Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

МУ́ЗЫ (ад грэч. musai),

у старажытнагрэчаскай міфалогіі дочкі Зеўса і Мнемасіны; спачатку багіні спеваў, пазней паэзіі, мастацтваў, навук. М. было 9: Кліо — апякунка гісторыі, Талія — камедыі, Мельпамена — трагедыі, Еўтэрпа — лірычнай паэзіі, Эрато — любоўнай эратычнай паэзіі, Тэрпсіхора — танцаў, Палігімнія — гімнаў, Каліопа — эпічнай паэзіі і навукі, Уранія — астраноміі. У пераносным сэнсе М. (муза) — творчае натхненне.

т. 11, с. 14

МУ́ЗЫКА (ад грэч. musikē літар. мастацтва муз),

від мастацтва, у якім маст. вобразы ўвасабляюцца лагічна абумоўленай паслядоўнасцю гукаў і іх спалучэнняў. Падпарадкаваныя вышынным і часавым суадносінам, яны ўтвараюць гукавыя сістэмы, што грунтуюцца на законах акустыкі і фізіялогіі слыху. Сродкі муз. выразнасці: інтанацыя, лад, гармонія, рытм, метр, тэмп, тэмбр, інструментоўка, артыкуляцыя, дынаміка, агогіка і інш. Разгортванне М. ў часе — дыялектычны працэс, у якім узнікаюць пачатковыя муз. пабудовы (матыў, фраза, сказ, перыяд і інш.) і больш складаныя структуры (гл. Форма музычная). Будова кожнага муз. твора спалучае тыповае і індывідуальна-своеасаблівае. М. можа разгортвацца ў адна- (манодыя) і шматгалосым (поліфанія, гамафонія) гучанні, выкладзеным у адпаведнай фактуры. Ва ўвасабленні маст. вобразаў магчымы спалучэнні М. з паэзіяй (вак. музыка, меладэкламацыя) і інш. відамі мастацтва (опера, балет, аперэта, кіно, драм. т-р, тэлебачанне і інш.). Паводле характару драматургіі і прызначэння адрозніваюць М. оперную, сімф., камерную, харавую, ваенна-духавую і інш.; больш дробныя іх жанравыя разнавіднасці: у оперы — seria, buffa, муз. драма, у сімф. М. — сімфонія, сюіта, уверцюра, паэма; у камернай — саната, раманс і інш. Як від мастацтва М. ўключае 2 творчыя акты, што знаходзяцца ў непарыўнай сувязі: кампазіцыю (стварэнне) і выкананне. Паводле спосабу выканання М. падзяляюць на інстр. і вакальную; для аднаго выканаўцы (сола), некалькіх (ансамбль), пэўнага складу інструментаў (аркестр) або галасоў (хор). Тэкст муз. твора, указанні выканаўцам і інш. фіксуюцца нотным запісам (гл. Нотнае пісьмо, Ноты). Сукупнасцю заканамернасцей вобразна-эмацыянальнага зместу і маст. сродкаў вызначаецца муз. стыль. Кожны муз. стыль (класіцызм, рамантызм, імпрэсіянізм, экспрэсіянізм і інш.) — з’ява грамадска-гістарычная. Паняцце «стыль» выкарыстоўваюць і ў дачыненні да пэўнай нац. М. (італьянскі, рускі), да творчасці асобнага кампазітара. Вывучае М. музыказнаўства.

