Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

МАЙСЕ́ЕНКА (Мікалай Сяргеевіч) (н. 28.10.1941, г. Гомель),

бел. спявак (барытон). Засл. арт. Расіі (1979). Скончыў Бел. кансерваторыю (1972, клас С.Асколкава). З 1972 выкладаў у Гомельскім муз. вучылішчы. З 1974 саліст Свярдлоўскага, з 1981 — Нац. акад. т-ра оперы Беларусі. Яго творчасці ўласцівы драм. асэнсаванасць сцэн. паводзін, вял. ўнутр. экспрэсія пры стрыманасці вонкавага сцэн. малюнка. Сярод партый: Міхал («Новая зямля» Ю.Семянякі), Вял. князь Міндоўг («Князь Наваградскі» А.Бандарэнкі), Мастак («Візіт дамы» С.Картэса), князь Ігар («Князь Ігар» А.Барадзіна), Гразной («Царская нявеста» М.Рымскага-Корсакава), Анегін, Томскі, Эбн Хакія («Яўген Ансгін», «Пікавая дама», «Іаланта» П.Чайкоўскага), Бартала («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні), Скарпія («Тоска» Дж.Пучыні), Рыгалета, Жэрмон, Аманасра, Макбет і Яга («Рыгалета», «Травіята», «Аіда», «Шэкспір і Вердзі» паводле опер «Макбет», «Фальстаф» і «Атэла» Дж.Вердзі), Альфіо («Сельскі гонар» П.Масканьі), Ліндорф («Казкі Гофмана» Ж.Афенбаха), граф Альмавіва, Папагена («Вяселле Фігара», «Чароўная флейта» ВА.Моцарта), Дзянісаў і Напалеон, Стэньё («Вайна і мір», «Мадалена» С.Пракоф’ева). Удзельнічаў у радыёзапісах опер «Матухна Кураж» Картэса, «Францыск Скарына» Дз.Смольскага.

В.І.Скорабагатаў.

т. 9, с. 521

МАЙСЕ́ЕНКА (Фёдар Патапавіч) (20.2.1894, в. Кругавец-Калініна Добрушскага р-на Гомельскай вобл. — 9.12.1979),

бел. вучоны ў галіне лесаводства. Д-р с.-г. н. (1966), праф. (1968). Засл. дз. нав. Беларусі (1974). Скончыў Бел. ін-т сельскай і лясной гаспадаркі (1925). У 1939—71 заг. лабараторыі Бел. НДІ лясной гаспадаркі. Навук. працы па лясной таксацыі. Прапанаваў метад таксацыі лесасечнага фонду, склаў сартыментныя табліцы для лясгасаў.

Тв.:

Таблицы для сортиментного учета леса на корню. 4 изд. Мн., 1972.

т. 9, с. 521

МАЙСЕ́ЕНКА (Яўсей Яўсеевіч) (28.8.1916, г.п. Уваравічы Буда-Кашалёўскага р-на Гомельскай вобл. — 29.11.1988),

расійскі жывапісец. Нар. мастак СССР (1970). Правадз. чл. АМ СССР (1973). Вучыўся ў АМ у Ленінградзе (1936—47). З 1958 выкладаў у Ленінградскім ін-це жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя Рэпіна (з 1963 праф.). Працаваў пераважна ў батальным, пейзажным, партрэтным жанрах. Найб. значныя работы прысвечаны грамадз. і Вял. Айч. войнам: «Чырвоныя прыйшлі» (1961), «Таварышы» (1964), «Чарэшня», «Камісар» (абедзве 1969), «Перамога» (1972). Жывапіс адметны шырокай, экспрэсіўнай манерай пісьма, дынамікай кампазіцыйных рытмаў. Беларусі прысвяціў карціны «З дзяцінства» (1977), «У вайну», «Жанчына ў чорным» (абедзве 1978). Дзярж. прэмія Расіі імя Рэпіна 1966. Ленінская прэмія 1974. Дзярж. прэмія СССР 1983.

Літ.:

Кривенко И.А. Е.Е.Моисеенко. Л., 1960;

Кекушева Г.В. Евсей Моисеенко: Живопись: [Альбом]. М., 1981.

В.Я.Буйвал.

Я.Майсеенка. Камісар. 1969.

