Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

СКРЫЎЛЕ́ННЕ ПАЗВАНО́ЧНІКА, скаліёз,

бакавое скрыўленне пазваночніка (у франтальнай плоскасці). Бывае прыроджанае і набытае. Развіваецца ў выніку парушэнняў структуры пазваночніка, змяшчэння цэнтра цяжару цела ў бок ад падоўжнай восі. Бывае пры рахіце, траўмах, пухлінах, запаленнях пазваночніка і інш. У 90% выпадкаў назіраецца ідыяпатычнае С.п. (парушэнне абмену ў злучальнай тканцы, што вядзе да аслаблення сувязі міжпазванковых дыскаў з пазванкамі). Пры С.п. адзначаецца дэфармацыя грудной клеткі, змяншэнне яе аб’ёму і ўтварэнне рэбернага гарба, парушэнне функцый лёгкіх і сардэчна-сасудзістай сістэмы. Лячэнне: лячэбная фізкультура, масаж, хірургічнае.

І.​М.​Семяненя.

т. 14, с. 475

СКРЭБ (англ. scrub),

зараснікі невысокіх (1—2 м) пераважна вечназялёных цвердалістых засухаўстойлівых кустоў са слабаразвітым травяністым покрывам. Пашыраны ў субтрапічных і часткова трапічных абласцях Паўд.-Зах. і Усх. Аўстраліі, Паўд. Афрыцы і на Пд ЗША. У складзе С. ў асн. акацыі, нізкарослыя эўкаліпты, казуарыны, рэдкія невысокія дрэвы, кусцікі з сям. бабовых і міртавых; у разрэджаным травяным покрыве — дзернавінныя злакі, аднагадовыя сухацветы, салянкі, некат. сукуленты.

т. 14, с. 475

СКРЭ́БЛА,

каменная прылада працы, якая служыла для апрацоўкі скур і вырабаў з дрэва. Былі пашыраны ў палеаліце, асабліва ў эпоху мусцье. С. выраблялі пераважна з масіўных авальных, падпрамавугольных і няправільных абрысаў адшчэпаў ці пласцін; арыентацыя лёзаў падоўжаная ці папярочная. Вылучаюцца адзінарныя і двайныя тыпы С. На Беларусі найб. стараж. С. знойдзены ў Абідавічах, Клеявічах і Свяцілавічах.

т. 14, с. 475

СКРЭ́БНІ, скрэбені, калючагаловыя чэрві,

акантацэфалы (Acanthocephala),

клас паразітычных першаснаполасцевых чарвей (існуюць інш. класіфікацыі). Каля 1500 відаў. На Беларусі 11 відаў, найб. вядомыя акантацэфалус гусіны (Acanthocephalus anguillae), макракантарынхус п’яўкавы (Macracanthorhynchns hirudinaceus), паліморфус вялікі (Polymorphus magnus) і інш. Паразіты кішэчніка пазваночных жывёл (канчатковыя гаспадары), узбуджальнікі акантацэфалёзаў.

Даўж. да 68 см, цела двухбаковасіметрычнае, верацёнападобнае, укрыта кутыкулай, у некат. відаў з шыпікамі. Пярэдні канец цела ператвораны ў орган прымацавання — хабаток з хіцінавымі кручкамі Крывяносная, дыхальная і стрававальная сістэмы адсутнічаюць, нерв. складаецца з галаўнога нерв. вузла і парных прадаўгаватых тулаўных ствалоў. Жыўленне асматычным шляхам Раздзельнаполыя Развіццё з метамарфозам і зменай гаспадароў. Прамежкавыя гаспадары — ракападобныя, малюскі і насякомыя.

т. 14, с. 475

СКРЭ́ПЕР (англ. scraper ад scrape скрэбці),

землярыйна-транспартная машына цыклічнага дзеяння для паслойнага зразання, транспартавання, адсыпкі ў насып ці адвал і разраўноўвання грунту. Рабочы орган С. — коўш з нажом, які загружаецца свабодна пад дзеяннем цягавага намагання пры руху машыны або прымусова канвеерам (напр., элеватарам) з аўтаматызаваным кіраваннем.

Бываюць прычапныя да трактара (2- або 1восевай канструкцыі), паўпрычапныя на базе 2-восевых трактароў і цягачоў, самаходныя на базе аднавосевых цягачоў, у т. л. з дызель-эл. прыводам і матор-коламі. Умяшчальнасць каўша да 40 м³ і больш, адлегласць транспартавання грунту да 2,5 км і больш. С. наз. таксама рабочы орган (коўш) канатна-скрэперных установак, якія выкарыстоўваюцца на экскавацыйных, трансп. і інш. земляных работах на паверхні, пад зямлёй і пад вадой. Прывод каўша — ад лябёдкі праз сістэму канатаў і блокаў. На Беларусі С. выпускае Магілёўскі аўтамаб. з-д.

І.​І.​Леановіч.

Скрэпер самаходны МаАЗ-6014 (Магілёўскі аўтамабільны завод).

т. 14, с. 475