ТРЫЁДТЫРАНІ́Н,
гармон, які выпрацоўвае шчытападобная залоза. Паводле хім. прыроды блізкі да тыраксіну. Хутка пранікае ў клеткі. Уплывае на абмен рэчываў, рост і дыферэнцыроўку тканак.
т. 15, с. 546
ТРЫЁЗЫ,
дыоксікарбанільныя злучэнні, ніжэйшыя монацукрыды. Да Т. адносяцца гліцэрынавы альдэгід, дыоксіацэтон. Фосфарныя эфіры Т. — прамежкавыя злучэнні пры анаэробных пераўтварэннях вугляводаў. У зялёных раслінах утвараюцца ў выніку фіксацыі вуглякіслага газу ў працэсе фотасінтэзу.
т. 15, с. 546
ТРЫ́ЗНА,
заключная частка пахавальнага абраду ў стараж. славян. Напачатку Т. суправаджалася ваен. гульнямі, спаборніцтвамі, ахвярапрынашэннямі, песнямі, танцамі, памінальнай вячэрай па нябожчыку; пасля прыняцця хрысціянства захавала памінальныя песні і вячэру. Т. наз. таксама памінкі па нябожчыку.
т. 15, с. 546
ТРЫ́ЗНА Сямён Іванавіч (30.4.1890, г. Мазыр Гомельскай вобл. — 12.6.1968),
бел. вучоны ў галіне селекцыі раслін. Д-р с.-г. н. (1963). Скончыў Кіеўскі ун-т (1916). У 1924—31 дырэктар Палескай пясчана-балотнай доследнай станцыі. У 1934—41 у НДІ балотнай гаспадаркі (заг. аддзела). У 1945—65 у Бел. НДІ меліярацыі і воднай гаспадаркі. Навук. працы па агратэхніцы і селекцыі збожжавых культур на тарфяна-балотных глебах Беларусі. Вывеў сорт аўса Серабрысты.
Тв.:
Основы агротехники и селекции зерновых культур на торфяно-болотных почвах БССР. Мн., 1962.
т. 15, с. 546
ТРЫЗНЕ́ННЕ,
псіхічнае расстройства, пры якім хворы чалавек з упэўненасцю гаворыць аб тым, чаго не існуе. Бывае пры шызафрэніі, маніякальна-дэпрэсіўным псіхозе і інш. хваробах псіхікі. Лечаць псіхатропнымі сродкамі.
т. 15, с. 547
ТРЫ́ЗНЫ,
шляхецкі род герба «Газдава» ў ВКЛ. Паходзяць з правасл. баярства Браншчыны, з 2-й пал. 15 ст. валодалі маёнткам Палонка ў Ваўкавыскім пав. Найб. вядомыя:
Рыгор Іосіфавіч (каля 1500—71), маршалак гаспадарскі ў 1560—66, кашталян падляшскі ў 1566—69 і смаленскі з 1569. Валодаў маёнткамі Палонка, Ятвезск, Андрэевічы ў Ваўкавыскім пав., Дарсунішкі ў Ковенскім пав. З яго сыноў Пётр (?—1633) перайшоў у каталіцтва, быў старостам бабруйскім, ваяводам парнаўскім з 1626, Рыгор — маршалкам слонімскім. Мікалай (?—10.10.1640), сын Рыгора, падкаморы слонімскі з 1608, кухмістр ВКЛ у 1623—35, падскарбі земскі з 1635. Гедэон Міхал (?—11.9.1652), сын Рыгора, падстолі ВКЛ у 1631, стольнік ВКЛ у 1631—38, харунжы гродзенскі з 1637. крайчы ВКЛ у 1638—42, падчашы ВКЛ у 1642—44, падскарбі земскі з 1644; староста брэсцкі з 1624. суражскі і мсціслаўскі, адміністратар Гродзенскай і Магілёўскай эканомій. Марцыян (?—17.5 або 2.8.1643), сын Рыгора, канонік віленскі з 1620, адначасова духоўны пісар ВКЛ у 1628—41, духоўны рэферэндар ВКЛ у 1631—41, каад’ютар віленскі ў 1638—43, біскуп-суфраган беларускі з 1639, падканцлер ВКЛ з 1641. Павел Пётр (?—15.5.1639), сын Рыгора; староста старадубскі ў 1630—36, абозны ВКЛ у 1633—38. падстолі ВКЛ з 1638. Тэафіл (?—1645), сын Мікалая. староста ваўкавыскі, ваявода брэсцкі з 1642.
В.Л.Насевіч.
т. 15, с. 547
ТРЫКАРБО́НАВЫХ КІСЛО́Т ЦЫКЛ, Крэбса цыкл, цыкл лімоннай кіслаты,
цыклічная паслядоўнасць ферментатыўных акісляльных пераўтварэнняў трыкарбонавых кіслот і дыкарбонавых к-т; агульны заключны этап акісляльнага разбурэння прадуктаў абмену вугляводаў, тлушчаў і бялкоў (або амінакіслот) да вуглякіслага газу і вады. Важнейшы метабалічны цыкл у аэробных арганізмаў (мікраарганізмаў, раслін, жывёл, чалавека).