У першабытным грамадстве М. мела дапаможнае значэнне, была неад’емнай ад прац. працэсаў і магічных дзействаў, сінкрэтычна звязаная з паэзіяй і танцам. Паступова, у непарыўнай сувязі з эвалюцыяй форм працы і побыту вылучалася як асобны від мастацтва. Краіны стараж. цывілізацый (Егіпет, Грэцыя, Рым, Кітай, Індыя) мелі развітое муз. мастацтва, у т. л. прафесійнае. У сярэдневяковай Еўропе інтэнсіўна развівалася песенная, інстр. быт. і прафесійная М. Напачатку цэнтрамі прафес. М. былі саборы і манастыры. У краінах Усходу актывізавалася прыдворнае і быт. музіцыраванне. Паваротны этап у станаўленні еўрап. М. — эпоха Адраджэння, калі расквітнелі жанры месы, матэта, мадрыгала, рэквіема, напісаныя ў традыцыях поліфаніі «строгага стылю», зарадзіліся многія жанры М., у т. л. опера, араторыя, кантата, пачала складвацца сістэма прафес. музычнай адукацыі, удасканальвалася нотнае пісьмо. У 1-й пал. 18 ст. дасягнула кульмінацыі мастацтва поліфаніі (І.​С.​Бах). У 18 ст. сфарміраваліся асновы класічнай гармоніі, оперныя і інстр. формы, у т. л. сімфонія, канцэрт, саната, выпрацаваўся класічны склад аркестра, зарадзіліся нац. муз. школы. Уздым муз. творчасці звязаны з антыфеадальным дэмакр. рухам (Бах, Г.​Ф.​Гендэль, К.​В.​Глюк, І.​Гайдн, В.​А.​Моцарт), з франц. рэвалюцыяй 1794, ідэі якой яскрава ўвасоблены ў творчасці Л.​Бетховена. Класіцызм, рамантызм, інш. стылявыя плыні, а таксама нац. школы, што складваліся на аснове нац. муз. традыцый, узбагачалі сусв. муз. культуру. Найб. значныя дасягненні нац. школ у 19 ст. звязаны з творчасцю Ф.​Шуберта (Аўстрыя), К.​М.​Вебера, Р.​Шумана, І.​Брамса, Р.​Вагнера (Германія), Г.​Берліёза, Ж.​Бізэ (Францыя), Дж.​Расіні, Дж.​Вердзі (Італія), Ф.​Шапэна, С.​Манюшкі (Польшча), Ф.​Ліста, Ф.​Эркеля (Венгрыя), Э.​Грыга (Нарвегія), А.​Дворжака, Б.​Сметаны (Чэхія). Вял. роля ў развіцці М. належыць рус. нац. школе, станаўленне і росквіт якой прыпадае на 19 ст. (М.​Глінка, А.​Даргамыжскі, М.​Балакіраў, А.​Барадзін, М.​Мусаргскі, М.​Рымскі-Корсакаў, П.​Чайкоўскі, С.​Танееў, А.​Глазуноў і інш.). У канцы 19 — пач. 20 ст. ў зах.-еўрап. М. сфарміраваліся новыя тэндэнцыі, у выніку якіх адбылася дыферэнцыяцыя аўтарскіх стыляў, у т. л. імпрэсіянізм (К.​Дэбюсі, М.​Равель), верызм (П.​Масканьі, Р.​Леанкавала), неарамантызм (Г.​Малер, Р.​Штраус) і інш. Значнае месца ў гэтым рэчышчы займае творчасць рус. кампазітараў А.​Скрабіна, І.​Стравінскага. Глыбокія змены адбыліся ў гукавышынных сістэмах (Б.​Бартак, А.​Анегер, Ф.​Пуленк, К.​Орф, К.​Шыманоўскі, Л.​Яначак, Б.​Марціну, Б.​Брытэн, А.​Шонберг, А.​Веберн, Ч.​Айвз, А.​Месіян і інш.), што абумовіла існаванне разнастайных стылявых плыняў у М. 20 ст. Традыцыі рус. кампазітарскай школы развівалі Глазуноў, С.​Рахманінаў, М.​Метнер, С.​Пракоф’еў, Дз.​Шастаковіч, М.​Мяскоўскі, Г.​Свірыдаў, Р.​Гліэр, А.​Хачатуран, Ц.​Хрэннікаў і інш. Значнае месца ў сусв. муз. мастацтве займае творчасць Р.​Шчадрына, Э.​Арцем’ева, С.​Сланімскага, Э.​Дзянісава, А.​Шнітке, С.​Губайдулінай. Пра гісторыю развіцця нац. М. гл. раздзелы Музыка ў арт. пра дзяржавы, напр., пра бел. М. ў арт. Беларусь.

Літ.:

Ливанова Т.Н. История западноевропейской музыки до 1789 г. Ч. 1—2. 2 изд. М., 1982—83;

Яе ж. Из истории музыки и музыкознания за рубежом. М., 1981;

Грубер Р.И. История музыкальной культуры. Т. 1—2. М.; Л., 1941—59;

История русской музыки: В 10 т. Т. 1—6. М., 1983—89;

История музыки народов СССР. Т. 1—7. М., 1970—97.

Т.​А.​Дубкова.

т. 11, с. 14

МУЗЫ́КА,

назва народнага скрыпача, пашыраная на тэр. Беларускага Паазер’я. У інш. этнакульт. рэгіёнах сінонімы М. — «скамарох» (Магілёўшчына), «іграч» (Міншчына). М. спрадвеку адыгрываў значную грамадскую ролю ў жыцці бел. вёскі, выконваў сакральна-магічную функцыю ў розных каляндарна-земляробчых (калядных, валачобных, купальскіх і інш. абходах) і сямейна-родавых (асабліва вясельных) абрадах, а таксама эмац.-псіхал. функцыю стваральніка і носьбіта радаснага настрою ў час усіх сямейных і агульнавясковых урачыстасцей (бяседы, ігрышчы, танцы). М звычайна тураваў спевам, разам з інш. інструменталістамі іграў песні, танцы, маршы. Ігру на скрыпцы спасцігаў самавукам («сам па сабе»), у сям’і або ў славутага мясц. выканаўцы. Паводле нар. уяўленняў, сапраўдны М. — чараўнік, які валодае звышнатуральнай сілай уздзеяння на ўвесь навакольны свет. Вобраз М. ўвасоблены ў шматлікіх нар. казках і легендах, выслоўях і песнях, творах бел. л-ры («Сымон-музыка» Я.​Коласа, «Музыка» М.​Багдановіча, «Страшная музыкава песня» М.​Гарэцкага) і выяўл. мастацтва (М.​Шагал, Я.​Драздовіч). У наш час назву «М.» часам пераносяць і на гарманіста.

