовай дзейнасці. Заснавальнік Р. У.М.Бехцераў лічыў асн. праблемай псіхалогіі паводзіны, якія разумеў як сукупнасць прыроджаных і набытых рэфлексаў, разглядаў Р. як асаблівую навуку, здольную замяніць псіхалогію. Р. атрымала развіццё ў 1900—30-я г. ў Расіі і СССР як апазіцыйны кірунак інтраспектыўнай псіхалогіі, адзіным метадам якой было назіранне. Р. выкарыстоўвала выключна аб’ектыўныя метады ў даследаванні рэфлексаў, якія працякаюць з удзелам галаўнога мозга. Р. паўплывала на педагогіку, псіхіятрыю, сацыялогію і мастацтвазнаўства. Нягледзячы на шэраг эмпірычных дасягненняў, Р. не змагла пераадолець механістычную трактоўку псіхікі, і ў 1930-я г. большасць рэфлексолагаў перагледзела ранейшыя пазіцыі.
т. 14, с. 31
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)