СІМУЛЯ́ЦЫЯ (ад лац. simulatio няшчырасць, прытворства),
паводзіны, накіраваныя на імітацыю хваробы ці яе сімптомаў з мэтай увесці ў зман. Матывамі С. могуць быць дасягненне пэўных ільгот, ухіленне ад абавязкаў, імкненне пазбавіцца ад адказнасці за ўчыненае злачынства, прыцягнуць да сябе ўвагу і ў інш. Мэты С. могуць быць усвядомленыя (робіцца зацікаўленай асобай з пэўнай мэтай) і неўсвядомленыя (яе выпадкі назіраюцца, напр., у асоб з істэрычнымі неўрозамі, калі С. становіцца адным са спосабаў неадэкватнага вырашэння неўратычнага канфлікту). С. з мэтай ухілення ад прызыву на ваен. службу або ад яўкі на зборы праз прытворную хваробу крымінальнае заканадаўства Рэспублікі Беларусь разглядае як адну з прыкмет злачынства.
т. 14, с. 388
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)