І.​Дз.​Назіна.

т. 11, с. 15

МУЗЫКАЗНА́ЎСТВА,

навука пра музыку; галіна мастацтвазнаўства. Падзяляецца на некалькі асобных узаемазвязаных дысцыплін адпаведна разнастайнасці форм музыкі і жыццёвых функцый, якія яны выконваюць, або выбранаму аспекту разгляду муз. з’яў. Аснова класіфікацыі М. — падзел на гіст. і тэарэт. галіны адпаведна выкарыстанню гіст. і лагічнага метадаў даследавання, аднак вывучэнне рэальных працэсаў маст. творчасці часта патрабуе сінтэзу названых метадаў. Гістарычнае М. вывучае гісторыю музыкі як маст. працэс, развіццё нац. муз. культур, жанры музыкі, дзейнасць кампазітараў; уключае муз. крыніцазнаўства, палеаграфію і тэксталогію. Тэарэт. М. даследуе гармонію, поліфанію, мелодыку, рытміку, метрыку, інструментоўку, форму музычную. Асобныя галіны М. — этнамузыкалогія, тэорыя і гісторыя выканальніцкага мастацтва, муз. сацыялогія, псіхалогія, крытыка.

Тэарэт. асэнсаванне пытанняў музыкі пачалося ў краінах стараж. цывілізацый — Асірыі, Вавілоне, Егіпце, Кітаі, Індыі. У Стараж. Грэцыі зарадзілася вучэнне аб этасе, муз. ладах і гукарадах, рытме, інтэрвалах. У эпоху Адраджэння асэнсаваны асновы танальнай гармоніі, перагледжана вучэнне аб ладах, падкрэслена асаблівае значэнне іанійскага (мажор) і эалійскага (мінор) ладоў. Дж.Царліна вызначыў 2 віды трохгуччаў у залежнасці ад становішча ў іх вял. тэрцыі і стварыў перадумовы для ўстанаўлення паняццяў меладычнага і гарманічнага мажору і мінору. даў практычныя ўказанні па тэхніцы поліфанічнага пісьма, суадносін тэксту і музыкі. У 17 ст. паявіліся працы энцыклапедычнага характару па муз.-тэарэт., акустычных і эстэт. праблемах. Важны этап у фарміраванні М. як навукі — эпоха Асветніцтва. Канчаткова як самаст. навука, што вырашае асаблівыя задачы і валодае ўласнымі метадамі даследавання, М. склалася ў 20 ст. У Расіі М. развівалася з канца 17 ст. ў працах І.​Коранева («Мусікія», 1660-я г.) і М.​Дылецкага («Граматыка мусікійская», 1670-я г.), дзе зроблена спроба стварыць рацыяналістычна стройнае вучэнне, і інш. У 18 ст. пачалася распрацоўка пытанняў, звязаных са станаўленнем і развіццём свецкай нац. муз. культуры. У 19 ст. ў артыкулах У.​Адоеўскага і інш. закрануты пытанні пра народнасць музыкі, адметныя рысы рус. муз. школы і яе адносіны да інш. нац. школ. Росквіт рус. класічнага М. звязаны з дзейнасцю А.Сярова (увёў тэрмін «М.»), У.Стасава, Г.Лароша. Шмат прац прысвяцілі М. кампазітары М.​Глінка, П.​Чайкоўскі, М.​Рымскі-Корсакаў, С.​Танееў і інш. У 1920-я г. створаны спец. навук. ўстановы для распрацоўкі фундаментальных праблем тэорыі і гісторыі музыкі.

