Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

РАГВАЛО́Д БАРЫ́САВІЧ, Рагвалод Рагвалодавіч (у хрышчэнні Васіль),

князь полацкі і друцкі ў 2-й пал. 12 ст. Сын Рагвалода Усяславіча. У 1129 разам з інш. полацкімі князямі высланы кіеўскім кн. Мсціславам Уладзіміравічам у Візантыю, адкуль вярнуўся ў 1139. Каля 1144 стаў полацкім князем. У 1151 выгнаны вечам з Полацка і сасланы ў Мінск да яго ворага Расціслава Глебавіча. Па патрабаванні Юрыя Далгарукага вызвалены і з’ехаў у Чарнігаў да Святаслава Ольгавіча, які дапамог яму войскам у вяртанні зямель. У 1158 (у летапісе 1159) па запрашэнні жыхароў Друцка «з вялікай пашанай увайшоў у горад» (на радзіму вяртаўся са Слуцка), потым пры дапамозе сваіх прыхільнікаў зноў выбраны вечам на княжанне ў Полацку (сеў «на столе деда своего и отца своего с честью великою»), Зрабіў некалькі паходаў на Мінск і Гарадзец супраць Расціслава Глебавіча, у 1161 разбіты мінскім кн. Валадарам Глебавічам, пасля чаго вярнуўся ў Друцк, а «Полотьску не сме ити, занеже множьство погибе полочан». У 1171 паводле загаду Р.Б. высечаны надпіс на вял. камяні (т.зв. Рагвалодаў камень).

Літ.:

Алексеев Л.В. Полоцкая земля в IX—XIII вв.: (Очерки истории Северной Белоруссии). М., 1966;

Друцк старажытны. Мн., 2000.

Г.​В.​Штыхаў.

т. 13, с. 199

РАГВАЛО́Д УСЯСЛА́ВІЧ,

(у хрышчэнні Барыс; ?—1128), князь полацкі, сын Усяслава Брачыславіча (Чарадзея). Свой пасад заняў пасля смерці бацькі як старэйшы сын (1101). У 1102 хадзіў на ятвягаў, разбіў іх і ўзяў вял. палон, які пасяліў у г. Барысаў, заснаваным ім у тым жа годзе. Верагодна, у 1106 узначальваў аб’яднанае войска полацкіх князёў, якое выступіла супраць земгалаў. У выніку няўдачы гэтага паходу, як можна меркаваць, быў пазбаўлены полацкага пасада. У 1127 па патрабаванні кіеўскага князя Мсціслава, які з многімі князямі прыйшоў на Полацкую зямлю Р.У. быў пастаўлены полацкім князем замест Давыда, свайго брата. З імем Р.У. звязваюць надпісы на Барысавых камянях.

Літ.:

Татищев В.Н. История Российская. М.; Л., 1963. Т. 2. С. 123;

Повесть временных лет. М.; Л., 1950. Ч. 1. С. 183.

М.​І.​Ермаловіч.

т. 13, с. 199

РАГІ́,

вёска ў Аздзелінскім с/с Гомельскага р-на. Цэнтр калгаса. За 25 км на ПнЗ ад Гомеля, 9 км ад чыг. ст. Лазурная. 433 ж., 147 двароў (2001). Базавая школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 13, с. 200

РАГІ́М (Мамед) (сапр. Гусейнаў Мамед Рагім Абас аглы; 28.4.1907, Баку — 6.5.1977),

азербайджанскі паэт. Нар. паэт. Азербайджана (1964). Скончыў Азерб. пед. ін-т (1931). Друкаваўся з 1926. Аўтар зб-каў вершаў «Мроі» (1930), «Другая кніга» (1933), «Любоў да Радзімы» (1942), «Вясна кахання» (1957) і інш., паэт. трылогіі (паэмы «Над Ленінградам», 1948, Дзярж. прэмія СССР 1949; «На Апшэронскай зямлі», 1950; «Над Каспіем», 1958), драмы ў вершах «Хагані» (1955). Значнае месца ў яго творах займаюць тэмы гераізму і барацьбы за мір. На бел. мову асобныя вершы Р. пераклаў У.​Шахавец.

Тв.:

Рус. пер. — Ветер странствий. М., 1964;

Надежда. М., 1967;

Азербайджанская кантата. М., 1972.

М.Рагім.

т. 13, с. 200

РАГІ́МАЎ (Сулейман Гусейн аглы) (22.3.1900, с. Аін, Азербайджан — 11.10.1983),

азербайджанскі пісьменнік. Нар. пісьменнік Азербайджана (1960). Скончыў Азерб. пед. ін-т (1931). Друкаваўся з 1930. Аўтар рамана-эпапеі «Шамо» (т. 1—5, 1931—81); раманаў «Сачлы» (т. 1—3, 1940—48), «У гарах Агбулага» (1954—55), «Помнік маці» (1967), «Каўказская арліца» (т. 1—2, 1971—73); аповесці «Голас зямлі» (1941), «Медальён» (1942), «Брацкая магіла» (1943); апавяданняў. Творам Р. ўласцівы тонкі псіхалагізм, адлюстраванне нар. жыцця, нар. мова. Асобныя яго апавяданні на бел. мову пераклалі Х.​Лялько, В.​Рабкоў.

