Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

МАХНА́Ч (Уладзімір Іванавіч) (н. 25.7. 1940, в. Камеика Уздзенскага р-на Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне тэхн. кібернетыкі і інфарматыкі. Д-р тэхн. н. (1996). Скончыў Бел. політэхн. ін-т (1969). З 1969 у Ін-це тэхн. кібернетыкі (з 1986 нам. дырэктара), з 1996 нам. ген. дырэктара Н.-д. аб’яднання «Кібернетыка» Нац. АН Беларусі. Навук. працы па тэорыі і практыцы стварэння сістэм аўтаматызаванага праектавання. Распрацаваў метады мадэліравання і аптымізацыі тэхн. сістэм.

Тв.:

Автоматизация проектирования технологических процессов и средств оснащения. Мн., 1997 (у сааўт.);

Метод обобщенных аналитических представлений в упругопластической антиплоской задаче. Мн., 1998 (разам з У.​А.​Ібрагімавым, А.​Л.​Шведам).

М.​П.​Савік.

т. 10, с. 225

МАХНО́ (Нестар Іванавіч) (29.10.1889, г. Гуляйполе Запарожскай вобл., Украіна — 6.7.1934),

украінскі паліт. дзеяч, адзін з кіраўнікоў анарха-сял. паўстанцкага руху на Украіне ў 1918—21. У рэвалюцыю 1905—07 далучыўся да анархістаў (гл. Анархізм). У 1909 за забойства паліцэйскага прыстава прыгавораны да смяротнага пакарання, замененага на 10 гадоў катаргі. Пасля вызвалення (1917) вярнуўся ў Гуляйполе, дзе ў крас. 1918 узначаліў анархісцкі партыз. атрад, які змагаўся супраць памешчыкаў, укр. гетманскіх улад і аўстра-герм. акупантаў. У 1919—21 ваяваў супраць белагвардзейцаў, пятлюраўцаў і Чырв. Арміі. З восені 1919 камандаваў «Рэвалюцыйна-паўстанцкай арміяй Украіны» (30—50 тыс. чал.). Дзейнічаў імкліва і жорстка, спалучаў партыз. тактыку з дзеяннямі буйных сіл конніцы і пяхоты. Выступаў за «безуладную дзяржаву» і «вольныя Саветы», свабоду эканам. дзейнасці для сялян. Тройчы заключаў пагадненні з Сав. уладай і дзейнічаў на баку чырв. войск, але кожны раз, незадаволены палітыкай бальшавікоў у адносінах да сялянства і байцоў сваіх атрадаў, уздымаў антысав. мяцяжы. Да восені 1921 разгромлены Чырв. Арміяй, эмігрыраваў. Жыў у Румыніі, Польшчы, Францыі. Аўтар кн. «Успаміны» ( выд. 1992).

Літ.:

Белаш А.В., Белаш В.Ф. Дороги Нестора Махно: Ист. повествование. Киев, 1993;

Телицын В. Нестор Махно. М.;

Смоленск, 1998.

т. 10, с. 226

МАХНЮ́К (Алег Васілевіч) (н. 7.5.1928, в. Амбросенка Шаркаўшчынскага р-на Віцебскай вобл.),

мастак. Вучыўся ў Пастаўскай настаўніцкай семінарыі. З 1944 з бацькамі ў Германіі, дзе скончыў бел. гімназію імя М.​Багдановіча (г. Ватэнштэт), рабіў ілюстрацыі для бел. часопіса «Шляхам, жыцця». З пач. 1950-х г. жыве ў г. Саўт-Рывер (штат Нью-Джэрсі, ЗША). Працаваў на з-дзе Форда. Аўтар плакатаў, ілюстрацый для паштовак і часопісаў, дэкарацый, 5 разных іканастасаў для правасл. цэркваў (4 для бел., 1 для рускай), кургана-помніка «Змагарам за вольную Беларусь» у Саўт-Рыверы. Удзельнічае ў штогадовых выстаўках у бел. грамадскім цэнтры ў Саўт-Рыверы; яго кампазіцыі, скульптуры і рэльефы ўзнаўляюць рэаліі ранейшага вясковага жыцця на радзіме («Запрэжаны конік», «Сейбіт», «Стары селянін»), увасабляюць фалькл. персанажаў, гіст. сімвалы («Пагоня»).

В.​А.​Трыгубовіч, А.​С.​Ляднёва.

т. 10, с. 226

МАХНЮ́К (дзявочае Каліноўская) Людміла Антонаўна

(н. 2.3.1932, г. Гродна),

мастачка, грамадскі дзеяч бел. эміграцыі. Падчарка пісьменніка Я.​Золака, жонка мастака А.Махнюка. У 1944 разам з маці выехала ў Германію, дзе вучылася ў Беларускай гімназіі імя Янкі Купалы, маляванню — у М.​Кругловіча. З 1952 жыве ў ЗША. З 1973 удзельнічае ў маст. выстаўках у г. Саўт-Рывер (штат Нью-Джэрсі). Малюе акварэллю і алеем у манеры, блізкай да імпрэсіянізму, пераважна бел. краявіды, нацюрморты з кветкамі, партрэты: «Зіма» (1978), «Раніца» (1987), «Калыска ў кветках» (1991). Працуе ў б-цы. Клапоціцца пра развіццё бел. скаўтынгу.

В.​А.​Трыгубовіч, А.​С.​Ляднёва.

т. 10, с. 226

МАХО́РКА (Nicotiana rustica),

кветкавая расліна сям. паслёнавых. Пашырана ў Паўд. Амерыцы. У пач. 16 ст. завезена ў Еўропу. Культывуюць як тэхн. культуру ў Паўн. Афрыцы, Паўд. Азіі, Еўропе, у т. л. на Беларусі.