На Беларусі муз. жыццё гарадоў у 19 — пач. 20 ст. давала шмат матэрыялаў для развіцця муз. крытыкі. Артыкулы і нататкі пра муз. жыццё ў газ. «Минские губернские ведомости», «Витебские губернские ведомости», «Минский листок», «Северо-Западный край», «Наша ніва» і інш. мелі пераважна інфарм. характар і найчасцей былі звязаны з пытаннямі выканальніцтва, хоць у некат. матэрыялах выявіўся зварот да нац. музыкі, прапанавана праграма стварэння бел. кірунку ў муз. культуры. У пач. 20 ст. спробы творчага асэнсавання пытанняў муз. мастацтва разглядаліся ў арт. М.​Багдановіча, Я.​Купалы, Я.​Коласа, М.​Гарэцкага, Ц.​Гартнага, З.​Бядулі. У 1920-я г. фарміраваліся прапагандысцка-асв. тэндэнцыі ў М. У арт. Ю.​Дрэйзіна і інш. абагульнены некат. новыя з’явы, што ўзніклі ў грамадскім жыцці. У 1926 выдадзены слоўнік Дрэйзіна «Музычныя тэрміны». У канцы 1920 — пач. 1930-х г. у друку шырока асвятляліся пытанні музычнай адукацыі, выдаваліся падручнікі і навуч. дапаможнікі, у т. л. «Музычная пісьменнасць» В.​Яфімава, «Пачатковая тэорыя музыкі» М.​Мацісона, уступныя арт. да бел. опер і балетаў з нотнымі фрагментамі; працягвалася вывучэнне нар. муз. творчасці. Актывізавалася і даследчая дзейнасць. У 1930-я г. ўзбагацілася жанравая палітра музыказнаўчых прац, паявіліся артыкулы аналітычнага характару. Станаўленню М. садзейнічалі шырокая дыскусія пра развіццё бел. прафес. музыкі (1925), арганізацыя сімф. аркестра (1928) і опернага т-ра (1933). Характэрнымі жанрамі муз. публіцыстыкі 1930-х г. былі творчы партрэт і нарыс. У канцы 1940-х—50-я г. даследаваліся пытанні прафес. муз. творчасці і нац. выканальніцкай культуры. Апублікаваны брашуры і нарысы пра бел. музыку (І.​Нісневіч, Б.​Смольскі, Г.​Цітовіч), яе вядучыя жанры (С.​Нісневіч, В.​Сізко), муз. калектывы (Л.​Мухарынская, Б.​Смольскі, І.​Жыновіч). Распрацоўваліся эстэт. праблематыка нац. музыкі, актуальныя пытанні бел. муз. творчасці, опернай драматургіі, лібрэта, муз. мовы, узаемаадносін прафес. і нар. музыкі. Да 1960-х г. вызначыліся кірункі, звязаныя з распрацоўкай тэарэт. асноў нац. мастацтва. У працах абагульняльнага характару бел. музыка разглядалася ў некалькіх аспектах: нац. нар. музыка, муз. культура Беларусі ад сярэднявечча да 20 ст., сучасная бел. муз. творчасць і выканальніцтва, эстэт. праблемы нац. муз. мастацтва і інш. Цэнтрамі н.-д. думкі сталі кафедры гісторыі і тэорыі музыкі Бел. дзярж. кансерваторыі (цяпер Бел. акадэмія музыкі) і створанага ў 1957 аддзела музыкі Ін-та мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац. АН Беларусі, грамадска-публіцыстычнай — Саюз кампазітараў Беларусі. Даследаванні ў галіне музыкі праводзяцца таксама на муз.-пед. ф-це Бел. дзярж. пед. ун-та імя М.​Танка і Бел. ун-це культуры. У 1960—90-я г. апублікаваны манаграфіі, выдадзены зборнікі навук. прац па гісторыі нац. муз. культуры, у т. л. «Гісторыя беларускай савецкай музыкі» (1971), «Гісторыя беларускай музыкі» (1976). Раздзелы пра бел. прафес. музыку ўвайшлі ў грунтоўнае выданне Ін-та гісторыі мастацтваў Мін-ва культуры СССР «Гісторыя музыкі народаў СССР» (т. 1—7, 1970—97). Фундаментальны характар мае праца Ін-та мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац. АН Беларусі «Музычны тэатр Беларусі» (кн. 1—4, 1990—97; Дзярж. прэмія Беларусі 1998 за кн. 2—4). У вывучэнні творчых працэсаў сучаснай бел. муз. культуры важнае значэнне мела выданне зборнікаў праблемных артыкулаў «Музычная культура Беларускай ССР» (М., 1977), «Пытанні тэорыі і гісторыі музыкі», «Зборнік артыкулаў па музычнаму мастацтву» (абодва 1976), «Пытанні музыказнаўства» (1981), «Беларуская савецкая музыка на сучасным этапе: Тэарэтычныя нарысы» (1990), «Пытанні культуры і мастацтва Беларусі» (вып. 1—13, 1982—94), а таксама зб. «Музыка нашых дзён» (з 1969; з 1975 наз. «Беларуская музыка»). Істотны ўклад у даследаванне творчых працэсаў бел. музыкі (асобных жанраў, пытанняў муз. стылю, форм, тэматызму, выкарыстання фальклору ў творчасці кампазітараў, прынцыпу праграмнасці, праблемы нац. і інтэрнацыянальнага і інш.) зрабілі музыказнаўцы С.​Нісневіч, Н.​Юдзеніч, Сізко, Г.​Куляшова, Т.​Дубкова, Г.​Глушчанка, К.​Сцепанцэвіч, Т.​Шчарбакова, І.​Назіна, Р.​Аладава, Л.​Сцяпура, В.​Савіцкая, А.​Друкт, Р.​Сергіенка, Т.​Ляшчэня, Т.​Шчэрба, В.​Антаневіч, А.​Смагін, Н.​Юўчанка, Т.​Дзядзюля, Э.​Алейнікава, А.​Карпілава і інш. Вьшадзены працы пра творчасць бел. кампазітараў, выканаўцаў і муз. калектываў (І. і С.​Нісневічы, Л.​Мухарынская, Куляшова, Дубкова, І.​Зубрыч, А.​Ракава, Дз.​Жураўлёў, Н.​Калеснікава, Л.​Аўэрбах), біябібліягр. даведнікі «Кампазітары Савецкай Беларусі» (1966) і «Саюз кампазітараў БССР» (1978) Жураўлёва, «Кампазітары Беларусі» Т.​Мдывані і Сергіенка (1997). З 1970 выходзіць шматтомнае навук. выданне бел. фальклору «Беларуская народная творчасць». З 1980-х г. распрацоўваецца праблематыка муз. культуры Беларусі ад старажытнасці да 19 ст., даследуецца царк. музыка Беларусі [Л.​Касцюкавец, В.​Дадзіёмава, В.​Пракапцова (Масленікава), А.​Капілаў, А.​Ахвердава, Т.​Ліхач, У.​Неўдах]. Узбагацілася тэарэт. л-ра па праблемах нар. музыкі (Г.​Цітовіч, В.​Ялатаў, Мухарынская, З.​Мажэйка, Т.​Якіменка, Т.​Варфаламеева), ствараецца вучэбная л-ра па бел. музыцы і бел. нар. творчасці для муз. навуч. устаноў розных узроўняў. Развіваецца эстэт. праблематыка (А.​Ладыгіна), даследуюцца пытанні тэорыі опернага (Куляшова) і сімф. (Дубкова) жанраў, гукавышыннай арганізацыі сучаснай музыкі (Сергіенка). Распрацоўваюцца гісторыка-тэарэт. праблемы рас., сав., зарубежнай музыкі (Глушчанка, Шчарбакова, Друкт, М.​Шыманскі, Мдывані, Б.​Златавярхоўнікаў, Н.​Сцяпанская, А.​Гарахавік, К.​Дулава і інш.), муз. сацыялогіі, адукацыі, псіхалогіі, методыкі выкладання, выканальніцкага майстэрства. Бел. музыказнаўцы ўдзельнічаюць у муз. жыцці Беларусі, вядуць муз.-асв. працу, займаюцца крытычнай дзейнасцю, выступаюць у перыяд. друку, на тэлебачанні і радыё, з 1990-х г. удзельнічаюць у міжнар. канферэнцыях і сімпозіумах, супрацоўнічаюць у замежных энцыклапедычных выданнях і інш.

