Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

РЭАНІМА́ЦЫЯ (ад рэ... + лац. animatio ажыўленне),

ажыўленне арганізма, сістэма мерапрыемстваў пры тэрмінальных станах (шок, агонія, клінічная смерць). Накіравана на прадухіленне незваротнага пашкоджання нейронаў лобных аддзелаў кары вял. паўшар’яў галаўнога мозга. Пры спыненні дыхання і работы сэрца тэрмінова пачынаюць практычныя мерапрыемствы па ажыўленні: штучная вентыляцыя лёгкіх (метад рот у рот, або рот у нос), аднаўленне кровазвароту (вонкавы масаж сэрца). Р. можа ўключаць інтубацыю трахеі, ускрыццё трахеі з увядзеннем асобай трубкі, артэрыяльнае нагнятанне крыві для аднаўлення спантаннага кровазвароту, дэфібрыляцыю сэрца (спыненне разрозненых скарачэнняў сардэчнай мышцы моцным эл. разрадам), пункцыю поласцей сэрца для ўвядзення лек. рэчываў, крыві і кровазаменнікаў і інш. Неэфектыўная Р. пры гібелі нерв. клетак кары вял. паўшар’яў, што адбываецца праз 3—5 мін пасля спынення кровазабеспячэння мозга, астаноўкі спынення* сэрца і дыхання (перыяд клінічнай смерці). Вывучае рэаніматалогія.

У.​А.​Кульчыцкі.

т. 13, с. 537

РЭАПЕРА́ЦЫЯ,

паўтор аперацыі хірургічнай у выпадку недастатковай яе эфектыўнасці або пры ўзнікненні пасляаперацыйных ускладненняў.

т. 13, с. 537

РЭАРГАНІЗА́ЦЫЯ (ад рэ... + арганізацыя),

пераўтварэнне, перабудова, змена структуры і функцый установы, арганізацыі і інш. Р. юрыдычнай асобы — спыненне дзейнасці юрыд. асобы (аб’яднанне, зліццё прадпрыемстваў і г.д.) без ліквідацыі спраў і маёмасці.

т. 13, с. 537

РЭАСТА́Т (ад грэч. rheos цячэнне, паток + statos нерухомы),

электрычны апарат (пераменны рэзістар) для плаўнага або ступеньчатага рэгулявання (абмежавання) сілы току і напружання ў эл. ланцугах.

Залежна ад матэрыялу супраціўлення бываюць метал. (праваднікі з канстантану, ніхрому і інш.), вадкасныя (праваднік — электраліт) і вугальныя (слупкі з тонкіх вугальных шайбаў). Уключаюцца паслядоўна (для змены сілы току ці напружання ў невял. межах) ці паралельна (для рэгулявання ў шырокім дыяпазоне — ад нуля да макс. значэнняў) Выкарыстоўваюцца як пускавыя, рэгулявальныя, нагрузачныя, вымяральныя і інш. Гл. таксама Атэнюатар, Дзялільнік напружання, Патэнцыёметр.

Рэастат: а — лабараторнага тыпу з неперарыўнай зменай супраціўлення; б і в — паслядоўная і паралельная схемы ўключэння; U — напружанне крыніцы току; 1 — рэастат: 2 — нагрузка.

т. 13, с. 537

РЭАФІ́ЛЫ [ад грэч. rheos цячэнне, паток + ...філ(ы)],

арганізмы, прыстасаваныя да жыцця ў цякучых водах рэк, ручаёў, прыліўна-адліўных зонах мораў і акіянаў. Здольныя супрацьстаяць цячэнню, існуюць у патоку вады ўсе жыццё (напр., прахадныя рыбы) або ў пэўныя перыяды жыццёвага цыкла (напр., лічынкі аўсянікаў, шыцікі). На Беларусі сярод раслін да Р. належаць ніткаватыя зялёныя водарасці, сіне-зялёныя водарасці, мох фантыналіс, кветкавыя расліны — рагаліснік, разак, рдзесты, трыснёг, чарот; сярод жывёл — гідры, губкі, імшанкі, прымацаваныя інфузорыі, бентасныя калаўроткі, малашчацінкавыя чэрві, малюскі; ракападобныя, з рыб — сцерлядзь, некат. карпападобныя (верхаводка, гусцяра, краснапёрка, плотка і інш.), ласосепадобныя (рапушка, стронга, харыус звычайны і інш.).

Патрабуюць высокага ўзроўню кіслароду ў вадзе. Беспазваночныя Р. — фільтратары, улоўліваюць кармавыя часцінкі пры дапамозе лоўчых сетак (шыцікі), пасіўнай фільтрацыі вады праз лоўчыя шчацінкі на целе (лічынкі мошак), седыментацыі ў віры, які ствараецца рухамі шчацінак або шчупальцаў (інфузорыі, губкі, калаўроткі і інш.). Звычайна з павелічэннем скорасці цячэння памеры беспазваночных Р (акрамя каланіяльных форм) памяншаюцца.

