СІМПАТАЛІТЫ́ЧНЫЯ СРО́ДКІ (лац. sympatholytica здольны раствараць, аслабляць),
лекавыя сродкі, якія парушаюць перадачу нерв. імпульсаў з сімпатычных нерваў на выканаўчыя органы. Да С.с. адносяцца рэзерпін, метылдопа, актадзін, арнід, якія ўздзейнічаюць на канцы сімпатычных нерваў. Асн. эфекты С.с. звязаны з прыгнечаннем сімпатычнай нервовай сістэмы і дамінаваннем актыўнасці парасімпатычнай нерв. сістэмы: змяншэнне артэрыяльнага ціску, узмацненне маторнай і сакраторнай функцый страўніка, кішэчніка і інш. Выкарыстоўваюць для лячэння артэрыяльнай гіпертаніі, пры глаўкоме, сардэчных арытміях.
І.М.Семяненя.
т. 14, с. 387
СІМПАТРЫ́Я (ад грэч. syn разам + patris радзіма),
тып відаўтварэння, пры якім новыя віды ўзнікаюць з папуляцый з моцна перакрыжаванымі або супадаючымі арэаламі. Магчыма ў выпадках, калі 2 формы, якія існуюць у межах агульнага арэала або яго часткі, не змешваюцца і маюць розныя экалагічныя нішы. Супрацьлеглы выпадак — відаўтварэнне з папуляцый з неперакрыжаванымі арэаламі — наз. алапатрыяй.
С. наз. таксама сумеснае пражыванне ў адным геагр. раёне розных відаў або ўнутрывідавых груп арганізмаў (біял. рас), якія адрозніваюцца генетычна, з рознымі экалагічнымі асаблівасцямі (тэрміны і месцы размнажэння, аб’екты корму, спосабы здабычы корму і інш.). Напр., «азімыя» і «яравыя» расы некат. ласосепадобных і асетрападобных рыб нерасцяцца ў адных вадаёмах, але ў розныя тэрміны, што робіць немагчымым абмен спадчыннай інфармацыяй паміж імі.
т. 14, с. 387
СІМПАТЫ́ЧНАЯ НЕРВО́ВАЯ СІСТЭ́МА (ад грэч. sympathēs чуллівы, успрымальны),
частка вегетатыўнай нервовай сістэмы пазваночных. Прымае ўдзел у падтрыманні гамеастазу, спрыяе хуткай мабілізацыі фізіял. функцый арганізма, стымулюе працэсы катабалізму. Мае цэнтры, якія знаходзяцца ў бакавых рагах грудных і паяснічных сегментаў спіннога мозга, у нерв. вузлах (гангліях), размешчаных па баках пазваночніка (паравертэбральныя) і ў брыжэйцы (прэвертэбральныя гангліі). Прэвертэбральныя гангліі здольныя ўтвараць рыхлыя скопішчы, звязаныя валокнамі, — нерв. спляценні (буйнейшае з іх — сонечнае). Гангліі злучаны паміж сабой, са спінным мозгам, з выканаўчымі органамі. С.н.с. інервуе крывяносныя сасуды і ўнутр. органы, што забяспечвае рэфлекторную ўзаемасувязь паміж імі, а характэрнае для гэтай сістэмы галінаванне нерв. ствалоў спрыяе генералізаванаму ўплыву на некалькі ўнутр. структур. Медыятары С.н.с. — ацэтылхалін (прэгангліянарныя валокны) і норадрэналін (постгангліянарныя валокны, акрамя тых, што інервуюць потавыя залозы).
А.С.Леанцюк.
т. 14, с. 387
СІМПА́ТЫЯ (ад грэч. sympathēia спачуванне, прыхільнасць),
устойлівыя станоўчыя эмацыянальныя адносіны аднаго чалавека да другога; процілеглае антыпатыі. Узнікае на аснове агульных поглядаў, каштоўнасцей, інтарэсаў, ідэалаў. Адзін з фактараў інтэграцыі людзей і захоўвання псіхал. камфорту. Гл. таксама Атракцыя.