т. 9, с. 521

Майсеенка Уладзімір Іванавіч

т. 18, кн. 1, с. 424

МАЙСЕ́ЕЎ (Іван Цімафеевіч) (16.8.1910, в. Вялюнь Брэсцкага р-на — 12.2.1976),

Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў курсы мал. лейтэнантаў (1938), «Выстрал» (1942). У Чырв. Арміі з 1928. З 1943 на 2-м Укр. фронце. Удзельнік вызвалення Украіны, Румыніі, Чэхаславакіі. Капітан М. вызначыўся ў 1944 пры фарсіраванні р. Ціса на тэр. Венгрыі: 6 ліст. батальён на чале з М. пад варожым агнём пераправіўся цераз раку, выбіў праціўніка з траншэй, прайшоў з баямі 18 км, захапіў у палон 180 гітлераўцаў.

І.Ц.Майсееў.

т. 9, с. 522

МАЙСЕ́ЕЎ (Ігар Аляксандравіч) (н. 21.1. 1906, Кіеў),

расійскі артыст балета, балетмайстар, педагог. Нар. арт. СССР (1953). Герой Сац. Працы (1976). Ганаровы чл. Акадэміі танца ў Парыжы (1955). Скончыў Маскоўскае харэаграфічнае вучылішча (1924). У 1924—39 характарны танцоўшчык і балетмайстар Вял. т-ра ў Маскве. З 1937 арганізатар, кіраўнік і пастаноўшчык усіх праграм Ансамбля народнага танца Расіі. Сярод пастановак: «Палавецкія танцы» і «Свята працы» (1978), «На катку» (1980, экранізацыя ТБ 1982), «Ноч на Лысай гары» на муз. М.Мусаргскага (1984), «Таверна» (1986), «Па краінах свету» (1960—89), цыкл з 30 замежных танцаў (1960—91), «Грэчаская сюіта» на муз. М.Тэадаракіса (1991), «Яўрэйская сюіта» (1994) і інш. Аўтар харэаграфічнай рэдакцыі бел. нар. танца «Бульба»; паставіў танец «Юрачка» і вак.-харэаграфічную карцінку «Як той Зосі давялося» ў Дзярж. акад. нар. хоры Беларусі (1952). Стваральнік (1966) і першы маст. кіраўнік (да 1970) харэаграфічнага канцэртнага ансамбля «Малады балет». Аўтар артыкулаў па пытаннях танц. мастацтва. Яго творчасці прысвечаны дакумент. фільм «Вечны рух» («Perpetuum mobile», 1967), тэлефільм «Балет Ігара Майсеева» (1982). Ленінская прэмія 1967. Дзярж. прэміі СССР 1942, 1947, 1952, 1985. Дзярж. прэмія Расіі 1995. Незалежная прэмія «Трыумф» 1997.

Літ. тв.: Я вспоминаю...: Гастроль длиною в жизнь. М., 1996.

Літ.:

Луцкая Е. Воплощение мечты // Муз. жизнь. 1986. №1;Андроников И. Торжество танца // Андроников И. К музыке. М., 1977.

І.А.Майсееў.

т. 9, с. 522

МАЙСЕ́ЕЎШЧЫНА,

вёска ў Барысаўскім р-не Мінскай вобл. Цэнтр сельсавета. За 37 км на Пн ад горада і 42 км ад чыг. ст. Барысаў, 113 км ад Мінска. 488 ж., 152 двары (1999). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 9, с. 522

Майсееў Атэй Вячаслававіч

т. 18, кн. 1, с. 424

МАЙСЕ́Й,

міфічны біблейскі персанаж, кіраўнік ізраільскіх плямён. Паводле паданняў, бог Яхве дапамог М. вывесці яўрэяў з фараонскага рабства ў Ханаан (Палесціну), даў яму на гары Сінай скрыжалі з 10 запаведзямі (дэкалог), у якіх рэгулююцца паводзіны чалавека перад Богам. М. прыпісваецца аўтарства Пяцікніжжа. У іудаістаў, мусульман і хрысціян М. — прарок.

т. 9, с. 522

МАЙСЕ́ЙЧЫК (Аляксей Антонавіч) (н. 4.10.1936, в. Гошчава Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. літ.-знавец. Канд. філал. н. (1967). Скончыў Брэсцкі пед. ін-т (1960). Настаўнічаў. З 1966 у Брэсцкім ун-це. Друкуецца з 1961. Даследуе рамантызм сучаснай бел. паэзіі, пытанні выкладання л-ры ў школе і ВНУ. Аўтар метадычных і вучэбных дапаможнікаў «Тэорыя літаратуры» (1990), «Уводзіны ў літаратуразнаўства» (2-е выд., 1992), адзін з аўтараў падручніка-хрэстаматыі для 7-га кл. «Родная літаратура» (з В.Ляшук, 4-е выд. 1994) і інш. Складальнік зб. «Паўлюк Багрым» (1994, з Ляшук).

т. 9, с. 522