Літ.:

Серов А.Н. Музыка, музыкальная наука, музыкальная педагогика // Серов А.Н. Избр. статьи. М., 1957. Т. 2;

Глебов Игорь [Асафьев Б.В.]. Теория музыкально-исторического процесса, как основа музыкально-исторического знания // Задачи и методы изучения искусств. Пг., 1924;

Рыжкин И., Мазель Л. Очерки по истории теоретического музыкознания. Вып 1—2. М.; Л., 1934—39;

Цуккерман В. О теоретическом музыкознании // Цуккерман В. Музыкально-теоретические очерки и этюды. М., 1970;

Музыказнаўства // Гісторыя беларускай савецкай музыкі. Мн., 1971;

Дубкова Т.А. Некаторыя пытанні развіцця беларускай эстэтыкі і музычнай крытыкі // Музыка нашых дзён. Мн., 1974;

Методологические проблемы музыкознания. М., 1987;

Белорусская музыка 1960—1980 гг. Гл. 4. Мн., 1997;

Белорусская этномузыкология: Очерки истории (XIX—XX вв.). Мн., 1997;

Гл. таксама літ. пры арт. Этнамузыкалогія.

Р.​М.​Аладава, Г.​С.​Глушчанка.

т. 11, с. 15

«МУЗЫКА́ЛЬНАЯ АКАДЕ́МИЯ»,

штоквартальны музычны навук.-тэарэт. і крытыка-публіцыстычны часопіс. Выдаецца з 1933 у Маскве на рус. мове, да 1992 наз. «Советская музыка». Асвятляе падзеі муз. культуры Расіі і замежных краін. Мае рубрыкі: «Духеўная культура Айчыны», «Спадчына», «Пра музыку, пра сябе», «Па гарадах Расіі», «На скрыжаванні мастацтваў», «Гістарычныя эцюды», «За рубяжом» і інш. Змяшчае праблемныя навук.-тэарэт. матэрыялы, дыскусійныя артыкулы, пераклады, рэдкія і архіўныя дакументы, звесткі пра творчасць кампазітараў, фестывалі, конкурсы, прэм’еры, нотныя і муз.-бібліягр. выданні і інш. У розныя гады ў часопісе друкаваліся бел. кампазітары: Г.​Вагнер, Г.​Гарэлава, У.​Дарохін, С.​Картэс, В.​Кузняцоў, І.​Лучанок, Р.​Пукст, Ю.​Семяняка, Я.​Цікоцкі, Л.​Шлег, М.​Шчаглоў, музыказнаўцы Р.​Аладава, Т.​Дубкова, І.​Зубрыч, А.​Ладыгіна, З.​Мажэйка, Т.​Мдывані, Л.​Мухарынская, І.​Назіна, І.​Нісневіч, А.​Ракава, К.​Сцепанцэвіч, Т.​Шчарбакова, Н.​Юдзеніч і інш.