А.​М.​Петрыкаў.

т. 13, с. 537

РЭ́БІНДЭР (Пётр Аляксандравіч) (3.10.1898, С.-Пецярбург — 12.7.1972),

расійскі фізікахімік, заснавальнік фізіка-хім. механікі. Акад. АН СССР (1946, чл.-кар. 1933). Герой Сац. Працы (1968). Скончыў Маскоўскі ун-т (1924). У 1922—32 у Ін-це фізікі і біяфізікі АН СССР, адначасова ў 1923—41 у Маскоўскім пед. ін-це (з 1929 праф.). З 1935 у Ін-це фіз. хіміі АН СССР, адначасова з 1942 у Маскоўскім ун-це, з 1968 гал. рэдактар «Коллоидного журнала». Навук. працы па фізікахіміі дысперсных сістэм і паверхневых з’яў. Адкрыў адсарбцыйнае зніжэнне трываласці цвёрдых цел (гл. Рэбіндэра эфект). Развіў уяўленне аб малекулярным механізме дзеяння паверхнева-актыўных рэчываў, распрацаваў асновы іх выкарыстання ў тэхнал. працэсах. Дзярж. прэмія СССР 1942.

Тв.:

Физико-химическая механика металлов. М., 1962 (разам з У.​І.​Ліхтманам, Я.​Дз.​Шчукіным);

Избр. Труды. [Т. 1—2]. М., 1978—79.

Літ.:

П.​А.​Ребиндер. 2 изд. М., 1971.

П.А.Рэбіндэр.

т. 13, с. 538

РЭ́БІНДЭРА ЭФЕ́КТ,

эфект адсарбцыйнага зніжэння трываласці цвёрдага цела з прычыны абарачальнага фіз.-хім. ўздзеяння навакольнага асяроддзя. Адкрыты П.А.Рэбіндэрам у 1928.

Праяўляецца ў шматразовым зніжэнні трываласці, павышэнні крохкасці, памяншэнні даўгавечнасці цвёрдага цела (напр., растрэскванне шкла, горных парод у прысутнасці вады, разбурэнне палімерных матэрыялаў пад уплывам арган. растваральнікаў), а таксама павышэнні пластычнасці цвёрдых матэрыялаў і аблягчэнні іх дыспергавання. Паверхневымі працэсамі, што выклікаюць Р.э., акрамя адсорбцыі, могуць быць змочванне (асабліва цвёрдых цел расплавамі, блізкімі, па малекулярнай прыродзе), эл. зараджанне паверхні, хім. рэакцыі. Выкарыстоўваюць Р.э. для аблягчэння апрацоўкі металаў ціскам і рэзаннем, тонкага драбнення горных парод і цэментнага клінкеру, пры свідраванні і праходцы тунэляў.

Літ.:

Горюнов Ю.В., Перцов Н.В., Сумм Б.Д. Эффект Ребиндера. М., 1966.

т. 13, с. 538

РЭБО́РДА (ад франц, rebord літар. — прыўзняты край, борт),

кругавы выступ на краі вобада кола лакаматыва (вагона), які прадухіляе сход кола з рэйкі, накіроўвае яго на бакавы пуць у час руху па стрэлачным пераводзе. Р. на шківе ці блоку затрымлівае канат, трос, рэмень ад саслізгвання.

т. 13, с. 538

РЭБРАПЛО́ДНІК (Pleurospermum),

род кветкавых раслін сям. парасонавых. З віды. Пашыраны ў Еўразіі. На Беларусі 1 від — Р. аўстрыйскі (P. austriacum). Зрэдку трапляецца на ўзлесках і ў зарасніках хмызняку.

Р. аўстрыйскі — двухлетнік выш 50—150 см з клубнепадобным карэнішчам. Баразнаватае сцябло адзіночнае, прамое, полае, уверсе разгалінаванае, цвёрдаваласістае. Ніжняе лісце на доўгіх чаранках, буйное, бліскучае, цёмна-зялёнае, перыстарассечанае, верхняе — сядзячае. Кветкі белыя, у парасоніках. Плод — віслаплоднік.

В.​М.​Прохараў.

Рэбраплоднік камчацкі.

т. 13, с. 538

РЭ́БУС (ад лац. rebus пры дапамозе рэчаў, прадметаў),

загадка, у якой словы або фразы, што разгадваюцца, выкладзены ў выглядзе камбінацый малюнкаў, літар; у пераносным значэнні — нешта загадкавае, мудрагелістае, незразумелае.

т. 13, с. 538