РАГІ́НСКІ (Сіман Залманавіч) (25.3.1900, г.п. Парычы Светлагорскага р-на Гомельскай вобл. — 5.2.1970),

расійскі фізікахімік. Чл.-кар. АН СССР (1939). Скончыў Днепрапятроўскі ун-т (1922). У 1923—28 у Днепрапятроўскім горным ін-це, з 1930 праф. Ленінградскага політэхн. ін-та, з 1941 у Ін-це фіз. хіміі, з 1961 у Ін-це хім. фізікі АН СССР (заг. лабараторыі), адначасова ў 1943—52 заг. кафедры Маскоўскага ін-та хім. машынабудавання. Навук. працы па гетэрагенным каталізе. Устанавіў сувязь паміж каталітычнымі і паўправадніковымі ўласцівасцямі цвёрдых цел (1938—40), што стала асновай паўправадніковых тэорый каталізу. Прапанаваў мікрахім. тэорыю актыўнай паверхні, тэорыю мадыфікавання каталізатараў (1950). Дзярж. прэміі СССР 1941, 1949.

т. 13, с. 200

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)