Тв.:

Рус. пер. — Шамо. Т. 1—3. М., 1953—76;

Избр. произв. Т. 1—2. М., 1972.

т. 13, с. 200

РАГІ́НСКІ ((Roginski) Раман) (29.2.1840—15.2.1915),

адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64 у Польшчы, Літве і Беларусі. Скончыў Варшаўскую рэальную гімназію (1861). З-за пагрозы арышту за ўдзел у патрыят. маніфестацыях у Варшаве эмігрыраваў у Парыж. Вучыўся ў вайсковай школе ў Генуі. У 1862 вярнуўся ў Варшаву, прызначаны камісарам ад Цэнтр. нац. к-та ў Варшаве па Падляшскім ваяв. 23.1.1863 зрабіў няўдалую спробу авалодаць г. Бяла-Падляска. 7.2.1863 удзельнічаў у бітве пад Сямяцічамі, пасля рушыў у глыб Беларусі. 13.2.1863 заняў Пружаны, 25—26 лют. разбіты каля в. Баркі, З сак. ўзяты ў палон у Тураве. Смяротны прыгавор ад 23.8.1863 заменены на 20 гадоў катаргі, якую адбываў ва Усолі (Пермская губ.). У 1868 пераведзены на пасяленне, жыў у Верхняўдзінску (Забайкальская вобл.), Віціме, Іркуцку. У 1892 вярнуўся на радзіму. Аўтар успамінаў аб падзеях 1863—64.

Дз.​М.​Чаркасаў.

С.З.Рагінскі.

т. 13, с. 200

РАГІ́НСКІ (Сіман Залманавіч) (25.3.1900, г.п. Парычы Светлагорскага р-на Гомельскай вобл. — 5.2.1970),

расійскі фізікахімік. Чл.-кар. АН СССР (1939). Скончыў Днепрапятроўскі ун-т (1922). У 1923—28 у Днепрапятроўскім горным ін-це, з 1930 праф. Ленінградскага політэхн. ін-та, з 1941 у Ін-це фіз. хіміі, з 1961 у Ін-це хім. фізікі АН СССР (заг. лабараторыі), адначасова ў 1943—52 заг. кафедры Маскоўскага ін-та хім. машынабудавання. Навук. працы па гетэрагенным каталізе. Устанавіў сувязь паміж каталітычнымі і паўправадніковымі ўласцівасцямі цвёрдых цел (1938—40), што стала асновай паўправадніковых тэорый каталізу. Прапанаваў мікрахім. тэорыю актыўнай паверхні, тэорыю мадыфікавання каталізатараў (1950). Дзярж. прэміі СССР 1941, 1949.

т. 13, с. 200

РАГІ́НЬ,

вёска ў Буда-Кашалёўскім р-не Гомельскай вобл., на р. Чачора. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 22 км на ПнУ ад горада і чыг. ст. Буда-Кашалёва, 55 км ад Гомеля. 890 ж., 362 двары (2001). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 13, с. 200

РАГІ́Р ВАН ДЭР ВЕ́ЙДЭН [Rogier van der Weyden; сапр. Раж’е дэ ла Пасцюр (Rogier de la Pasture)],

гл. Вэйдэн Рагір ван дэр.

т. 13, с. 200

РАГНЕ́ДА РАГВАЛО́ДАЎНА (?, г. Полацк —1000),

полацкая князёўна, дачка полацкага кн. Рагвалода, жонка вял. кн. Уладзіміра Святаславіча, маці кн. Ізяслава Уладзіміравіча. Паводле летапісаў, адхіліла сватанне Уладзіміра Святаславіча, які тады княжыў у Ноўгарадзе. Каля 980 Уладзімір захапіў Полацк, забіў бацьку, маці і двух братоў Р.Р., а яе гвалтоўна зрабіў сваёй жонкай і даў слав. імя Гарыслава. З пачуцця помсты Р.Р. зрабіла няўдалы замах на жыццё мужа. Уладзімір хацеў пакараць Р.Р., але за маці заступіўся сын Ізяслаў. Тады Уладзімір саслаў Р.Р. і сына ў г. Ізяслаўль (Заслаўе). Паводле падання, пасля хрышчэння Уладзіміра і ліквідацыі яго гарэма Р.Р. адмовілася другі раз выйсці замуж і пастрыглася ў манашкі пад імем Анастасіі. Каля Заслаўя назвы ўрочышчаў звязаны з імем Р.Р.

Літ.:

Ермаловіч М. Старажытная Беларусь: Полацкі і новагародскі перыяды. Мн., 1990.

Г.​В.​Штыхаў.

Да арт. Рагнеда Рагвалодаўна. Рагнеда і Уладзімір. Мастак С.​І.​Грыбкоў.

т. 13, с. 200