Т.​А.​Цітова.

т. 11, с. 16

«МУЗЫКА́ЛЬНАЯ ЖИЗНЬ»,

музычны крытыка-публіцыстычны ілюстраваны часопіс. Выдаецца з 1957 у Маскве на рус. мове 2 разы на месяц. Разлічаны на аматараў музыкі і самадз. музыкантаў. Змяшчае матэрыялы па эстэт. праблемах муз. мастацтва, гутаркі аб творах класічнай і сучаснай музыкі, інтэрв’ю з вядомымі муз. дзеячамі і выканаўцамі, іх творчыя партрэты, рэцэнзіі на канцэрты і муз. спектаклі, водгукі на новыя кнігі; ноты, грампласцінкі, песні і інстр. творы рас. і інш., у т. л. бел., кампазітараў, папулярныя творы муз. класікі. У часопісе асвятляецца развіццё бел. муз. культуры, дзейнасць навуч. і культ. устаноў (№ 20 за 1982 прысвечаны музыцы Беларусі). На яго старонках выступалі бел. кампазітары і музыказнаўцы Р.​Аладава, Э.​Алейнікава, У.​Алоўнікаў, В.​Антаневіч, Г.​Глушчанка, Т.​Дубкова, І.​Зубрыч, І.​Лучанок, Л.​Мухарынская, І.​Нісневіч, Р.​Сергіенка, В.​Сізко, Б.​Смольскі, Л.​Сцяпура, Г.​Цітовіч, Т.​Шчарбакова і інш.

Т.​А.​Шчарбакова.

т. 11, с. 16

МУЗЫ́ЧНАЯ АДУКА́ЦЫЯ,

сістэма прафесійнага навучання музыкантаў розных спецыяльнасцей (кампазітары, выканаўцы, педагогі, музыказнаўцы), якая забяспечвае набыццё імі ведаў і навыкаў, неабходных для муз. дзейнасці. На Беларусі складаецца з 3 ступеняў: пачатковай — 7-гадовыя дзіцячыя муз. школы і школы мастацтваў; сярэдняй спецыяльнай — 4-гадовыя муз. і муз.-пед. вучылішчы, вучылішчы мастацтваў, каледжы, 12-гадовыя ліцэі пры кансерваторыях і акадэміях музыкі; вышэйшай — кансерваторыі, акадэміі музыкі, ф-ты музыкі ін-таў мастацтваў, муз.-пед. ф-ты пед. ін-таў і ун-таў, ун-ты культуры, а таксама магістратура, асістэнтура-стажыроўка (для выканальніцкіх спецыяльнасцей) і аспірантура.