Аднагадовая травяністая расліна выш. 50—150 см з цяжкім непрыемным пахам. Корань стрыжнёвы, даўж. да 1,5 м. Сцёблы прамыя, галінастыя з залозістымі валаскамі. Лісце чаранковае, цёмна-зялёнае, з сінім адлівам, маршчыністае, круглаватае. Кветкі двухполыя, жоўта-зялёныя, у мяцёлчатай гронцы. Плод — шматнасенная каробачка. Сухое лісце М. мае да 10 % нікаціну, да 10 % лімоннай к-ты. З іх гатуюць крупку для курэння, нюхальны тытунь, тытунёвы пыл — інсектыцыд, атрымліваюць нікацінавыя мед. прэпараты (напр., вітамін РР, нікацін-сульфат), нікацін, лімонную к-ту, прэпараты для барацьбы са шкоднікамі с.-г. раслін, з узбуджальнікамі хвароб жывёл. Лек., тэхн. расліна.

Махорка.

т. 10, с. 226

МАХО́ТА (Іван Рыгоравіч) (9.6.1918, в. Папаснае Днепрапятроўскай вобл., Украіна — 21.10.1943),

удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1944). На фронце з 1942. Камандзір танк. роты старшы лейт. М. вызначыўся ў Лоеўскім р-не Гомельскай вобл.: у час варожай контратакі падбіты і ахоплены полымем свой танк ён накіраваў на батарэю праціўніка, знішчыў яе гарматы, што садзейнічала поспеху наступлення танк. батальёна; згарэў у танку.

т. 10, с. 226

МАХРО́,

вёска ў Іванаўскім р-не Брэсцкай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 19 км на Пд ад г. Іванава, 159 км ад Брэста, 19 км ад чыг. ст. Янаў-Палескі. 1287 ж., 473 двары (1999). Сярэдняя і муз. школы, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. актывістаў. Помнік сав. патрыётам. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнік архітэктуры — Махроўская Петрапаўлаўская царква.

т. 10, с. 226

МАХРО́ЎСКАЯ ПЕТРАПА́ЎЛАЎСКАЯ ЦАРКВА́,

помнік драўлянага дойлідства ў в. Махро Іванаўскага р-на Брэсцкай вобл. Пабудавана ў 1792 як уніяцкая. Складаецца з прамавугольнага ў плане асн. зруба і 5-граннай апсіды, накрытых агульным дахам з трохвугольнымі навісямі ў месцы злучэння аб’ёмаў. Гал. паўн. фасад вырашаны ў выглядзе шырокай пласціны, пры ўваходзе тамбур. Фасад падзелены на ярусы 2 развітымі карнізамі і завершаны 3 вежачкамі (бакавыя квадратныя ў плане, цэнтр. 8-гранная). Карнізы аздоблены разьбой. Каля царквы 2-ярусная чацверыковая каркасная званіца, накрытая шатром.

Т.​В.​Габрусь.

Махроўская Петралаўлаўская царква.

т. 10, с. 226

МАХРЫ́НАЎ (Рыгор Фёдаравіч) (н. 15.2.1921, с. Лысагорка Кашарскага р-на Растоўскай вобл., Расія),

удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1946), ген.-маёр авіяцыі (1968). Скончыў Варашылаўградскую ваен. авіяшколу (1940), Ваенна-паветр. акадэмію (1954). У Вял. Айч. вайну на Паўн., Ленінградскім, Паўн.-Зах., 1-м Бел. франтах. Камандзір звяна асобнага развед. авіяпалка капітан М. вёў паветр. разведку і бамбардзіроўку важных ваен. аб’ектаў ворага ў час Беларускай аперацыі 1944, вызначыўся ў раёне Брэста. Зрабіў 199 баявых вылетаў. Да 1973 у Сав. Арміі.

т. 10, с. 226

МАХТУМКУЛІ́ (каля 1733, с. Хаджыгаўшан Балканскай вобл., Туркменістан — 1780-я г.),

туркменскі паэт-мысліцель; пачынальнік туркм. л-ры. Сын Д.Азадзі. Вучыўся ў медрэсэ Шыргазі (г. Хіва). Шмат падарожнічаў, вывучаў л-ру, фальклор Сярэдняй Азіі, Азербайджана, Ірана. Захавалася больш за 10 тыс. вершаваных радкоў (вершы, паэмы, оды, элегіі; упершыню апублікаваны ў 1842). У вершах, ліра-эпічных паэмах сац.-філас. зместу асуджаў міжплемянныя спрэчкі і варожасць, выказваў пратэст супраць феад. ўціску, заклікаў да яднання ў змаганні за незалежнасць. Пісаў творы інтымнай тэматыкі. У сатыр. вершах высмейваў людскія заганы. Многія яго творы адметныя рэліг. настроем. Замяніў араба-перс. метрыку (аруз) нар. сілабічнай сістэмай, наблізіў мову паэзіі да народнай і фальклору. На бел. мову творы М. пераклалі Р.​Баравікова, Р.​Барадулін, А.​Вольскі, В.​Жуковіч, Х.​Жычка, А.​Звонак, У.​Караткевіч, А.​Клышка, В.​Коўтун, А.​Лойка, П.​Макаль, У.​Паўлаў, П.​Прыходзька, М.​Танк, У.​Шахавец.

Тв.:

Бел. пер. — Салавей шукае ружу: Выбр. лірыка. Мн., 1983;

Рус. пер. — Избранное. М., 1983;

Стихотворения. Л., 1984.

Махтумкулі.

т. 10, с. 226