Адкрыты Х.А.Крэбсам і У.Джонсанам (1937). Т.к.ц. пачынаецца ўтварэннем лімоннай к-ты пры кандэнсацыі ацэтыльнай групы ацэтыл-КаА і шчаўевоцатнай к-ты і завяршаецца ўтварэннем шчаўевоцатнай к-ты, 2 малекул вуглякіслага газу і адноўленых каферментаў. Энергет. выхад Т.к.ц. — 12 малекул АТФ. Утвораная шчаўевоцатная к-та кандэнсуецца з новай малекулай ацэтыл-КаА і дае наступны віток цыкла. Гл. таксама Акісленне біялагічнае.
Літ.:
Ленинджер А. Основы биохимии: Пер. с англ. Т. 1—3. М., 1985;
Березов Т.Т., Коровкин Б.Ф. Биологическая химия. 3 изд. М., 1998;
Эллиот В., Эллиот Д. Биохимия и молекулярная биология: Пер. с англ. М., 2000.
І.М.Семяненя.
т. 15, с. 547
ТРЫКАРБО́НАВЫЯ КІСЛО́ТЫ,
арганічныя кіслоты, якія маюць у малекуле па 3 карбаксільныя групы (-COOH); адносяцца да карбонавых кіслот. Найб. біялагічна важныя: лімонная кіслата, шчаўевоцатная кіслата, цыс-аканітавая, ізалімонная. Адыгрываюць важную ролю ў працэсах біяэнергетыкі і біясінтэзу. Удзельнічаюць у трыкарбонавых кіслот цыкле.
Найб. інтэнсіўна сінтэзуюцца і расходуюцца ў печані, ц. н. с., лімфоідных органах, эпітэліі страўнікава-кішачнага тракту, канальцах нырак. Т.к. пераносяцца праз клетачныя мембраны з дапамогай спец. трансп. бялкоў. Выкарыстоўваюцца ў эксперым. фармакатэрапіі метабалічных парушэнняў.
Літ.:
Епринцев А.Т. Попов В.Н. Ферментативная регуляция метаболизма ди- и трикарбоновых кислот в растениях. Воронеж. 1999.
І.М.Семяненя, А.Г.Давыдоўскі.
т. 15, с. 547
ТРЫКАТА́Ж (франц. tricotage ад tricoter вязаць),
гатовыя вырабы або палатно, што вырабляюць вязаннем на трыкатажных машынах. Паводле структуры Т. падзяляюць на папярочнавязаны (кулірны) і асновавязаны, адзінарны і падвойны (больш шчыльны і цяжкі), гладкі і з малюнкамі; паводле прызначэння — на бялізнавы, верхні, панчошна-шкарпэтачны, пальчаткавы і інш. Кроеныя бялізнавыя вырабы, а таксама верхняе адзенне шыюць з трыкат. палатна; панчохі, шкарпэткі, пальчаткі, хусткі і інш. вырабы звычайна атрымліваюць на машынах у гатовым выглядзе. Гл. таксама Трыкатажная прамысловасць.
т. 15, с. 547
ТРЫКАТА́ЖНАЯ МАШЫ́НА, вязальная машына,
машына для мех. вязання трыкатажнага палатна або трыкат. штучных вырабаў. Адрозніваюць Т.м. паводле прызначэння, канструкцыі, выгляду трыкат. іголак і інш. Класы прамысл. Т.м. вызначаюцца колькасцю іголак, што замяшчаюцца ў адзінцы даўжыні ігольніцы: чым танчэйшыя іголкі і меншая адлегласць паміж імі, тым вышэйшы клас машыны і вырабляецца больш тонкае палатно.
Падзяляюцца Т.м.: паводле спосабу петлеўтварэння на папярочна-вязальныя (кулірныя) і асновавязальныя; паводле прызначэння (для вязання палатна і штучных вырабаў); паводле колькасці ігольніц (аднафантурныя і двухфантурныя). У залежнасці ад канструкцыі ігольніц, у якіх замацоўваюцца іголкі, бываюць круглавязальныя (для вырабу палатна ў выглядзе трубкі) і плоскія (для вырабу палатна ў выглядзе тканіны). Асн. рабочыя органы (механізмы) Т.м.: петлеўтваральны (вязальны), падачы нітак (сілкавальны) і адцяжны (адвод ад ігольніц вырабленага трыкатажу з пастаянным нацяжэннем). Петлеўтваральны механізм мае ігольніцы з іголкамі (язычковымі, кручковымі або пазавымі), плаціны (пласцінкі складанай формы, што выгінаюць ніткі ў петлі), ніткавадзіцель і інш. Працэсы вязання на прамысл. Т.м. аўтаматызаваны, маюць электронныя сродкі кіравання. Існуюць таксама бытавыя вязальныя машыны і апараты. Асн. вузлы ручных машын: петлеўтваральныя элементы (язычковыя іголкі і плаціны), карэтка (накіроўвае іголкі і плаціны пры вязанні). лічыльнік радкоў і інш. Вязальныя апараты маюць кручкі, грэбень са штырамі, на які ўручную навешваюцца петлі, і лінейкі, з дапамогай якіх перасоўваюцца кручкі і рэгулюецца шчыльнасць вязання.
І.У.Косціна.
т. 15, с. 547