На Беларусі ўзнікненне пач. форм М.а. звязана з дзейнасцю цэркваў, манастыроў (Сафійскі сабор, 2-я пал. 11 ст.; Спаса-Ефрасіннеўская царква ў Полацку, Благавешчанская ў Віцебску, Барысаглебская ў Гродне, усе 12 ст., і інш.) — гал. асяродкаў пісьменнасці таго часу, пры якіх існавалі школы. З 16 ст. пэўнае значэнне ў пашырэнні М.а. мелі брацкія школы і вучылішчы (у Мінску, Брэсце, Магілёве, Пінску), езуіцкія бурсы і калегіумы (Полацк, Нясвіж, Мінск і інш.). Адметная рыса муз. культуры Беларусі 18 ст. — дзейнасць прыватнаўласніцкіх т-раў і створаных пры іх аркестраў і капэл, для якіх кваліфікаваныя кадры рыхтавалі муз. школы, у т. л. Нясвіжская, Слуцкая, Слонімская, Шклоўская (гл. адпаведныя арт.), Гродзенская музычна-тэатральная школа Тызенгаўза. 1-я пал. 19 ст. адзначана разнастайнасцю форм калектыўнага і індывід. музіцыравання, пашыранага пераважна ў навуч. установах Мінска, Віцебска, Брэста, Гродна, Магілёва, Бабруйска і інш. М.а. набыла больш сістэматычны характар. Адкрыты муз. школы ў Гомелі (1830; пры ёй дзейнічаў духавы аркестр, кіраўнік школы і арк. Т.​Сіпайла), у Мінску (1840) на чале з В.​Стафановічам (рыхтавала музыкантаў для аркестра). У 1820—50-я г. значную ролю ў пашырэнні муз. ведаў адыгралі жаночыя пансіёны — агульнаадук. прыватныя навуч. ўстановы, у т. л. пансіёны М.​Мантэграндзі, Д.​Стафановіча, Цаханскай, Шнейдэр у Мінску, Мацэёўскага і Багдановічаў у Пінску, А.​Петрашэнь у Гомелі, Яноўскай у Віцебску, Полацку, Гейдэль у Слуцку, Беера ў Мсціславе, Шастакоўскай у Брэсце і інш. Пэўную ролю ў М.а. адыгралі музычныя таварыствы, а таксама прыватныя ўрокі кваліфікаваных педагогаў — ураджэнцаў Беларусі, якія скончылі Пецярбургскую, Маскоўскую, Варшаўскую, Кёльнскую кансерваторыі. Працавалі таксама Мінская вакальная студыя Муранскай, Мінская музычная школа Шацкінай, Магілёўская муз. школа М.​Пячкоўскай (з 1886), Мінскае вучылішча арганістаў. У пач. 20 ст. арганізаваны курсы сольных спеваў Ю.​Рэйдэр у Магілёве (1902), Мінскае музычнае вучылішча, муз. школа С.​Захарына ў Гомелі, муз. класы пры Віцебскім аддзяленні Рус. муз. т-ва (1915). У 1920-я г. арганізоўваліся самадз. гурткі, студыі, выканальніцкія калектывы; уводзілася выкладанне музыкі як абавязковага прадмета ў агульнаадук. школах; пашыралася канцэртна-асв. дзейнасць музыкантаў. У ліку першых прафес. муз. устаноў на Беларусі былі народныя кансерваторыі, у т. л. ў Віцебску (1918), Гомелі і Мінску (1919), Бабруйску (1921). Важнае значэнне мела арганізацыя музычных школ, тэхнікумаў у Віцебску (1922), Мінску (1924) і інш., якія пазней перайменаваны ў вучылішчы і каледжы (гл. Музычныя вучылішчы, Магілёўскае музычнае вучылішча імя М.​Рымскага-Корсакава, Мінскае музычнае вучылішча імя Глінкі, Маладзечанскае музычнае вучылішча імя М.К.Агінскага). У 1932 у Мінску адкрыта Бел. кансерваторыя (з 1992 Беларуская акадэмія музыкі). У 1999/2000 навуч.г. працуюць: Бел. акадэмія музыкі і Рэсп. вучэбны комплекс гімназія-каледж пры ёй, 9 муз. вучылішчаў, 2 каледжы (Брэсцкі музычны і Гомельскі мастацтваў), Бел. рэсп. вучэбны комплекс гімназія-каледж мастацтваў імя І.​В.​Ахрэмчыка (гл. Беларускі ліцэй мастацтва), Магілёўскі ліцэй музыкі і харэаграфіі, 526 дзіцячых муз. школ і школ мастацтваў, 4 вучылішчы мастацтваў (Мінск, Пінск, Гродна, Віцебск), Магілёўскае вучылішча культуры імя Н.​Крупскай, Беларускі універсітэт культуры, муз.-пед. ф-т Бел. дзярж. пед. ун-та імя М.​Танка, пед. ф-т Бел. акадэміі музыкі ў Магілёве.

Літ.:

В первые годы советского музыкального строительства. Л., 1959;

Из истории советского музыкального образования: Сб. материалов и док., 1917—1927. Л., 1969;

Асафьев Б.В. Избранные статьи о музыкальном просвещении и образовании. 2 изд Л, 1973;

Гісторыя беларускай савецкай музыкі. Мн., 1971;

Врпросы музыкальной педагогики Вып. 1—7. М., 1979—86;

Орлова Е.М. Методические заметки о музыкально-историческом образовании в консерваториях. М, 1983;

Лагутин А.И. Основы педагогики музыкальной школы. М., 1985;

Мальдзіс А. Таямніцы старажытных сховішчаў. Мн., 1974;

Харлампович К. Западнорусские православные школы XVI и начала XVII в. ... Казань, 1898;

Масленікава В.П. Музычная адукацыя ў Беларусі. Мн., 1980;

Яконюк В.Л. Музыкант. Потребность. Деятельность. Мн., 1992;

Пракапцова В.П. Мастацкая адукацыя ў Беларусі. Мн., 1999.

В.​П.​Пракапцова.

т. 11, с. 16

МУЗЫ́ЧНАЯ КАМІ́ДЫЯ,

музычна-сцэнічны твор, пабудаваны на камедыйнай аснове. Тэрмін «М.к.» выкарыстоўваюць і для абазначэння такіх блізкіх жанраў як опера-буфа, камічная опера, камедыя-балет, аперэта (часам як сінонім), зінгшпіль, танадылля, вадэвіль, мюзікл. Ад класічнай аперэты адрозніваецца менш разгорнутай муз. драматургіяй (хоць устаўныя інтэрмедыйныя нумары могуць быць дастаткова працяглымі), выкарыстаннем сучасных песенных і танц.-быт. жанраў.

У 17 ст. «М.к.» — адно з абазначэнняў італьян оперы. Як самаст. жанр муз. т-ра склалася на мяжы 19—20 ст. і зацвердзілася да сярэдзіны 20 ст. Існуе ў многіх народаў і, як правіла, мае нар. песенна-танц. аснову. У Расіі М.к. фарміравалася на аснове традыцый нар. быт. камедыі і фарса, рус. камічнай оперы 18 ст., вадэвіля і зах.-еўрап. класічнай аперэты з выкарыстаннем іх вобразна-выразных сродкаў. У 20 ст. ў гэтым жанры працавалі Б.​Аляксандраў («Мая Гюзель», «На беразе Амура»), К.​Лістоў («Севастопальскі вальс»), Ю.​Мілюцін («Ціхае сямейства», «Ліхтары-ліхтарыкі»), А.​Фельцман («Паветраны замак») і інш. М.к. можа мець рысы традыц. відаў муз. т-ра ці тых, што развіваюцца, набліжаюцца да оперы (напр., азерб. твор «Аршын мал алан» У.​Гаджыбекава вызначаны аўтарам як камічная опера).