т. 14, с. 387
СІ́МПЛЕКСНАЯ СУ́ВЯЗЬ (ад лац. simplex просты),
сістэма двухбаковай электрасувязі паміж двума абанентамі па адным фіз. ланцугу ці па адным канале сувязі, пры якой прыём і перадача паведамленняў праводзіцца пачаргова. Пры тэлеф. С.с. для двухбаковай перадачы паведамленняў карыстаюцца спец. прыладамі для змены напрамку перадачы (уручную — кнопкай, аўтаматычна — ад голасу). Гл. таксама Дуплексная сувязь.
т. 14, с. 387
СІМПО́ЗІУМ (лац. symposium ад грэч. symposion баляванне, банкет),
1) вячэрняе ці начное баляванне ў стараж. грэкаў і рымлян, якое суправаджалася музыкай, бяседай, рознымі забавамі.
2) Нарада, у т. л. міжнар., па якім-н. навук. пытанні (напр., С. па праблемах гепатыту).
т. 14, с. 388
СІ́МПСАН (Simpson),
пустыня ў цэнтр. ч. Аўстраліі. Пл. каля 300 тыс. км². Паверхня пераважна пясчаная з паралельнымі градамі даўж. да 250 км, выш. да 30 м, якія распасціраюцца ў паўн.-зах. кірунку пануючых вятроў; на ПдУ — пясчана-галечнікавая, на З — камяністая, каля берагоў воз. Эйр — гліністая. Сярэдняя т-ра студз. 28—30 °C, ліп. 12—15 °C. Ападкаў да 130 мм за год. Багатая падземнымі водамі. Рэдкая расліннасць з акацый і эўкаліптаў; дзернавінны злак спініфекс. Нац. парк Сімпсан-Дэзерт. Названа імем прэзідэнта геагр. т-ва Аўстраліі.
т. 14, с. 388
СІМПТАМАТЫ́ЧНАЯ ТЭРАПІ́Я,
від лячэння, накіраваны на ўстараненне або аслабленне асобных сімптомаў хваробы. Напр., назначэнне гарачкапаніжальных сродкаў пры ліхаманцы, анальгетыкаў пры болях, процікашлевых сродкаў пры захворваннях органаў дыхання, сардэчных гліказідаў пры сардэчнай недастатковасці і інш. У многіх выпадках адыгрывае ролю патагенетычнай тэрапіі, якая ўздзейнічае на механізмы развіцця хваробы (напр., назначэнне анальгетыкаў пры інфаркце міякарда). Да С.т. адносяцца і некат. бязлекавыя прыёмы фізіятэрапіі (напр., выкарыстанне магнітных палёў для змяншэння боляў).
І.М.Семяненя.
т. 14, с. 388
СІМПТО́М (ад грэч. symptōma супадзенне, прыкмета),
характэрнае праяўленне або прыкмета хваробы. Бываюць С. суб’ектыўныя, пра якія хворы паведамляе ўрачу (напр., боль, слабасць), і аб’ектыўныя (вызначаюцца ўрачом у час абследавання); агульныя, характэрныя для многіх хвароб (напр., павышэнне т-ры) і патагнаманічныя, характэрныя толькі для пэўнага захворвання (напр., болі ў вобласці паясніцы пры хваробе нырак).
т. 14, с. 388
СІМУЛЯ́ЦЫЯ (ад лац. simulatio няшчырасць, прытворства),
паводзіны, накіраваныя на імітацыю хваробы ці яе сімптомаў з мэтай увесці ў зман. Матывамі С. могуць быць дасягненне пэўных ільгот, ухіленне ад абавязкаў, імкненне пазбавіцца ад адказнасці за ўчыненае злачынства, прыцягнуць да сябе ўвагу і ў інш. Мэты С. могуць быць усвядомленыя (робіцца зацікаўленай асобай з пэўнай мэтай) і неўсвядомленыя (яе выпадкі назіраюцца, напр., у асоб з істэрычнымі неўрозамі, калі С. становіцца адным са спосабаў неадэкватнага вырашэння неўратычнага канфлікту). С. з мэтай ухілення ад прызыву на ваен. службу або ад яўкі на зборы праз прытворную хваробу крымінальнае заканадаўства Рэспублікі Беларусь разглядае як адну з прыкмет злачынства.
т. 14, с. 388