РЭАНІМА́ЦЫЯ (ад рэ... + лац. animatio ажыўленне),

ажыўленне арганізма, сістэма мерапрыемстваў пры тэрмінальных станах (шок, агонія, клінічная смерць). Накіравана на прадухіленне незваротнага пашкоджання нейронаў лобных аддзелаў кары вял. паўшар’яў галаўнога мозга. Пры спыненні дыхання і работы сэрца тэрмінова пачынаюць практычныя мерапрыемствы па ажыўленні: штучная вентыляцыя лёгкіх (метад рот у рот, або рот у нос), аднаўленне кровазвароту (вонкавы масаж сэрца). Р. можа ўключаць інтубацыю трахеі, ускрыццё трахеі з увядзеннем асобай трубкі, артэрыяльнае нагнятанне крыві для аднаўлення спантаннага кровазвароту, дэфібрыляцыю сэрца (спыненне разрозненых скарачэнняў сардэчнай мышцы моцным эл. разрадам), пункцыю поласцей сэрца для ўвядзення лек. рэчываў, крыві і кровазаменнікаў і інш. Неэфектыўная Р. пры гібелі нерв. клетак кары вял. паўшар’яў, што адбываецца праз 3—5 мін пасля спынення кровазабеспячэння мозга, астаноўкі спынення* сэрца і дыхання (перыяд клінічнай смерці). Вывучае рэаніматалогія.

У.​А.​Кульчыцкі.

т. 13, с. 537

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)