РЭАФІ́ЛЫ [ад грэч. rheos цячэнне, паток + ...філ(ы)],

арганізмы, прыстасаваныя да жыцця ў цякучых водах рэк, ручаёў, прыліўна-адліўных зонах мораў і акіянаў. Здольныя супрацьстаяць цячэнню, існуюць у патоку вады ўсе жыццё (напр., прахадныя рыбы) або ў пэўныя перыяды жыццёвага цыкла (напр., лічынкі аўсянікаў, шыцікі). На Беларусі сярод раслін да Р. належаць ніткаватыя зялёныя водарасці, сіне-зялёныя водарасці, мох фантыналіс, кветкавыя расліны — рагаліснік, разак, рдзесты, трыснёг, чарот; сярод жывёл — гідры, губкі, імшанкі, прымацаваныя інфузорыі, бентасныя калаўроткі, малашчацінкавыя чэрві, малюскі; ракападобныя, з рыб — сцерлядзь, некат. карпападобныя (верхаводка, гусцяра, краснапёрка, плотка і інш.), ласосепадобныя (рапушка, стронга, харыус звычайны і інш.).

Патрабуюць высокага ўзроўню кіслароду ў вадзе. Беспазваночныя Р. — фільтратары, улоўліваюць кармавыя часцінкі пры дапамозе лоўчых сетак (шыцікі), пасіўнай фільтрацыі вады праз лоўчыя шчацінкі на целе (лічынкі мошак), седыментацыі ў віры, які ствараецца рухамі шчацінак або шчупальцаў (інфузорыі, губкі, калаўроткі і інш.). Звычайна з павелічэннем скорасці цячэння памеры беспазваночных Р (акрамя каланіяльных форм) памяншаюцца.

А.​М.​Петрыкаў.

т. 13, с. 537

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)