ІЗАПРЭ́НАВЫЯ КАЎЧУКІ́,
сінтэтычныя каўчукі, прадукты полімерызацыі ізапрэну. Найб. важныя стэрэарэгулярныя І.к., макрамалекулы якіх маюць 93—98% звёнаў ізапрэну ў 1,4-цыс канфігурацыі. Па мікраструктуры І.к. — аналагі каўчуку натуральнага.
Пры пакаёвай т-ры аморфныя рэчывы, шчыльн. 910—920 кг/м³. Крышталізуюцца пры ахаладжэнні ніжэй за 0 °C ці пры расцяжэнні. Раствараюцца ў вуглевадародах і іх галагенавытворных, серавугляродзе. Атрымліваюць полімерызацыяй ізапрэну ў растворы на каталізатарах Цыглера—Наты (комплексныя злучэнні тытану і алюміній-арган. злучэнняў) ці алюмініевых каталізатарах (напр.. метал. літый, літыйалкілы). Не патрабуюць пластыфікацыі, вулканізуюцца серай. Па асн. уласцівасцях вулканізаты падобны на гуму з натуральнага каўчуку. Выкарыстоўваюць у вытв-сці шын, канвеерных стужак, рукавоў, гумавага абутку і інш.
М.Р.Пракапчук.
т. 7, с. 177
ІЗАПРЭНО́ДЫ,
група прыродных злучэнняў, якія фармальна разглядаюцца як прадукты пераўтварэння (полімерызацыі, цыклізацыі, акіслення і інш.) ізапрэну. Утвараюцца ў жывых арганізмах з мевалонавай к-ты. Падзяляюць на тэрпены і іх вытворныя, смаляныя кіслоты, стэроіды і поліізапрэноіды (напр., каўчук натуральны). Да І. адносяцца многія фізіялагічна актыўныя рэчывы: вітаміны A, D, E, K, антыбіётыкі, гармоны, ферамоны і інш.
т. 7, с. 177
ІЗАСПАРЫ́Я (ад іза... + спора),
раўнаспоравасць, утварэнне ў раслін спор аднолькавага памеру. Характэрна для папарацей (акрамя водных — сальвініі, марсіліі, азолы), хвашчоў, дзеразовых (за выключэннем селагінелы). У залежнасці ад умоў жыўлення і асвятлення ў некат. хвашчоў з аднолькавых спор развіваюцца дробныя (мужчынскія) зарасткі з антэрыдыямі ці буйныя (жаночыя) з архегоніямі. Пры рэгуляванні ўмоў прарастання спор можна змяніць пол зарастка.
т. 7, с. 177
ІЗАСПО́РА (Isospora),
род прасцейшых падкласа какцыдый, унутрыклетачныя паразіты кішэчніка, узбуджальнікі захворванняў — какцыдыёзаў. Каля 200 відаў. Паразітуюць на асобінах аднаго віду (гамаксеннасць). У некат. відаў назіраецца пераход да гетэраксеннасці часам з прамежкавым гаспадаром, у якім адбываецца пазакішачнае бясполае размнажэнне паразіта. Пашыраюцца праз стрававальны тракт аацыстамі, якія ў вонкавым асяроддзі ператвараюцца ў споры. У кішэчніку чалавека паразітуе толькі I. belli.
т. 7, с. 177
ІЗАСТАЗІ́Я (ад іза... + грэч. stasis стан, становішча),
ізастатычная раўнавага, становішча верхніх гарызонтаў Зямлі (зямной кары, літасферы), якое праяўляецца ва ўраўнаважанні ўнутры астэнасферы на глыб. 100—150 км (глыбіня кампенсацыі) ціску вышэйляжачых гарызонтаў. Істотная ч. ізастатычнай кампенсацыі забяспечваецца зменамі магутнасці зямной кары, варыяцыямі шчыльнасці падкоравага слоя і зменамі таўшчыні літасферы. Значна ўплывае на амплітуду тэктанічных рухаў.
т. 7, с. 177
ІЗАТАНІ́ЧНЫЯ РАСТВО́РЫ,
растворы з аднолькавым асматычным ціскам. У біялогіі і медыцыне ціск І.р. адпавядае асматычнаму ціску ў жывёльных і раслінных клетках, у крыві, у вадкасцях тканак. Для цеплакроўных жывёл ізатанічны 0,9% раствор NaCl і 4,5% раствор глюкозы. Раствор, які паводле саставу, буфернасці і інш. уласцівасцях блізкі да сывараткі крыві, наз. фізіялагічным. На яго аснове рыхтуюць кровазамяшчальныя І.р.
т. 7, с. 177
ІЗАТАПІ́ЧНАЯ ІНВАРЫЯ́НТНАСЦЬ квантавая сіметрыя, звязаная з аднолькавымі паводзінамі пэўных груп элементарных часціц у моцным ці электраслабым узаемадзеяннях. Адрозніваюць моцную і слабую І.і., якія сваімі ўласцівасцямі нагадваюць сіметрыю адносна паваротаў у 3-мернай прасторы.