На Беларусі муз.-камедыйны характар мелі інтэрмедыі школьнага тэатра, многія сцэны лялечнага т-ра, у прыватнасці батлейкі. У 1-й пал. 20 ст. відавочнай муз.-камедыйнай накіраванасцю вызначаліся лепшыя спектаклі драм. т-раў, у т. л. «Каваль-ваявода» Е.​Міровіча з муз. У.​Тэраўскага і Л.​Маркевіча (1925), «Простыя сэрцы» С.​Заяіцкага, С.​Розанава і М.​Міцкевіча з муз. В.​Сакалова-Фядотава (1929), «Цудоўная дудка» В.​Вольскага з муз. М.​Шчаглова (1939). У 1930—40-я г. паявіліся М.к. на антырэліг. («Кухня святасці» Я.​Цікоцкага, 1931), с.-г. тэматыку з вял. колькасцю нар. песень і танцаў («Коксагыз» М.​Чуркіна, 1939; «Зарэчны барок» С.​Палонскага і М.​Іванова, 1940). У 1970—80-я г. створаны М.к., вызначаныя як «народная» («Паўлінка» Ю.​Семянякі, паст. 1973; «Несцерка» Р.​Суруса, 1975; «Калі заспявае певень» А.​Чыркуна, 1988), як «гераічная» («Пяе «Жаваранак» Семянякі, паст. 1969; «Дзяніс Давыдаў» А.​Мдывані, 1982; «Судны час» Суруса, 1984), як «М.к.» («Мільянерка» Я.​Глебава, 1986). Блізкая да жанру М.к. пастаноўка «Ідыліі» паводле В.​Дуніна-Марцінкевіча ў Нац. т-ры імя Я.​Купалы (1993), вызначаная як пастараль (кампазітар У.​Кур’ян, з выкарыстаннем музыкі С.​Манюшкі, М.​К.​Агінскага, Ф.​Шапэна). Пераважная большасць М.к. на Беларусі ставіцца ў Дзяржаўным тэатры музычнай камедыі Рэспублікі Беларусь (з 1999 Дзярж. муз. т-р Рэспублікі Беларусь).

Н.​А.​Юўчанка.

т. 11, с. 17

МУЗЫ́ЧНАЯ ФО́РМА,

гл. Форма музычная.

т. 11, с. 17

МУЗЫ́ЧНА-ЭТНАГРАФІ́ЧНАЯ КАМІ́СІЯ,

грамадска-навуковая арг-цыя, якая вывучала муз. фальклор народаў Расіі. Існавала ў 1901—21. Засн. М.Янчуком (яе нязменны кіраўнік) пры этнагр. аддзеле Т-ва. аматараў прыродазнаўства, антрапалогіі і этнаграфіі пры Маскоўскім ун-це. У рабоце камісіі ўдзельнічалі М.​Рымскі-Корсакаў, С.​Танееў, Дз.​Аракішвілі, А.​Грачанінаў, М.​Іпалітаў-Іванаў, А.​Кастальскі, Я.​Лінёва, А.​Лістападаў, М.​Лысенка, М.​Пятніцкі, Б.​Яворскі і інш. Наладжвала песенныя экспедыцыі, рэгулярныя публічныя этнагр. канцэрты (выконваліся і бел. песні), выдавала «Працы...» (1906, 1907, 1911, 1912). Фалькларыстычную дзейнасць спалучала з грамадска-асветнай (арганізацыя хар. гурткоў для рабочых, Нар. кансерваторыі, 1906; Муз. вучылішча пад кіраўніцтвам А.​Маслава, час. «Музыка и жизнь», 1908—12). Пастаянна цікавілася лёсам бел. нар. музыкі; заахвочвала збіральнікаў фальклору, рэцэнзавала песенныя зборнікі (у т. л. вып. «Беларускага зборніка» Е.​Раманава, 1910), стымулявала стварэнне апрацовак бел. нар. песень, публікавала іх у сваіх «Працах». Сабрала каля 700 бел. напеваў; з 1909 дапамагала муз. матэрыяламі арганізатарам бел. канцэртаў у Вільні. На аснове камісіі створана этнагр. секцыя Дзярж. ін-та муз. навукі.

Літ.:

Янчук Н.А. Записка об изучении народной песни и музыки и о деятельности Московской музыкально-этнографической комиссии. М., 1905;

Нісневіч С. Да гісторыі збірання, вывучэння і выкарыстання беларускіх народных напеваў // Музыка нашых дзён. Мн., 1971.

Л.​С.​Мухарынская.

т. 11, с. 16