Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

КО́ЧУР (Рыгор Парфіравіч) (17.11.1908, с. Фяскіўка Менскага р-на Чарнігаўскай вобл., Украіна — 15.12.1994),

украінскі паэт, перакладчык, літ.-знавец. Скончыў Кіеўскі ін-т прафес. асветы (1932). Рэпрэсіраваны (1943). Друкаваўся з 1938. Аўтар паэт. зб. «Інцінскі сшытак. Вершы 1945—1953 гг.» (1989), даследаванняў «Майстры перакладу» (1966), «Дантэ ва ўкраінскай літаратуры» (1971). Перакладаў з англ., італьян., ісп., партуг., польск., чэш., славацкай, харвацкай, бел., рус., літ. і інш. моў. Пераклаў на ўкр. мову асобныя вершы Я.Купалы, М.Багдановіча, Н.Гілевіча, М.Танка. Адзін з ініцыятараў і арганізатараў выдання «Максім Багдановіч. Лірыка» (Кіеў, 1967). За кн. выбр. перакладаў «Другі водгук» (1991) Дзярж. прэмія Украіны імя Т.Шаўчэнкі 1995. За пераклады 1960—80-х г. Рэсп. прэмія імя М.Рыльскага 1989.

В.А.Чабаненка.

т. 8, с. 439

КО́ЧЫН (Мікалай Яўграфавіч) (19.5.1901, С.-Пецярбург — 31.12.1944),

савецкі механік і матэматык, адзін з заснавальнікаў дынамічнай метэаралогіі. Акад. АН СССР (1939). Скончыў Петраградскі ун-т (1923). Выкладаў у ВНУ Ленінграда і Масквы. У 1933—34 дырэктар Ін-та тэарэт. метэаралогіі, з 1934 у Матэм. ін-це, з 1939 у Ін-це механікі АН СССР. Навук. працы па гідра- і аэрадынаміцы, матэматыцы і тэарэт. механіцы.

Літ.:

Кочина П.Я. Н.Е.Кочин, 1901—1944. М., 1979;

Н.Е.Кочин и развитие механики. М., 1984.

М.Я.Кочын.

т. 8, с. 439

КО́ЧЫНА (Палубарынава-Кочына) Пелагея Якаўлеўна

(н. 13.5. 1899, г. Астрахань, Расія),

расійскі вучоны ў галіне гідрадынамікі. Акад. АН СССР (1958, чл.-кар. 1946). Герой Сац. Працы (1969). Скончыла Петраградскі ун-т (1921). З 1919 у Гал. геафіз. абсерваторыі. З 1925 у ВНУ Ленінграда, з 1935 у НДІ Рас. АН. Навук. працы па тэорыі фільтрацыі, дынамічнай метэаралогіі, тэорыі прыліваў. Рашыла шэраг задач, звязаных з рухам грунтавых вод і нафты ў сітаватым асяроддзі. Рэдактар першага збору твораў С.В.Кавалеўскай. Дзярж. прэмія СССР 1946.

Тв.:

Воспоминания. М., 1974;

Теория движения грунтовых вод. 2 изд. М., 1977;

С.В.Ковалевская, 1850—1891. М., 1981;

Карл Вейерштрасс, 1815—1897. М., 1985.

Літ.:

П.Я.Кочина. М., 1977.

П.Я.Кочына.

т. 8, с. 440

КО́ЧЫШЧА,

вёска ў Ельскім р-не Гомельскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 20 км ад горада і чыг. ст. Ельск, 197 км ад Гомеля. 474 ж., 178 двароў (1998). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкія магілы: партызан; сав. воінаў і партызан.

т. 8, с. 440

КОШ, кошык,

плеценая ёмістасць розных памераў для захоўвання і транспарціроўкі сыпкіх і штучных рэчываў, пераважна харч. прадуктаў. У беларусаў К. рознай формы рабілі з лазы, сасновай, радзей дубовай дранкі, каранёў хваёвых дрэў, ліпавай і бярозавай кары, саломы, рагозу, у цяперашні час і з дроту. К. наз. таксама скрынку ў млыне над жорнамі, у якую засыпалі збожжа для памолу.

В.С.Цітоў.

Кош.

т. 8, с. 440

КО́ШАЛЕЎ (Васіль Васілевіч) (1856, слабада Ровенкі Вобл. Войска Данскога — 1915?),

бел. ўрач, вучоны ў галіне інфекцыйных хвароб. Д-р медыцыны (1901). Скончыў Харкаўскі ун-т (1880). У 1881—1901 працаваў у Клімавічах, Рагачове, Магілёве. З 1904 урачэбны інспектар Гродзенскай губ. Працы па даследаванні сан. стану гарадоў Беларусі, барацьбе з дыфтэрыяй, халерай.

