НЕСЯЛО́ЎСКІ (Францішак Ксаверы) (18.12.1771, г. Ляхавічы Брэсцкай вобл. — 15.9.1845),
дзяржаўны і ваен. дзеяч ВКЛ. Сын Ю.Несялоўскага. Вучыўся ў Гал. школе ВКЛ у Вільні (1785—88). З 1788 шэф 6-га рэгімента (палка) пяхоты войска ВКЛ. Удзельнічаў у вайне 1792 з Рас. імперыяй. У час паўстання 1794 вызначыўся са сваім палком у шэрагу бітваў. Трапіў у палон, адмовіўся прысягаць Кацярыне II і выехаў у Германію. У 1796 вярнуўся, у 1798 абвінавачаны ў падрыхтоўцы новага паўстання, зняволены ў Вільні. Падтрымаў план А.Чартарыйскага пра адбудову Польск. дзяржавы пад суверэнітэтам Расіі. У 1812 прызначаны Напалеонам чл. Вайсковага к-та ў Вільні, ген. брыгады, інспектар пяхоты арміі ВКЛ, паспалітага рушэння. Адступіў з напалеонаўскімі войскамі за мяжу. У 1814 пасля амністыі вярнуўся на Беларусь, прадаў родавыя маёнткі (Варончу і інш.) і з’ехаў у Польшчу. У 1830 выбраны паслом сейма Каралеўства Польскага. У час паўстання 1830—31 намеснік губернатара Варшавы, камандаваў брыгадай пры абароне горада, быў сенатарам-кашталянам. Пасля задушэння паўстання на некалькі гадоў дэпартаваны ў Волагду.
т. 11, с. 300
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)