Моцная І.і. абумоўлена існаваннем ізатапічных мультыплетаў — сем’яў адронаў з аднолькавымі квантавымі лікамі (барыённым зарадам, дзіўнасцю, спінам і інш.), блізкімі па значэнні масамі спакою, аднак рознымі эл. зарадамі. Моцнае ўзаемадзеянне застаецца аднолькавым у межах аднаго мультыплета і не залежыць ад эл. зараду часціцы. Колькасць часціц у мультыплеце N=2J+1, дзе J — ізатапічны спін. Напр., пратон і нейтрон утвараюць ізатапічны дублет (J=1/2), пі-мезоны (π+, π0, π−) — ізатапічны трыплет (J=1). Слабая І.і. звязана з тым, што лептоны, кваркі і некаторыя інш. часціцы таксама маюць ізатапічную мультыплетнасць, аднак масы спакою часціц у межах аднаго мультыплета могуць значна адрознівацца. Слабая І.і. дазволіла дакладна вызначыць законы электраслабага ўзаемадзеяння і выявіць прамежкавыя вектарныя базоны, якія з’яўляюцца яго пераносчыкамі. Гл. таксама Інварыянтнасць.
І.С.Сацункевіч.
т. 7, с. 177
ІЗАТАПІ́ЧНЫ СПІН,
адзін з квантавых лікаў, які характарызуе адроны, кваркі, лептоны і некаторыя інш. элементарныя часціцы. Адрозніваюць моцны і слабы І.с., якія сваімі ўласцівасцямі нагадваюць звычайны спін у квантамеханіцы.
Моцны І.с. вызначае колькасць розных зарадавых станаў адронаў ці кваркаў у ізатапічным мультыплеце (гл. Ізатапічная інварыянтнасць). І.с. адронаў можа прымаць цэлыя і паўцэлыя значэнні: 0; 1/2; 1; 3/2... Паміж эл. зарадам Q, трэцяй праекцыяй І.с. Т3, барыённым зарадам B, дзіўнасцю S, чароўнасцю C і прыгажосцю b існуе сувязь: Q=T3+1/2(B+S+C-b). Напр., нуклону (B=l, S=0, C=0, b=0) адпавядае T3=Q-1/2, што дае Т3=1/2 для пратона (Q=l) і Т3=-1/2 для нейтрона (Q=0), т. ч. нуклон мае 2 зарадавыя станы і ўтварае ізадублет. І.с. сістэмы адронаў захоўваецца ў моцных (ядзерных) узаемадзеяннях, а Т3 — у эл.-магн. узаемадзеяннях. Слабы І.с. характарызуе лептоны, кваркі, прамежкавыя вектарныя базоны і скалярныя базоны Хігса ў дачыненні да электраслабага ўзаемадзеяння. Для кваркаў і лептонаў прымае значэнні: 0; 1/2. Паміж эл. зарадам Q, трэцяй праекцыяй слабага І.с. T3w і слабым гіперзарадам Yw існуе сувязь: Q=T3w+1/2Yw (абагульненая ф-ла Гел-Мана—Нішыджымы). Слабы І.с. дазваляе правесці класіфікацыю лептонаў і кваркаў і дакладна вызначыць законы электраслабага ўзаемадзеяння ўсіх элементарных часціц.
Літ.:
Окунь Л.Б. Лептоны и кварки. 2 изд. М., 1990.
І.С.Сацункевіч.
т. 7, с. 177
ІЗАТО́ПНАЯ ХРАНАЛО́ГІЯ,
сукупнасць метадаў вызначэння абс. ўзросту горных парод, мінералаў, слядоў стараж. культур чалавека ці цалкам Зямлі па назапашванні ў іх прадуктаў распаду радыенуклідаў (гл. Радыеактыўнасць). Ідэя І.х. належыць П.Кюры і Э.Рэзерфарду. Распад кожнага радыенукліда адбываецца з пастаяннай скорасцю і прыводзіць да назапашвання канечных стабільных нуклідаў, па колькасці якіх і вызначаецца ўзрост даследаванага ўзору.
т. 7, с. 177
ІЗАТО́ПНЫЯ ІНДЫКА́ТАРЫ, мечаныя атамы,
рэчывы, якія маюць адрозны ад прыроднага ізатопны склад. Выкарыстоўваюцца ў якасці адзнакі («меткі») у фізіцы, хіміі, біялогіі, медыцыне, металургіі і інш. пры вывучэнні розных працэсаў (у т.л. ў жывых арганізмах).
Метад І.і. заснаваны на блізкасці фіз.-хім. уласцівасцей розных ізатопаў аднаго і таго ж хім. элемента. Прапанаваны ў 1913 венг. радыехімікам Дз.Хевешы і ням. хімікам Ф.Панетам. У якасці ізатопнай «меткі» звычайна выкарыстоўваюць радыеактыўныя ізатопы (напр,, вуглярод-14, фосфар-32, жалеза-59, кобальт-60, ёд-131), якія можна лёгка выявіць і вымераць колькасна з дапамогай дэтэктараў ядзерных выпрамяненняў. Стабільныя І.і. выяўляюцца метадамі мас-спектраскапіі.
Э.А.Рудак.
т. 7, с. 177