НЕСЯЛО́ЎСКІ (Францішак Ксаверы) (18.12.1771, г. Ляхавічы Брэсцкай вобл. — 15.9.1845),
дзяржаўны і ваен. дзеяч ВКЛ. Сын Ю.Несялоўскага. Вучыўся ў Гал. школе ВКЛ у Вільні (1785—88). З 1788 шэф 6-га рэгімента (палка) пяхоты войска ВКЛ. Удзельнічаў у вайне 1792 з Рас. імперыяй. У час паўстання 1794 вызначыўся са сваім палком у шэрагу бітваў. Трапіў у палон, адмовіўся прысягаць Кацярыне II і выехаў у Германію. У 1796 вярнуўся, у 1798 абвінавачаны ў падрыхтоўцы новага паўстання, зняволены ў Вільні. Падтрымаў план А.Чартарыйскага пра адбудову Польск. дзяржавы пад суверэнітэтам Расіі. У 1812 прызначаны Напалеонам чл. Вайсковага к-та ў Вільні, ген. брыгады, інспектар пяхоты арміі ВКЛ, паспалітага рушэння. Адступіў з напалеонаўскімі войскамі за мяжу. У 1814 пасля амністыі вярнуўся на Беларусь, прадаў родавыя маёнткі (Варончу і інш.) і з’ехаў у Польшчу. У 1830 выбраны паслом сейма Каралеўства Польскага. У час паўстання 1830—31 намеснік губернатара Варшавы, камандаваў брыгадай пры абароне горада, быў сенатарам-кашталянам. Пасля задушэння паўстання на некалькі гадоў дэпартаваны ў Волагду.
т. 11, с. 300
НЕСЯЛО́ЎСКІ (Юзаф) (1728—8.3.1814),
дзяржаўны дзеяч ВКЛ. Пасол на соймы 1756, 1764, 1766, падкаморы навагрудскі, чашнік ВКЛ у 1765, навагрудскі кашталян у 1765—73 і ваявода з 1773, член Скарбовай і Вайсковай камісій ВКЛ, старшыня Вайсковай камісіі абодвух народаў у час вайны 1792 з Расіяй, член Пастаяннай рады. Паліт. праціўнік падскарбія А.Тызенгаўза. Удзельнік падрыхтоўкі паўстання 1794. Віленскім актам паўстання 24.4.1794 прызначаны старшынёй Найвышэйшай літоўскай рады. Пасля яе роспуску старшыня скарбовага аддзела Цэнтральнай дэпутацыі Вялікага княства Літоўскага. Пасля задушэння паўстання амнісціраваны Кацярынай II, жыў у сваіх маёнтках (Новая Мыш, Варонча і інш.).
т. 11, с. 301
НЕСЯНЧУ́К (Анатоль Пятровіч) (н. 25.7.1931, в. Юравічы Калінкавіцкага р-на Гомельскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне цеплатэхналогій. Д-р. тэхн. н. (1988), праф. (1990). Скончыў БПІ (1954). З 1955 у БПА. Навук. працы па кінетыцы тэрмапсеўдазвадкаваных слаёў, тэорыі і разліку прамысл. печаў машынабуд. і металургічнай вытв-сці. Дзярж. прэмія Беларусі 1998.
Тв.:
Пламенные печи для нагрева и термообработки металла. Мн., 1973 (разам з М.П.Жмакіным, І.І.Кальтманам);
Промышленные теплотехнологии. [Ч. 1—5]. Мн., 1995—2000 (у сааўт);
Стальной слиток: В 3 т. Т. 1. Управление кристаллической структурой. Мн., 2000 (у сааўт.).
т. 11, с. 301