т. 8, с. 440

КО́ШАЛЕЎ (Уладзімір Сяргеевіч) (н. 1.6.1947, в. Сасноўка Пружанскага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. гісторык-усходазнавец. Д-р гіст. н. (1988), праф. (1990), чл. Бел. акадэміі адукацыі (1994). Скончыў БДУ (1967), дзе і працуе (з 1989 заг. кафедры новай і найноўшай гісторыі). Даследуе праблемы сусв. гісторыі пераважна новага і найноўшага часу, у т. л. Егіпта і інш. краін Араб. Усходу: праблемы эвалюцыі традыц. грамадства і яго мадэрнізацыі, месца і ролю ісламу ў грамадскім і паліт. жыцці рэгіёна. Навук. рэдактар «Гісторыі Еўропы» (1996), навук. рэдактар і адзін з аўтараў школьнага падручніка «Сусветная гісторыя новага часу» (1998), эксперым. падручніка для школ «Гісторыя старажытнага свету» (1998).

Тв.:

Египет до Эль-Аламейна: из истории внутриполит. борьбы (1939—1942). Мн., 1977;

Египет: уроки истории: Борьба против колониального господства и контрреволюции (1879—1981). Мн., 1984;

Египет от Ораби-паши до Саада Заглула, 1879—1924. М., 1992.

т. 8, с. 440

КО́ШАЛЬ (Антаніна Уладзіміраўна) (н. 20.11.1954, г. Смалявічы Мінскай вобл.),

бел. спартсменка (спарт. гімнастыка). Майстар спорту СССР міжнар. класа (1973). Засл. майстар спорту СССР (1990). Засл. трэнер Беларусі (1978). Скончыла Бел. ін-т фіз. культуры (1977). Чэмпіёнка XX Алімп. гульняў (1972, г. Мюнхен, Германія). Чэмпіёнка VI летняй Спартакіяды народаў СССР у камандным першынстве (1975), бронз. прызёр V летняй Спартакіяды народаў СССР у шматбор’і (асабісты залік; 1971). З 1978 на трэнерскай рабоце. З 1992 дзярж. трэнер па спарт. гімнастыцы, з 1997 чл. выканкома Нац. алімп. к-та Рэспублікі Беларусь.

т. 8, с. 440

КО́ШАЛЬ (Пётр Агеевіч) (н. 20.4.1946, г. Слуцк Мінскай вобл.),

расійскі паэт. Скончыў Літ. ін-т імя М.Горкага ў Маскве (1979). Друкуецца з 1963. Зб-кі паэзіі «Лістота» (1979), «Гарадская зорка» (1981), «Рака Жыццё», «Такі як ёсць» (абодва 1987) прысвечаны Беларусі, узаемаадносінам чалавека і навакольнага свету. Аўтар кніг дакумент. прозы «Гісторыя пакаранняў у Расіі. Гісторыя расійскага тэрарызму» (1995), «Гісторыя вышуку ў Расіі» (т. 1—2, 1996). Пераклаў на рус. мову кнігі выбраных вершаў Р.Баравіковай «Светнік» (1982) і Цёткі «Выбранае» (1986), пераклаў і склаў анталогіі бел. паэтаў 1920—30-х г. «Час ветравея» (1987) і бел. дзіцячай л-ры «Чарадзейная крынічка» (1997). На бел. мову асобныя творы К. пераклалі Т.Бондар, С.Законнікаў, У.Някляеў, Я.Янішчыц.

т. 8, с. 440

КО́ШКІН (Міхаіл Ільіч) (3.12.1898, в. Брынчаці Пераслаўскага р-на Яраслаўскай вобл., Расія — 26.9.1940),

савецкі канструктар танкаў. Герой Сац. Працы (1990). Скончыў Ленінградскі політэхн. ін-т (1934). З 1937 гал. канструктар танкавага КБ на Харкаўскім з-дзе імя Камінтэрна. Кіраваў работамі па стварэнні сярэдняга танка Т-34, які прыняты на ўзбраенне Чырв. Арміі (1939) і прызнаны лепшым танкам 2-й сусв. вайны 1939—45. Дзярж. прэмія СССР 1942.

Літ.:

Ротмистров П.А. Время и танки. М., 1972. С. 49—52.

Ю.В.Бажэнаў.

т. 8, с. 440